Янукевіч: Мы будзем супрацьстаяць «расейскаму свету» ў Беларусі
5- 4.12.2016, 18:30
- 31,729
Са словаў старшыні БНФ, дзяржустановы садзейнічаюць актывізацыі пракрамлёўскай пятай калоны ў Беларусі.
Як супрацьстаяць агрэсіўнаму пранікненню ідэалогіі так званага «расейскага свету» ў Беларусь, - гэта праблема, сярод іншых, абмяркоўвалася на Сойме Партыі БНФ, які адбыўся ў Менску, паведамляе «Радыё Рацыя».
Са словаў яе старшыні Аляксея Янукевіча, і Беларусь, і партыя стаяць перад вялікімі выклікамі.
- Мы бачым новую хвалю інфармацыйнай атакі на Беларусь. Мы бачым, што павялічваецца і актывізуецца дзейнасць прарасейскай, пракрамлёўскай пятай калоны ў Беларусі. Часта гэта адбываецца пры садзейнічанні пэўных дзяржаўных устаноў. І гэтаму трэба супрацьстаяць, бо такая дзейнасць падрывае незалежнасць Беларусі, прычыняе шкоду і пагражае самому дзяржаўнаму суверэнітэту.
Са словаў Аляксея Янукевіча, Партыя БНФ запланавала шэраг зваротаў паводле ўсіх канкрэтных фактаў антыбеларускай актыўнасці так званага «расейскага свету» ў Беларусі. Такія звароты будуць накіраваныя ў шэраг дзяржаўных устаноў: у Пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрствы інфармацыі, адукацыі, культуры, абароны, у апарат упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама кіраўніцтву беларускай праваслаўнай царквы.