18 траўня 2024, Субота, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Баранавічах дзяўчынка пасля прышчэпкі ад грыпу трапіла ў рэанімацыю

42
У Баранавічах дзяўчынка пасля прышчэпкі ад грыпу трапіла ў рэанімацыю

Пяцігадовай Карыне Навіцкай у дзіцячым садзе №51 у другой палове кастрычніка зрабілі прышчэпку ад грыпу.

Праз некаторы час прама ў групе дзяўчынцы стала дрэнна – яна стала задыхацца, на целе з'явіліся плямы. Хуткая даставіла Карыну ў рэанімацыю, піша intex-press.by.

Дзень, калі выхавальніца паведаміла, што Карыне пасля прышчэпкі ад грыпу стала дрэнна, Таіса Навіцкая, мама дзяўчынкі, успамінае падрабязна:

– Муж быў дома на бальнічным, мы селі ў машыну і прыехалі ў дзіцячы сад. Калі ўбачылі Карыну, яна была млявай, шчокі моцна пачырванелі, пачалі апухаць вочы, дыханне стала цяжкім, на целе выступілі плямы, якія яна спрабавала расчасаць. Праз дзве хвіліны да садзіка пад'ехала хуткая дапамога.

Дзяўчынка дзень правяла ў рэанімацыі і яшчэ тыдзень у стацыянары дзіцячай бальніцы.

Дагэтуль не было алергіі

Пра тое, што будзе праводзіцца вакцынацыя, Таісу Навіцкую ў дзіцячым садзе папярэджвалі. Гараджанка была не супраць і на знак сваёй згоды паставіла подпіс у спецыяльным дакуменце для бацькоў.

У Карыны, са слоў Таісы, ні разу не было алергіі на прышчэпкі. Летась дзяўчынцы рабілі прышчэпку ад грыпу, і яна добра яе перанесла. Тое, што сёлета вакцына ад грыпу іншая – беларуская, а не расейскай вытворчасці як у 2015-м, мама Карыны ведала. Але не надала гэтаму ніякага значэння.

– У прыёмным пакоі, куды Карыну прывезла хуткая дапамога, лекары сказалі, што ў дачкі, імаверна, здарылася алергічная рэакцыя на курыны бялок, які змяшчаецца ў вакцыне, – кажа Таіса.

Гараджанка здзіўляецца, як такое можа быць, бо яна дадае курыныя яйкі ў гатовыя стравы накшталт катлет, і ні разу арганізм дачкі не зрэагаваў на іх падобным чынам. І за пяць гадоў у Карыны не было алергічных рэакцый на прадукты харчавання. У самой Таісы ўжо больш за дзесяць гадоў алергія на пыл і на метал.

«Алергічнай рэакцыі на прышчэпку не было»

У адказе на афіцыйны запыт журналістаў галоўная лекарка Баранавіцкай гарадской дзіцячай бальніцы Эльміра Багдановіч паведаміла, што сёлета «выпадкаў алергічнай рэакцыі на прышчэпку супраць грыпу ў г. Баранавічы і Баранавіцкім раёне зарэгістравана не было».

Пры гэтым медыкі пацвярджаюць, што выпадак шпіталізацыі дзіцяці з дашкольнай установы з падазрэннем на алергічную рэакцыю на вакцынацыю супраць грыпу ў кастрычніку гэтага года сапраўды быў. «Дзіця абследавалі, алергічная рэакцыя на вакцынацыю не пацвердзілася» – дадзены кароткі адказ на пытанне аб стане дашкольніцы.

– Алергія вельмі індывідуальная і непрадказальная, а алергічную рэакцыю магло справакаваць што заўгодна, – кажа дзіцячы лекар-алерголаг Берасцейскай гарадской дзіцячай паліклінікі №1 Вольга Мушыц. – Дзяўчынка магла з'есці цукерку да вакцынацыі або такую рэакцыю магла выклікаць прастуда, якой дзяўчынка перахварэла да вакцынацыі, напрыклад.

Ацэнку стану здароўя дзіцяці перад вакцынацыяй дае педыятр. Лекар павінен вымераць тэмпературу цела і ўдакладніць алергічны анамнез. Калі ёсць тэмпература, насмарк, а горла чырвонае, прышчэпку павінны адмяніць.

Карыне забаранілі рабіць прышчэпкі

Сёння Карына адчувае сябе добра і ўжо наведвае дзіцячы сад. Адзінае – пасля таго, што здарылася, дзяўчынка стала баяцца лекараў.

– Нас выпісалі з лякарні, сказалі, што трэба скарэктаваць рацыён, – кажа Таіса. – Напэўна, пойдзем з дачкой да алерголага і зробім тэст, каб высветліць, на што ў яе можа быць алергія.

Баранавіцкія медыкі забаранілі рабіць якія-небудзь прышчэпкі дзецям Таісы Навіцкай (акрамя Карыны ў яе ёсць двухгадовы сын), таму што «можа быць рэакцыя».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках