2 траўня 2024, Чацвер, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Атрымаўшы «ліст шчасця», не спяшайцеся плаціць падатак на «дармаедства»

52
Алег Воўчак: Атрымаўшы «ліст шчасця», не спяшайцеся плаціць падатак на «дармаедства»
Алег Воўчак
Фотa: charter97.org

Праваабаронца апавёў, што рабіць, калі вас запісалі ў «дармаеды».

Кіараўнік інспекцыі падаткаў і збораў у Глускім раёне Р. Іларыёнаў не адказаў у сутнасці ні на адно з шасці пытанняў, якія паставіў перад чыноўнікам «беспрацоўны дармаед» Леанід Воўчак. «Падатак на дармаедства» патрабуюць, а абгрунтоўваць свае патрабаванні падатковая ўпарта не хоча. Але і Леанід Воўчак стаўся моцным арэшкам: не атрымаўшы адказы ад чыноўніка, ён накіраваў паўторны зварот, піша belprauda.org.

Леанід Воўчак мае 25 гадоў агульнага стажу, а такім чынам, паводле закона «Аб пенсійным забеспячэнні» і ўказа № 570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння» мае права не працаваць і атрымаць пенсію пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Вось толькі дэкрэт № 3 «прымушае мяне займацца працоўнай дзейнасцю насуперак маёй волі, чым парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, шэраг заканадаўчых актаў і міжнародныя Канвенцыі ААН».

Жыхар Глуска хоча пачуць адказы на свае пытанні ў сутнасці, на якія кіраўнік падатковай інспекцыі так і не адказаў. Напрыклад, дзе беспрацоўнаму браць грошы на аплату «падатку на дармаедства»? Леанід Воўчак хоча ведаць, якія канкрэтна выдаткі дзяржава панесла на яго ў 2015 годзе? Або: якім спосабам і ад каго органы падатковай інспекцыі атрымалі ягоныя персанальныя звесткі?

Сітуацыю каментуе кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

– Канстытуцыя дае выбар: працаваць або не працаваць. Паколькі «дэкрэт аб дармаедстве» фактычна змушае грамадзянаў працаваць насуперак сваёй волі, мы, праваабаронцы, раім усім атрымальнікам «лістоў шчасця» звяртацца па тлумачэнні ў падатковую інспекцыю: паводле якой методыкі кожнага канкрэтнага чалавека далучылі да «дармаедаў», якім чынам асабістыя звесткі патрапілі ў падатковую інспекцыю, хто фармаваў базу «дармаедаў». Акрамя таго, падатковай прапануецца звярнуцца ў «савет міністраў» і да Лукашэнкі з патрабаваннем прыпыніць дзеянне антыканстытуцыйнага дэкрэта № 3.

Мы спадзяваліся, што, у адпаведнасці з артыкулам 14 закона пра звароты грамадзянаў і юрыдычных асобаў, службовая асоба дасць адказ у сутнасці на ўсе пастаўленыя пытанні, а таксама прыме меры для абароны і забеспячэння парушаных правоў. Аднак чыноўнікі не адказваюць ні на адно з пастаўленых пытанняў, пра што сведчыць адказ Леаніду Воўчаку.

У той самы час падатковая інспекцыя пацвердзіла, што прымусовая праца ў Беларусі забароненая. Але настойвае, што атрымальнікі «лістоў шчасця» павінны з'явіцца ў падатковую і аплаціць «падатак на дармаедства».

Я прапаную ўсім пацярпелым зноў звярнуцца да той самай службовай асобы і запатрабаваць матываў адказу на кожнае пастаўленае пытанне. Інакш мы вымушаныя будзем звяртацца ў суд у сувязі з тым, што службовая асоба не выконвае свае прамыя абавязкі.

Не спяшайцеся плаціць «падатак на дармаедства» – няхай вам адкажуць у адпаведнасці з законам.

Існуе яшчэ адна праблема. Вядомыя выпадкі, калі працоўныя грамадзяне добраахвотна з'явіліся ў падатковую, прынеслі даведку з месца працы, аднак, як высветлілася, працадаўцы не зафіксавалі іхні заробак праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, падатковая скіроўвае іх да працадаўцаў – запатрабаваць даведкі пра ўзровень прыбыткаў. Мы мяркуем, што паводзіны працадаўцы – праблема не чалавека, які прыйшоў у падатковую, сама падатковая павінна змушаць да адказнасці нядбайных працадаўцаў. Таму мы раім грамадзянам: не звяртайце ўвагі, хай падатковая займаецца сваёй непасрэднай працай.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках