СМІ: Прычынай сутыкнення цягнікоў у Нямеччыне стаў чалавечы фактар
2- 10.02.2016, 9:31
- 8,332
Адзін з дыспетчараў адключыў аўтаматычную сігнальную сістэму.
Прычынай аварыі ў Нямеччыне, у выніку якой сутыкнуліся цягнікі, паводле папярэдніх звестак стаў чалавечы фактар.
Пра гэта паведамляе Redaktions Netzwerk Deutschland.
«Адзін з дыспетчараў адключыў аўтаматычную сігнальную сістэму, каб прапусціць цягнік, што спазняўся, «уручную». Ён павінен быў трапіць на разгалінаванне шляхоў своечасова і пры гэтым адысці ад сустрэчнага цягніка. Аднак ён не паспеў да прызначанага часу, а другому цягніку далі зялёнае святло. Першы цягнік паехаў паводле ўказання дыспетчара, нягледзячы на тое, што гарэла чырвонае святло», - цытуе паведамленне «Украінская праўда».
Пры гэтым адзначаецца, што афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не было.
Як вядома, у выніку лабавога сутыкнення двух пасажырскіх цягнікоў у Верхняй Баварыі загінулі 10 чалавек.
Яшчэ больш за 80 чалавек атрымалі раненні, 18 з іх - цяжкія. Грамадзян Украіны сярод загінулых і цяжкапараненых няма.