Ёрг Форбрыг: Еўразвяз паводзіцца несумленна ў дачыненні да Беларусі
37- 29.02.2016, 11:08
- 35,753
Скасаваўшы санкцыі, ЕЗ прыняў умовы гульні дыктатара Лукашэнкі.
Нядаўна міністры замежных спраў ЕЗ дамовіліся аб зняцці большасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі, якія былі ўведзеныя ў сувязі з цяжкай сітуацыяй у галіне правоў чалавека ў краіне. Скасаванне санкцый азначае, што 1 сакавіка 170 дзяржаўных чыноўнікаў (у тым ліку Лукашэнку) і тры беларускія кампаніі будуць выдалены са спісу, прысутнасць у якім цягнула за сабой візавыя санкцыі і замарожванне актываў.
Некаторыя крытыкі кажуць, што прагрэс на месцах быў мінімальным і беларускія чыноўнікі атрымалі паблажкі заўчасна. Адным з такіх крытыкаў з'яўляецца дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала Ёрг Форбрыг.
Спецыяльна для сайта charter97.org з экспэртам пагаварыў журналіст Сант'яга-дэ-ла-Прэсіла.
- Што азначае зняцце санкцый для стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю?
- У прынцыпе, гэта азначае, што ЕЗ прымае ўмовы гульні Лукашэнкі. Лукашэнка і ягоны ўрад ужо даўно казалі, што гэтыя санкцыі бескарысныя, што яны не акажуць ўплыву на паводзіны Беларусі. Скасаваўшы гэтыя санкцыі, ЕЗ у сутнасці прыняў гэтыя ўмовы, ён прызнае, што Беларусь не збіраецца мяняць сваю палітычную сістэму, не зацікаўленая ў больш глыбокай інтэграцыі з Еўропай, але хоча мець супрацоўніцтва і стасункі, асабліва на тэхнічным і эканамічным узроўнях.
Сігнал, пасланы намі цяпер, азначае, што ЕЗ адмаўляецца ад надзеі бачыць у доўгатэрміновай перспектыве дэмакратычную і рэфармаваную Беларусь. Гэта, відавочна, шмат у чым з'яўляецца трыумфам Лукашэнкі, ён бачыць у гэтым пацверджанне сваёй пазіцыі.
Пытанне, відавочна, гучыць так: як мы апынуліся ў такім становішчы? Чаму ЕЗ пасылае сігнал, які азначае адмову ад уласных прынцыпаў? ЕЗ сцвярджае, што ў яго аснове ляжаць правы чалавека, дэмакратыя, выбары і вось цяпер мы пасылаем беларусам сігнал, што мы часова адключаем гэтыя каштоўнасці і прынцыпы ва ўзаемадзеянні з вамі. Гэта вельмі дрэнны сігнал.
- Наколькі моцна зняцце санкцый звязана з Менскімі дамовамі, а не меркаванымі паляпшэннямі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі? Рыторыка ЕЗ, падобна, абапіраецца толькі на вызваленне палітвязняў у жніўні мінулага года.
- ЕЗ выдае гэтыя «маленькія крокі» за прагрэс. Адзіным сігналам, які Беларусь паслала Еўропе, сапраўды было вызваленне апошніх палітычных зняволеных у жніўні, што, аднак, заўсёды было галоўным патрабаваннем ЕЗ.
Тым не менш, няма ніякіх гарантый, што ў найбліжэйшы час не з'явяцца новыя палітычныя зняволеныя - ніводны з палітычных зняволеных не быў рэабілітаваны, яны па-ранейшаму пазбаўленыя цэлага шэрагу грамадзянскіх правоў, бо з'яўляюцца былымі асуджанымі.
За выключэннем гэтага, «выбары» не былі праведзены нашмат лепш, чым у папярэднія разы. Адзінае адрозненне ад папярэдніх «выбараў» было ў адсутнасці гвалту з боку міліцыі, але гэта ў большай ступені звязана з адсутнасцю маштабных пратэстаў пасля «выбараў». Калі няма пратэстаў, вам не трэба выкарыстоўваць міліцыю. Ім агулам атрымалася стварыць сітуацыю, у якой не было ніякіх пратэстаў. Пратэсты адсутнічалі, таму што палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць сістэматычна знішчаліся цягам шэрагу гадоў.
Першапачаткова меркавалася замарозіць санкцыі, а не спыніць іх дзеянне, каб Беларусь магла ўнесці паляпшэнні ў выбарчае заканадаўства. Нічога з гэтага не адбылося. Так што, калі ЕЗ бачыць тут прагрэс, я думаю, што ён у асноўным надуманы, нічым не абгрунтаваны. Калі вы прааналізуеце справаздачы па Беларусі ў галіне правоў чалавека, напісаныя ўнутры і за межамі краіны, вы ўбачыце, што нічога не змянілася. Гэты пункт гледжання падзяляе таксама спецдакладчык ААН у Беларусі. Таму я не разумею, дзе Федэрыка Магерыні або польскі ўрад бачаць прагрэс. Яго проста не існуе.
- Такім чынам, ЕЗ паводзіць сябе занадта мякка ў дачыненні да Беларусі?
- ЕЗ паводзіцца несумленна. ЕЗ у сутнасці дае падставы для скасавання санкцый, якія не ўжываюцца. Гэта азначае, што ён, мабыць, скасоўвае гэтыя санкцыі з іншых прычынаў.
Я думаю, што на гэта ёсць некалькі прычын, і адна звязаная з геапалітычнай сітуацыяй. Расейскі рэвізіянізм распаўсюджваецца не толькі на Украіну, ён таксама адносіцца і да Беларусі, гэта вельмі добра разумеюць у Менску. Я таксама думаю, што гэта разумеюць і ў заходніх сталіцах. Менск і Брусэль проста кажуць, што абсалютным прыярытэтам на гэты момант з'яўляецца ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці і суверэнітэту, таму што калі мы не зробім гэтага на гэтым этапе, Беларусь можа патрапіць ва ўлонне Расеі, калі Масква раптам наважыць павялічыць ціск, няхай гэта будзе ў эканамічным , палітычным і вайсковым стаўленні.
Другі аспект заключаецца ў тым, што для многіх людзей на Захадзе Усходняя Еўропа з'яўляецца неспакойным рэгіёнам. Мы бачым Расею і яе дзеянні, мы бачым Украіну, дэстабілізаваную вайной, мы бачым палітычныя ўзрушэнні ў Малдове. Здаецца, што гэтыя хваляванні распаўсюджваюцца далей. У гэтай сітуацыі Беларусь здаецца адзіным астраўком стабільнасці ў рэгіёне. Як бы мы ні крытыкавалі ўнутраную сітуацыю ў Беларусі, шмат хто на Захадзе проста хочуць, каб стабільнасць у Беларусі перамагла. ЕЗ перабольшвае ролю Лукашэнкі, ён не быў пасярэднікам, ён быў прымаючым бокам. Ён паводзіць сябе так, як быццам ён адыграў актыўную ролю ў пасярэдніцтве, і Захад прымае гэты пункт гледжання.
Трэці і апошні пункт звязаны з тым, што Брусэль уважае, што санкцыі не мелі плёну. Перш за ўсё, я думаю, што гэта не так, бо, калі б не было ніякіх санкцый, палітычныя зняволеныя маглі наогул не выйсці на волю. Палітычныя зняволеныя былі вызваленыя ў 2009 годзе пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі, зняволеныя за падзеі 2010 года зараз вольныя, таму што гэтага выразна патрабаваў ЕЗ.
- Што гэта значыць для апазіцыі ў Беларусі? Яны як быццам губляюць упэўненасць у сабе са стратай падтрымкі з боку ЕЗ.
- Я ў прынцыпе згодны з большасцю аргументаў, што прыводзяцца апазіцыяй, гэта ставіць іх у вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Небяспечнае, таму што ў мінулым, калі было змякчэнне чаканняў у дачыненні да беларускага ўраду, пацярпелі сябры грамадзянскай супольнасці: незалежныя сродкі масавай інфармацыі, палітычная апазіцыя. На нейкім этапе іх заўсёды душылі, там заўсёды ішло вяртанне да больш рэпрэсіўнай атмасферы. Рызыка заключаецца ў тым, што гэта адбудзецца зноў.
ЕЗ таксама пасылае вельмі выразны сігнал беларусам, што мы шануем стабільнасцю, якая спадарожнічае статусу-кво. Гэта выбівае глебу з-пад ног людзей, якія хочуць змяніць краіну да лепшага. Усё гэта вельмі падобна на матыў прапагандысцкай сістэмы Лукашэнкі. Гэта не варта ЕЗ.
У гэтым заключаецца наша ідэнтычнасць, калі б не было гэтых каштоўнасцей, ЕЗ быў бы проста яшчэ адной зонай свабоднага гандлю ў свеце. Калі мы так лёгка адмаўляемся ад гэтых прынцыпаў у дачыненні да Беларусі, як мы будзем выконваць іх у дачыненні да Расеі? Расея вельмі рада такой пастанове. Яна ўмацоўвае яе пазіцыі.
Лукашэнка ўжо даўно балансуе паміж Усходам і Захадам, у залежнасці ад таго, што яму трэба. Беларусь на 100% залежыць ад Расеі, яна нічога не можа зрабіць супраць волі Расеі.
Доктар Ёрг Форбрыг з'яўляецца дырэктарам Фонду для дэмакратыі ў Беларусі Нямецкага фонду Маршала. Ён таксама пастаянна публікуецца, у тым ліку як калумніст, у такіх буйных міжнародных СМІ, як The New York Times, Financial Times, CNN, EU Observer, Neue Züricher Zeitung і Süddeutsche Zeitung.
Сант'яга-дэ-ла-Прэсіла працуе палітычным каментатарам у Варшаве, ён піша артыкулы для выданняў Warsaw Business Journal і Visegrad Insight. У асноўным яго матэрыялы закранаюць пытанні еўрапейскай і замежнай палітыкі, а таксама ўкраінскага крызісу.