Ларан Фабіюс пакідае пасаду кіраўніка МЗС Францыі
1- 10.02.2016, 17:03
- 5,775
Міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс заявіў аб тым, што пакідае пасаду, якую ён займаў з 2012 года.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд мае намер прызначыць 69-гадовага Ларана Фабіюса старшынём Канстытуцыйнай рады, паведамляецца ў заяве Елісейскага палаца, паведамляе расейская служба ВВС.
Яго пераемнік пакуль не абвешчаны, пра пастанову ўрада павінна стаць вядома ў найбліжэйшыя дні.
Фабіюс раней распавёў, што адзінае, пра што ён шкадуе за ўвесь час на пасадзе міністра, - нязгода свету з французскай пазіцыі аб Сірыі.
Парыж настойваў на ваенным умяшанні разам з войскам ЗША ў сірыйскім канфлікце ў 2013 годзе.
Функцыі Канстытуцыйнай рады Францыі нагадваюць працу канстытуцыйнага суда ў іншых краінах, аднак французская рада не мае права скасаваць дзейны закон ці праверыць канстытуцыйнасць законаў са сваёй ініцыятывы.