Супрацоўнікі ДАІ скардзяцца, што не атрымаюць прэмію да Новага года
86- 28.12.2016, 16:40
- 26,698
Прэміі пазбавілі ўсіх праз былога начальніка Баранавіцкай ДАІ, які збіў у п'яным стане жанчыну.
Адразу некалькі скаргаў - вусныя і адну пісьмовую атрымалі журналісты tut.by ад супрацоўнікаў ДАІ перад Новым годам. З іх словаў, усе супрацоўнікі інспекцыі ва ўсёй Беларусі да Новага года не атрымаюць прэмію.
Вось такі ліст прыйшоў у рэдакцыю напярэдадні Новага года:
«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Хочацца падзяліцца на правах ананімнасці звесткамі пра тое, што да Новага года супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўсёй рэспублікі не атрымалі прэмію (ад 300 да 500 рублёў) праз тую самую п'яную сволач, якая збіла жанчыну і падставіла ўсіх...А ў нас сем'і, дзеці, якія чакалі падарункі. Хацелася б даведацца, у чым мы вінаватыя? І чаму ўсіх супрацоўнікаў ДАІ пазбавілі прэмій за гэты інцыдэнт?
P. S. Ніколі і ні пры якіх умовах не сядайце за стырно ў нецвярозым стане! Падумайце пра сябе, пра блізкіх і родных!»
Інфармацыю пацвердзілі некалькі крыніц: да Новага года супрацоўнікаў ДАІ пазбаўляюць прэмій. Гаворка ідзе пра так званы «13 заробак» або гадавую прэмію.
- Паглядзеў разліковы лісток за гэты і за той год - розніца прыкладна ў 400 рублёў. Пазбавілі, выходзіць прэміі, - паведаміў аўтамабільны інспектар.
З чым звязанае пазбаўленне прэмій супрацоўнікаў ДАІ можна толькі здагадвацца. Пагаворваюць, што ў гэтым не апошнюю ролю адыграла трагедыя, якая адбылася ў Ляхавіцкім раёне: калі п'яны былы часовы выканаўца абавязкаў начальніка Баранавіцкай ДАІ насмерць збіў жанчыну.
- Сказалі, ёсць калектыўная адказнасць. Раз адзін мае правіну, адказваюць усе. Нам у вуснай форме данеслі гэта, - сказала крыніца.
У прэс-службе МУС не сталі каментаваць гэтыя звесткі, адзначыўшы толькі, што прэмія не з'яўляецца абавязковай часткай заробку. У кожным канкрэтным выпадку начальнік аддзялення або ўправы разглядае пытанне аб прызначэнні прэмій. Калі ў падначаленага складу з'яўляюцца нейкія пытанні аб выплаце прэміі або заробку, з гэтымі пытаннямі яму варта звяртацца да больш высокага кіраўніцтва.