«Украэрарух» адмовіўся плаціць «Белавія» за вяртанне самалёта
19- 2.12.2016, 19:06
- 15,876
Украінскае прадпрыемства абслугоўвання паветранага злучэння не мае падстаў для разгляду пытання аб кампенсацыі.
Дзяржаўнае прадпрыемства абслугоўвання паветранага злучэння «Украэрарух» не вядзе перамоў з авіякампаніяй «Белавія» аб кампенсацыі за вяртанне самалёта авіякампаніі ў аэрапорт «Кіеў» (Жуляны) 21 кастрычніка. Пра гэта гаворыцца ў адказе «Украэраруха» на запыт «Українських Новин».
У адказе гаворыцца, што «Украэрарух» не мае падстаў для разгляду пытання аб кампенсацыі за вяртанне ў аэрапорт «Кіеў» самалёта «Белавія», бо дзяржпрадпрыемства не было ініцыятарам вяртання гэтага рэйса.
Як раней паведамляў charter97.org, «Белавія» заявіла аб узгадненні з украінскім бокам сумы кампенсацыі за вяртанне самалёта авіякампаніі ў аэрапорт «Кіеў» 21 кастрычніка.
22 кастрычніка кампанія «Белавія» паведаміла, што ўкраінскія службы прымусілі пілота пасажырскага самалёта пасадзіць узляцелы лайнер у «Жулянах», каб зняць з борта пасажыра, пагражаючы падняць у паветра вайсковыя знішчальнікі.
МЗС Беларусі накіраваў з гэтай нагоды Украіне ноту пратэсту.
Прэс-служба «Украэраруха» паведаміла, што вяртанне самалёта было праведзенае на патрабаванне Службы Бяспекі Украіны. Пытанне, ці сапраўды пагроза падняць знішчальнікі ў паветра мела месца, прэс-служба пакінула без каментароў.
Пазней СБУ зняпраўдзіла намер падняць знішчальнікі супраць самалёта «Белавія».
Аднак, 1 лістапада газета Лукашэнкі «Беларусь сегодня» апублікавала расшыфраваны запіс перамоў экіпажа самалёта авіякампаніі «Белавія» з украінскім дыспетчарам, які заявіў, што ў выпадку невыканання ўказанняў у паветра будуць паднятыя знішчальнікі. Пазней быў апублікаваны і сам аўдыёзапіс.
Пасажыр, праз якога вярнулі самалёт беларускай авіякампаніі «Белавія» назад у аэрапорт «Жуляны» адразу пасля вылету, падаў у суд на Службу бяспекі Украіны.