3 траўня 2024, Пятніца, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Міністр абароны не ўсведамляе пагрозы з усходу

37
Мікалай Статкевіч: Міністр абароны не ўсведамляе пагрозы з усходу
Мікалай Статкевіч

Задачу ў абароне краіны будзе развязваць вайсковая камісія БНК.

Пра гэта charter97.org заявіў лідар беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, каментуючы адказ з Міністэрства абароны на прапанаваныя Беларускім Нацыянальным Кангрэсам захады ў павышэнні боегатоўнасці беларускага войска.

«Адказ» міністра абароны вайсковай камісіі БНК з'явіўся сёння на сайце міністэрства. «Калі вы не згодныя з міністрам абароны — гэта вашы праблемы. Двойчы не паўтараю», — гаворыцца ў адказе.

- Як вы пракаментуеце адказ міністра абароны Андрэя Раўкова, апублікаваны на сайце міністэрства?

- Па-першае, хачу сказаць, што гэта была перапіска не з Андрэем Раўковым. Гэта была перапіска з ягоным гаспадаром. У створанай Лукашэнкам сістэме міністр не адважыцца сам прымаць пастановы і даваць адказы такім «небяспечным апазіцыянерам», як я і мае калегі па Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу. Цалкам відавочна, што «адказ» Раўкова – гэта адказ так званага «галоўнакамандуючага», агучаны ягоным міністрам абароны.

Такі адказ паказвае, што так званы «галоўнакамандуючы» не ўсведамляе ці робіць выгляд, што не ўсведамляе ўсёй сур'ёзнасці становішча. Беларусь цяпер, як ніколі, мае патрэбу ў моцным і баяздольным войску, здольным абараніць краіну ад пагроз з усіх кірункаў, а ў першую чаргу – ад усходняга суседа. Цяпер менавіта Масква пагражае сваім суседзям, развязвае войны і захоплівае тэрыторыі.

Праблема ў тым, што наша войска 20 з лішнім гадоў фармаваў рэжым Лукашэнкі. Што гэта будзе за войска, калі сам «галоўнакамандуючы» кажа, што ён «расеец са знакам якасці» і гатовы «на каленях паўзці ў Маскву»?

Вядома, цяпер у войску сярод афіцэраў ёсць значная колькасць сапраўдных патрыётаў Беларусі, але яны там далёка не на першых пасадах.

У гэтай сітуацыі вайсковая камісія БНК павінна штосьці рабіць. І першым нашым крокам, свайго кшталту выведкай, стаў вось гэта зварот да Мінабароны з прапановай па ўмацаванні абараназдольнасці беларускага войска.

Выкладзеная БНК праграма не ўзялася ніадкуль: яшчэ ў 1988 годзе, за два гады да афіцыйнага распаду СССР, я распрацаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая потым была рэалізаваная. Тады гэтая канцэпцыя была надрукаваная, падтрыманая грамадствам і ў выніку прынятая Вярхоўным Саветам, нягледзячы на актыўны супраціў аднаго маладога «дэпутата» з Магілёўскай вобласці.

Цяпер, калі пагроза незалежнасці Беларусі стала больш чым рэальнай, мы паспрабавалі звярнуцца да так званага «галоўнакамандуючага», каб зразумець: ці гатовы ён наогул выслухаць. Па-другое, мы хацелі разварушыць іх, таму што хоць бы фармальна – яны камандуючыя войскам, і яны нанятыя на грошы беларускага народа і абавязаныя яго абараняць. Па-трэцяе, мы проста павінны былі ў гэтай сітуацыі данесці нашы прапановы для ўмацавання абараназдольнасці да грамадства.

У нас не было ілюзій у тым, што прапановы БНК будуць прынятыя. І адказ Лукашэнкі, «укладзены ў вусны» ягонага міністра абароны Раўкова, кажа сам за сябе: яны проста не ў стане што-небудзь зрабіць.

Няздольныя паводле дзвюх прычын. Па-першае, яны баяцца. Баяцца таго, што калі рэальна пачнуць умацоўваць абараназдольнасць Беларусі перад пагрозай з усходу, іх вельмі хутка памяняюць іх «гаспадары». Масква пойдзе на брутальныя крокі: сваіх людзей у атачэнні Лукашэнкі ў Крамля дастаткова.

Па-другое, яны панічна баяцца беларускага патрыятычнага войска. Я ўпэўнены, што гэты так званы «прэзідэнт» сур'ёзна разглядае для сябе варыянт прадаць краіну, калі прыцісне мацней, і збегчы куды-небудзь у Венесуэлу з парай мільярдаў даляраў. А патрыятычнае войска не дазволіць яму гэта зрабіць.

Таму «жорсткі» адказ Раўкова – гэта не больш, чым адказ людзей, якія рэальна ні на што не здольныя. Гэта нагадвае сітуацыю ў сям'і: калі мужчына «не можа», ён пачынае хаміць і лаяцца. Вось так і Мінабароны нахаміла і вылаялася ў сваім «адказе».

- Што цяпер будзе рабіць Беларускі Нацыянальны Кангрэс для рэалізацыі сваёй праграмы для абароны Беларусі?

- Самае важнае: мы паведамілі беларусам, што трэба рабіць у гэтай сітуацыі, і што мы будзем рабіць.

Цяпер вайсковая камісія БНК будзе распрацоўваць наступныя крокі для рэалізацыі нашай праграмы. Сёе-тое з гэтых васьмі пунктаў немагчыма зрабіць без удзелу дзяржавы – напрыклад, падняць заробкі і пенсіі вайскоўцам або павялічыць выдаткі на абарону да 2% ВУП.

Але вельмі многае мы і беларускае грамадства зможам зрабіць і самастойна. І вайсковая камісія БНК неўзабаве вызначыць, што з гэтай праграмы беларускі народ можа зрабіць без удзелу дзяржавы. І гэтыя прапановы мы накіруем грамадству.

На жаль, мы вымушаныя займацца працай тых людзей, якія займаюць высокія вайсковыя пасады, атрымліваюць пагоны, званні і высокія заробкі за кошт народа. Але пры гэтым не ў стане абараніць свой народ. Таму, калі падатковая інспекцыя шукае цяпер «дармаедаў», ёй не трэба мудраваць: вось яны навідавоку – дармаеды ў пагонах на высокіх пасадах.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках