2 траўня 2024, Чацвер, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрыёты з Ліды: Навошта мы плацім падаткі і трымаем такую міліцыю?

30
Патрыёты з Ліды: Навошта мы плацім падаткі і трымаем такую міліцыю?
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

У Лідзе асудзілі трох актывістаў за ўвекавечанне памяці паўстанцаў Каліноўскага.

Валерый Мінец з Ліды пакараны штрафам 105 рублёў (5 базавых), Вітольд Ашурак з Бярозаўкі Лідскага раёну аштрафаваны на 630 рублёў (30 базавых), Вадзім Лявон з Навагрудка — атрымаў папярэджанне. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 кастрычніка ў Свіслачы. Ніхто з актывістаў сваёй віны не прызнаў, піша svaboda.org.

Са слоў актывіста Вітольда Ашуркі, суд над імі ў Лідзе праходзіў згодна са знаёмым сцэнаром. Супраць удзельнікаў ушанавання памяці паўстанцаў Каліноўскага сведчылі свіслацкія міліцыянты, якія акрамя таго, як пацвердзіць, што Ашурак і Лявон былі 30-га ў Свіслачы, ускладалі кветкі да помнікаў Каліноўскаму і Траўгуту, а таксама наведалі Якушоўку і там фатаграфаваліся, нічога больш сказаць не маглі.

Ніхто з актывістаў не адмаўляў, што быў у Свіслачы, ускладаў кветкі і запальваў свечкі ля помнікаў нацыянальным героям. Лявон нават распавёў, што звяртаўся да пераапранутых міліцыянтаў, называўся ім і пытаўся: ці гэта не з'яўляецца несанкцыянаванай акцыяй, ці не парушаюць яны заканадаўства. Але яму нічога не адказалі.

Што тычыцца прысутнасці ў Свіслачы Валерыя Мінца, то міліцыянты засведчылі, што ён прыехаў толькі ў Якушоўку, але ўсё роўна, маўляў, браў удзел у акцыі. Мінец сказаў журналістам, што падаў суду сваю версію падзей.

— Справа ў тым, што спачатку пратакол на мяне быў складзены такім чынам, што я разам з усімі быў у Свіслачы, нібыта ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах і шэсці. А ўжо потым, у судзе, міліцыянты пачалі сведчыць, што я прыехаў толькі ў Якушоўку. Мае сведкі паказалі, што я прыехаў у той момант, калі з Якушоўкі ўжо пачалі раз'язджацца, і там я таксама ні ў чым не ўдзельнічаў.

Валерый Мінец сказаў, што нават на відэазапісу, які міліцыянты перадалі суду і праглядалі разам з суддзём, яго няма ні на адным з кадраў. Ён уважае, што міліцыянты ў судзе сведчылі ілжыва, і хоча падаць скаргу на іх у пракуратуру.

— Абсалютны абсурд. Я прыехаў, калі ўсё было скончана, суддзя бачыў, што мяне не было на здымках, але вынес такі прысуд. Гэта сведчыць аб тым, што справа палітычная, працягваецца палітыка запалохвання грамадзян.

Вадзім Лявон кажа, што яго толькі папярэдзілі, а не аштрафавалі, мабыць, з прычыны таго, што ў яго шматдзетная сям'я і цяжарная жонка. Але, з ягоных слоў, пастанова суда — поўны абсурд, бо такога роду меры па ўвекавечанні памяці нацыянальных герояў ўлады павінны самі арганізоўваць і праводзіць.

— А яшчэ — навошта мы плацім падаткі і трымаем такую міліцыю, якая наўмысна падводзіць нас да штрафаў і пакаранняў? Я падыходзіў да многіх міліцыянтаў у Свіслачы, называўся на камеру і пытаўся — парушаю я штосьці, ці ўзгодненая акцыя? А мне ніякіх адказаў — усё гэта зафіксавана на відэа. І ў выніку яшчэ склалі пратакол. Уважаю, што справу наогул не павінны былі разглядаць у судзе, бо нас асудзілі за ўвекавечанне нашых жа нацыянальных герояў.

Вітольд Ашурак заўважае, што яго пакаралі як рэцыдывіста, маўляў, асуджаны за гэткае не першым разам. З ягоных слоў, з моманту, як на іх склалі пратакол, было зразумела, што будзе і прысуд.

— Я ў гэтым не сумняваўся, бо гэта справа палітычная. Нас судзяць за ўвекавечанне нашых герояў, каб мы забыліся пра іх. Я ўжо не першы раз з гэтым сутыкаюся і думаю, што нічога ў іх не атрымаецца.

Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўвекавечанне паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы да сённяшняга дня былі асуджаныя дзесяць актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Свіслацкі грамадскі актывіст Юрый Глебік аштрафаваны на 40 базавых велічынь, на 10 базавых асуджаны жыхар Гародні Мікола Лемяноўскі, а таксама слонімцы Віктар Марчык і Павал Севасцян.

Васіль Клімовіч з Мастоў асуджаны на 9 базавых велічынь. Гарадзенцы Уладзімір Хільмановіч на 40 базавых, Віктар Сазанаў — на 35 базавых, Сяргей Верамеенка — на 15 базавых; кобрынскі суд асудзіў Алеся Меха на 50 базавых. Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў Віталя Гуляку на 25 базавых велічынь. Да гэтага спісу дадаліся і трое асуджаных у Лідзе.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках