Мікалай Статкевіч - міністру абароны: Чыё войска ўтрымлівае наш народ?
74- 1.12.2016, 12:07
- 33,004
Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу задала тры пытанні Андрэю Раўкову.
Пра гэта лідар беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч напісаў у «Фэйсбуку».
«Адправілі электроннай і звычайнай поштай наступны ліст:
Міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту Андрэю Раўкову Аляксеевічу.
Мы, удзельнікі Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, занепакоеныя інфармацыяй, якая маецца ў інтэрв'ю расейскага палітолага Валерыя Салаўёва карэспандэнту «Еўрарадыё» Дзмітрыю Лукашуку.
Са слоў расейскага палітолага, сярод афіцэрскага складу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь было праведзенае «закрытае апытанне».
Паводле вынікаў апытання сярод беларускіх афіцэраў: «... 70-80% хацелі б не фармальнага, а фактычнага аб'яднання Расеі і Беларусі...».
Калі гэтыя звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, то выходзіць, што большасць афіцэраў беларускага войска прытрымліваецца антыдзяржаўных поглядаў і хочуць ліквідацыі незалежнасць нашай краіны.
Як грамадзяне Беларусі і яе патрыёты, як падаткаплацельшчыкі, на грошы якіх утрымліваюцца Узброеныя Сілы, мы патрабуем адказу на наступныя пытанні:
1. Ці праводзілася згаданае вышэй «закрытае апытанне»? Калі праводзілася, то кім і якія яго сапраўдныя вынікі?
2. Як кіраўніцтва Міністэрства абароны і вы асабіста ацэньваеце настрой афіцэрскага складу ў пытанні «фактычнага аб'яднання Беларусі і Расеі»?
3. Ці плануеце вы якія-небудзь меры для патрыятычнага выхавання афіцэраў Узброеных Сіл дзеля бясспрэчнага прыярытэту незалежнасці Беларусі, абарона якой і ёсць сэнсам іх службы?
Мы чакаем канкрэтных і прамых адказаў на гэтыя пытанні. Ад іх будзе залежаць адказ на галоўнае пытанне: ці з'яўляюцца Беларускім войскам падначаленыя вам фармаванні, якія ўтрымлівае наш народ».
На даручэнне Рады БНК ліст падпісалі Мікалай Статкевіч, Вацлаў Арэшка, Уладзімір Някляеў, Яўген Афнагель, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Герасіменка.