6 траўня 2024, панядзелак, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенсацыйны выступ экс-памочніка Лукашэнкі

191
Сенсацыйны выступ экс-памочніка Лукашэнкі
Кірыл Руды

Кірыл Руды заклікаў абараніць бізнэс ад сілавога ціску дзяржавы.

Эканоміка сёння падае не праз рэформы, а праз тое, што іх няма. Сілавая рэакцыя на крызіс пагаршае яго. З'яўляюцца праблемы, выкліканыя не вонкавымі чыннікамі, а нашымі ўласнымі дзеяннямі, заявіў экс-памочнік прэзідэнта, пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды на «Кастрычніцкім эканамічным форуме».

Агулам жа прамова Рудога была прысвечаная таму, чаму Беларусі не патрэбныя эканамісты, і якія ўсё ж патрэбныя, піша tut.by.

Такім чынам, каму і чаму не патрэбныя эканамісты, пачаў у сваім фірмовым стылі ад адваротнага Кірыл Руды.

Першае: эканамісты не патрэбныя эканоміцы, бо не ўплываюць на яе рост.

«Наша эканоміка расла разам з ростам сыравінных рынкаў (калій, нафта) і расейскага рынку. Калі гэтыя рынкі ўпалі, і ў нас не стала эканамічнага росту. Значыць рэч не ў эканамістах. Нам проста шанцавала. Калі ў 2014 годзе пачаўся адток капіталу з краін, якія развіваюцца, і ў нас стала менш грошай.

З 2015 года ў Беларусі стала больш закрывацца прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, чым адкрывацца, скараціліся сумы іх статутных фондаў. Значыць, цяпер нам не шанцуе.

Гэта пагаршаецца тым, што эканамісты не настроеныя на рост эканомікі, а на захаванне яе структуры. Але, калі эканоміка не расце і не дае дадатковы прадукт, то за кошт чаго яе захаваць? За кошт пазык! Таму эканамісты сёння — гэта проста прадаўцы дзяржаблігацый. Але, нават у гэтым выпадку дзяржзаймы таксама павінны стымуляваць рост, а тэмпы росту эканомікі перасягаць прырост дзяржаўнай запазычанасці. У нас расце дзяржзапазычанасць як унутраны, так і за мяжой, а эканоміка падае. Значыць, эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост.

Другое: эканамісты не патрэбныя грамадству (а, значыць, і палітыкам), бо няма адчування крызісу.

У нас другі год падае ВУП і рэальныя даходы, і эканамісты ў сваіх тэорыях называюць гэта эканамічным крызісам. Але на практыцы ў грамадстве ў кожнага сваё разуменне крызісу, зыходзячы з уласнай памяці і бачання. Старэйшае пакаленне мяркуе: «галоўнае-не грошы, а каб не было вайны», сярэдняе — адштурхваецца ад 90-х «маўляў было і горш, і 30 даляраў заробак быў», нашае (Руды 1978 года нараджэння) — параўноўвае з іншымі еўрапейскімі краінамі і бачыць, «што горш, ужо няма куды». І калі няма агульнага адчування крызісу, то няма і палітычнай волі з яго выйсці, таму няма і попыту на эканамістаў.

Але гэта калектыўны падман. Па-першае, ужо цяпер крызіс не можа не мець негатыву для грамадства. Напрыклад, рост беспрацоўя на 1%, як правіла, вядзе да росту самагубстваў на 1,3%. Па-другое, сённяшняе падзенне пры росце іншых краін стварае непераадольнае адставанне на дзесяцігоддзі наперад, што адаб'ецца на будучых пакаленнях.

Трэцяе: эканамісты не патрэбныя бізнэсу, бо яны ўносяць хаос.

Па-першае, эканамісты спрабуюць заняцца не сваёй справай, а менавіта — дзяржаўным бізнэсам, і выступіць на баку прапановы. Замест дырыжавання пачынаюць самі граць у аркестры. Імкнуцца адгадаць, што будзе запатрабавана, зыходзячы з уласнага здаровага сэнсу, і туды накіраваць бюджэтныя грошы. Напрыклад, у інфраструктуру са стэрэатыпу даўгавечнасці, у сельскую гаспадарку і машынабудаванне — па інэрцыі, у іншыя сферы — як даніна модзе. Часта мяркуецца, што інвестыцыі павінны выклікаць попыт, хоць наадварот, яны павінны дыктавацца попытам. Напрыклад, падвышэнне хуткасці Інтэрнэту выкліча не бум Інтэрнэт-бізнэсу (калі для гэтага не было іншых перадумоў), а хутчэй толькі падвысіць даступнасць забаў. Таксама і падвышэнне ў рэйтынгу Doing Business — задавальняе хутчэй распрацоўшчыкаў методыкі, чым попыт з боку бізнэсу. І гэта падобна да будаўніцтва чыстага горада, у якім няма жыхароў.

Па-другое, у эканамістаў няма рэальных паўнамоцтваў, таму яны не могуць паслаць выразныя сігналы бізнэсу. Пры гэтым яны пасіўна чакаюць гэтых паўнамоцтваў, якія або канцэнтруюцца ў верхняй частцы, або перацягваюцца ўнізе паміж дырэктаратамі і кантралёрамі. Калі няма паўнамоцтваў, то прапановы эканамістаў тонуць сярод непараўнальных альтэрнатыў. У выніку ці выбіраецца звыклае, камфортнае выйсце для захавання статус-кво, або прымаецца кампраміс, непрадказальны і складаны для ўспрымання. Так з'яўляецца няпэўнасць, якая дэзарыентуе, скрыўляе стымулы, вядзе да псэўда інвестыцый і ў канчатковым выніку да хаосу.

І апошняе, каму не патрэбныя эканамісты: яны не патрэбныя самі сабе, бо не могуць самарэалізавацца.

У прынцыпе, яны ўжо ўсё прапанавалі. Так ці інакш, яны заўсёды прапануюць адно і тое ж. І ў 1990-х, і ў 2000-х, і ў 2010-х імі ўжо распрацаваныя розныя «тэорыі»: дарожныя карты, пяцігодкі, стратэгіі да 2030 года. Здавалася б, цяпер патрэбныя практыкі-тэхнакраты, здольныя ўзяць на сябе адказнасць і часам непапулярнасць за тэхнічную рэалізацыю. Але і яны не запатрабаваныя. Праходзяць гады, яны адчуваюць сваю непатрэбнасць, перастаюць верыць (перш за ўсё ў сябе) і сыходзяць у іншую самарэалізацыю.

Таму, каб сёння аднавіць эканамічны рост патрэбныя не эканамісты.

Хто ж патрэбны замест эканамістаў?

Па-першае, патрэбныя бізнэсоўцы.

Мы часам параўноўваем праблемы ў эканоміцы з вайной. Але як перамагчы ў вайне? Расейскія навукоўцы назвалі важную прычыну перамогі ў Вялікай айчыннай вайне: «асабістая ініцыятыва, якая з'явілася дзякуючы паслабленню рэпрэсій перад тварам агульнага ворага. Менавіта яна кампенсавала параліч і бездапаможнасць кіраўніцтва. Следам узнікла пачуццё асабістай адказнасці за лёс краіны, і сталі напрацоўвацца навыкі свабоды».

Таксама і падчас эканамічных крызісаў многія краіны, як, напрыклад, Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія, Цэнтральная і Усходняя Еўропа спынілі падзенне і выратаваліся, перайшоўшы да прагматызму і свабоднага бізнэсу. Відавочна, што вышэйшы эканаміст мае менш стымулаў развязваць праблемы бізнэсу, чым сам бізнэс. Таму, у перыяд спаду, каб вярнуць рост, патрэбныя перш за ўсё бізнэсоўцы.

Па-другое, патрэбныя юрысты.

Менавіта яны могуць абараніць бізнэс, пакуль ён не адужэў і расце. Але абараніць ад каго? Ад сілавога ціску дзяржавы! У гэты складаны час мы самі сталі пагаршаць сітуацыю. У нас колькасць адміністрацыйных спраў паводле эканамічных артыкулаў за 2015 год вырасла з 9 да 13 тысяч, а спагнанні накладваюцца на 9 з 10 спраў, што трапілі ў суд. Можна спрабаваць абскардзіць сілавыя дзеянні. Але такіх спроб кожны год усё менш і задавальняюцца адзінкі. Напрыклад, у 2015 годзе са 112 абскарджанняў пастаноў мытні задаволеныя толькі 6, з 78 пазоваў супраць падатковай — таксама толькі 6. Таму, каб эканоміка аднавілася, яна павінна абараняцца.

Па-трэцяе, патрэбныя сацыёлагі.

Нам трэба раскадаваць грамадства. Мы маем культурныя бар'еры, якія перашкаджаюць эканоміцы: спажывецкае стаўленне да інвестараў, да дзяржавы і адзін да аднаго, прыярытэт роўнасці над багаццем, арыентацыя на савецкае мінулае, гігантаманія, матывацыя пагрозамі (заклік да інстынктаў, а не да здаровага сэнсу), ухіленне ад адказнасці і балючых пастаноў.

З-за мяжы Беларусь часам здаецца дзіўнай краінай, але сёння мы ў трэндзе. Ідзе адраджэнне традыцыйных расейскіх каштоўнасцяў, кітайскага нацыянальнага гонару, еўрапейскага нацыяналізму, лацінаамерыканскага папулізму, брытанскага кансерватызму.

Усе гэтыя культурныя матрыцы падобныя. Напрыклад, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Ф. Хаек называў наступныя характарыстыкі брытанскага кансерватызму: "цяга да ўлады, патэрналізм, традыцыяналізм, антыінтэлектуалізм і містыцызм". Раскадаванне з дапамогай сацыялогіі неабходна, але недастаткова. Для змены мыслення трэба мяняць фармат СМІ, а паводзін — выкарыстоўваць механізмы, якія ўплываюць на несвядомыя паводзіны людзей.

Выснова

На леташняй канферэнцыі быў зроблены прагноз, што рэформы не атрымаюцца ў Беларусі ў 2016 годзе. Вядома, яшчэ год не скончыўся, і спробы былі, і штосьці па-ціхаму праведзена, але сістэмных рэформаў не атрымалася, клімат не змяніўся.

Эканоміка сёння падае ўжо дакладна не праз рэформы, а хутчэй праз тое, што іх няма. Сілавая рэакцыя на крызіс пагаршае яго. З'яўляюцца новыя праблемы, выкліканыя не вонкавымі чыннікамі, а нашымі ўласнымі дзеяннямі.

Здавалася б, менавіта тут і цяпер патрэбныя эканамісты. Але калектыўная памяць і вера ў свае сілы не дазваляюць зірнуць на праблемы вачыма эканамістаў і пакорліва дазволіць эканоміцы самой аднавіцца.

Усё гэта нагадвае кітайскую прытчу, калі мастак намаляваў на сцяне цмока, але ўвесь час баяўся, што той паляціць, таму зафарбаваў яму вочы. Таксама нашай эканоміцы як вочы патрэбныя эканамісты. Але, не тыя, што маўчаць і ўважаюць за лаяльнасць, а тыя, што папярэджваюць і ўважаюць гэта за патрыятызм.

Напісаць каментар 191

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках