4 траўня 2024, Субота, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шорац: Уезд у цэнтр Менска будзе платным для ўсіх

57
Шорац: Уезд у цэнтр Менска будзе платным для ўсіх

А за праезд па спецыяльнай паласе для аўтобусаў кіроўцаў пачнуць штрафаваць.

Цэнтр Менска можа стаць платным для ўсіх, а за праезд па выдзеленай для грамадскага транспарту паласе могуць пачаць штрафаваць. Пра гэта паведаміў 21 снежня старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац, піша агенцтва «Мінск-навіны».

Андрэй Шорац патлумачыў, што цягам найбліжэйшых гадоў узровень аўтамабілізацыі ў Менску можа наблізіцца да крытычнага.

- Ёсць розныя тэхнічныя сродкі і розныя падыходы. Адны спецыялісты прапануюць зрабіць нязручным праезд праз цэнтр горада і выкарыстоўваць 1-е і 2-е транспартныя кольцы, каб знізіць аўтамабільныя плыні. Іншыя - абмежаваць уезд на МКАД або зрабіць яго платным для грузавога транспарту. Ёсць прапанова зрабіць платным уезд у цэнтр Менска для ўсіх удзельнікаў руху. Наша галоўная задача - зрабіць рух на грамадскім транспарце больш зручным, камфортным і хуткім, чым на асабістых аўтамабілях.

Кіраўнік Менгарвыканкама нагадаў, што цяпер на адрэзку праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да цырка выдзеленая паласа для грамадскага транспарту.

- Мы супрацоўнічаем з фірмай, якая паставіць абсталяванне, што дазваляе адсочваць, колькі аўто ўехала ў гэтую зону, - удакладніў Андрэй Шорац. - Паглядзім, як у гэтай паласе будзе рухацца грамадскі транспарт, наколькі ён паскорыцца, калі там не будзе аўтамашын. Калі такая практыка выявіцца мэтазгоднай, на асноўных праспектах вылучым зону грамадскага транспарту з поўным кантролем, выкарыстоўваючы фота- і відэафіксацыю парушэнняў, каб па ёй, акрамя грамадскага транспарту, не ездзіла ніводнае аўто - ні легкавое, ні грузавое.

Гарадскія ўлады таксама маюць намер вывучыць досвед італійскага Турына для абмежавання ўезду ў цэнтр. На думку асобных структур, якія займаюцца транспартнымі пытаннямі, у тым ліку грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя экспэртаў і сюрвеераў на транспарце» (БАЭС), Менск падобны на Турын структурай дарожнай сеткі.

- Магчыма, зробім уезд у цэнтр Менска платным для ўсіх, выкарыстоўваючы сістэму BelToll, - падсумаваў Шорац. - І кожны ўдзельнік руху будзе разумець, што, заязджаючы ў пэўную зону, ён павінен заплаціць.

Нагадаем, Менская ДАІ на прэзентацыі праграмы «Добрая дарога» сказала, што будзе разглядаць пытанне платнага ўезду ў цэнтр выключна ў тым выпадку, калі іншыя захады ў гарантаванні бяспекі дарожнага руху не зробяць належнага дзеяння.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках