19 красавiка 2024, Пятніца, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2016 годзе

13
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2016 годзе

Сайт charter97.org абвяшчае лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2016 год.

Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча сёлета ўзнагароджваюцца:

Ягор Марціновіч

ЯГОР МАРЦІНОВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Журналіст «Нашай Нівы» здзейсніў сапраўдны грамадзянскі ўчынак падчас мінулых гэтай восенню «парламенцкіх выбараў». Ягор Марціновіч зафіксаваў, што на 205-м участку 97-й акругі Менска, дзе балатавалася прадпрымальніца з АГП Ганна Канапацкая і кандыдатка ад «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, уладамі быў ўдвая завышаны прыход - з 25% да 51%. За гэта міліцыя з ужываннем сілы выдаліла яго з участка, але журналіст данёс праўду аб фальсіфікацыі вынікаў «выбараў» у Беларусі.

Ягор Марціновіч узнагароджваецца прэміяй у намінацыі «За асабістую мужнасць» за вернасць ідэалам свабоды слова пры правядзенні сваіх сумленных журналісцкіх расследаванняў.

Ігар Варашкевіч

ІГАР ВАРАШКЕВІЧ
ФОТА: ONLINER.BY

Лідар легендарнага беларускага рок-гурту «Крама» ўзнагароджваецца прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці».

«Свабоды мне дай», «Будзь разам з намі», «Слуцкая брама», «Бяжы, бяжы, хлопец» і многія іншыя песні Ігара Варашкевіча ўвайшлі ў залаты фонд музыкі беларускага Супраціву. Гурт шмат гадоў быў у «чорных спісах» Міністэрства культуры, канцэрты былі забароненыя, песні не гучалі на радыё і тэлевізіі, тым не менш Ігар Варашкевіч выстаяў, верны сваім ідэалам і прынцыпам і застаецца Рыцарам беларускага Адраджэння.

Леанід Злотнікаў

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Вядомы беларускі навуковец Леанід Злотнікаў праз сваю пазіцыю сумленнага эканаміста шмат разоў трапляў пад «забарону на прафесію». Але нягледзячы на знешні ціск, Леанід Канстанцінавіч заставаўся верным прынцыпам аб'ектыўнасці, папярэджваў аб небяспецы для беларускай эканомікі адміністрацыйна-камандных падыходаў і намагаў на правядзенні рынкавых рэформаў для рэалізацыі права беларусаў на годнае жыццё. Аўтарытэт Злотнікава пацвярджаецца дакладнасцю яго эканамічных прагнозаў.

Эканаміст узнагароджваецца прэміяй у намінацыі «За вернасць прынцыпам».

Вадзім Кабанчук

ВАДЗІМ КАБАНЧУК

Былы беларускі палітвязень, адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і арганізацыі «Край» Вадзім Кабанчук з'яўляецца прыкладам сапраўднага патрыятызму, вернасці ідэалам свабоды і незалежнасці. Усё сваё жыццё ён змагаўся за правы беларусаў размаўляць на роднай мове і атрымліваць нацыянальную адукацыю.

Сёння Вадзім як ніхто іншы разумее, што без захавання незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны не можа адчуваць сябе ў бяспецы і Беларусь. Верны прынцыпам салідарнасці ён стаў валанцёрам і, часам рызыкуючы жыццём, дапамагае ўкраінцам абараніць сваю краіну.

Вадзім Кабанчук узнагароджваецца прэміяй «За асабістую мужнасць».

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Казулін, Ігар Аліневіч, Зьміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, спартовец, чэмпіён свету па муйа-тай Віталь Гуркоў, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і яго лідар Сяргей Міхалок, «N. R. M.», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Святлана Калінкіна, Андрэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунева, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, рэжысёр Антон Цялежнікаў, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ханна Фрэй, палітычныя зняволеныя ў «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне», ініцыятыва «Студэнты супраць» і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках