За два дні да выбараў Клінтан апярэджвае Трампа на 5%
9- 6.11.2016, 12:26
- 21,068
У найбліжэйшы аўторак за кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі гатовыя прагаласаваць 48% амерыканцаў.
За рэспубліканца Дональда Трампа плануюць аддаць голас 43% выбарцаў.
Такі апублікаваны ў нядзелю раніцай вынік перадвыбарчага апытання, рэгулярна праводзіцца тэлеканалам Эй-бі-сі і газетай Washington Post, паведамляе расейская служба ВВС.
У пятніцу аналагічнае апытанне паказала суадносіны 47:44.
Былы дзяржсакратар наперадзе таксама па колькасці цвёрдых прыхільнікаў, тых, хто галасуе таму, што ім падабаюцца праграма і асоба кандыдата. Такіх сярод выбарцаў Хілары Клінтан 55% , а ў яе апанента 43%. Звыш паловы тых, хто мае намер падтрымаць Трампа, з іх слоў, робяць гэта не дзеля яго, а каб быць супраць Клінтан.
22 кастрычніка Клінтан апярэджвала Трампа на 12%, але затым шанцы кандыдатаў выраўняліся на фоне паведамлення, што ФБР аднавіла расследаванне з нагоды яе электроннай перапіскі ў бытнасць кіраўніком Дзярждэпартамента.
У суботу супрацоўнікі службы бяспекі Дональда Трампа адвялі яго са сцэны падчас выступу перад выбарцамі ў горадзе Рэно ў штаце Невада. Прычынай гэтага стала бойка ў натоўпе. Праз некаторы час Трамп вярнуўся на сцэну і завяршыў сваю прамову.
Адзін мужчына быў ненадоўга затрыманы паліцыяй, але ў яго не выявілі ніякай зброі і адпусцілі. Гэты чалавек - Осцін Крайтс - распавёў Бі-бі-сі, што яго схапілі людзі, калі ён падняў плакат «Рэспубліканцы супраць Трампа».
Раней у суботу і Дональд Трамп, і Хілары Клінтан выступілі перад сваімі прыхільнікамі ў Фларыдзе - адным са штатаў, ад якіх будзе залежаць зыход галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 8 лістапада.
У Фларыдзе і Невадзе назіраецца вялікі наплыў выбарцаў лацінаамерыканскага паходжання, якія жадаюць прагаласаваць датэрмінова.
Чакаецца, што асноўная частка іх галасоў будзе аддадзена на карысць Хілары Клінтан.