7 кастрычнiка 2024, панядзелак, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Цяпер выходзяць пратэставаць самыя розныя сацыяльныя групы

43
Мікалай Статкевіч: Цяпер выходзяць пратэставаць самыя розныя сацыяльныя групы
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: MAXIM NIKITKA-MIROVICH

Палітык тлумачыць, да чаго павінны прывесці вулічныя акцыі.

У чарговай перадачы серыі «Інтэрв'ю тыдня» на «Радыё Свабода» палітык, былы палітвязень Мікалай Статкевіч задаецца пытаннем, чым займалася апазіцыя апошнія 5 гадоў, тлумачыць, да чаго павінны прывесці вулічныя акцыі, і хто сярод палітычных лідараў тарпедуе ідэю правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

«Вулічны пратэст уваходзіць у масавую свядомасць як нешта натуральнае»

- Калі вы выйшлі на свабоду, то з іроніяй казалі пра свае «15 хвілінах славы» - некалькі тыдняў, калі ўвага будзе прыкавана да вас. Вы тады давалі першасныя ацэнкі грамадскім настроям у Беларусі. Цяпер, праз паўгода, ці мяркуеце вы, што тыя ацэнкі былі адпаведныя і дакладныя? Ці нешта змянілася ў вашым разуменні таго, у якім стане цяпер грамадскае меркаванне і настроі людзей?

- Я думаю, што тыя ацэнкі былі верныя. Але цяпер грамадства змянілася, бо расце сацыяльная напружанасць і пачуццё тупіка, у які Лукашэнка завёў краіну. Людзі пачынаюць разумець, што пры гэтай уладзе лепш ужо не будзе. Разам з тым стала змяняцца і само грамадства - і ў гэтым ёсць частка і маёй працы.

Я выкарыстаў свае некалькі месяцаў увагі, каб разварушыць грамадства, пашырыць прастору свабоды. Праз 5 гадоў зноў у цэнтры Менска пачалі праходзіць мітынгі апазіцыі. Я свой капітал, які непазбежна будзе разбурацца (натуральна або кімсьці свядома) проста выкарыстаў для таго, каб вярнуць беларусам права на пратэст. Далей гэты працэс ужо набыў дынаміку - цяпер розныя сацыяльныя групы выходзяць пратэставаць.

Улада сама загнала сябе ў такую сітуацыю, што дазволіць акцыю яна амаль не можа - таму сутыкаецца з несанкцыянаванымі, на якія жорстка рэагаваць яны сёння не могуць. Грамадства мяняецца, і ў гэтым я бачу і плён сваёй працы.

- Але колькасць удзельнікаў гэтых акцый пакуль не нарастае. Не ўдаецца стварыць эфекту снежнага кома, калі колькасць будзе павялічвацца. Чаму гэтага пакуль не адбываецца?

- Я не разлічваў на «снежны ком» цяпер, я не ставіў такой задачы. Была задача - вярнуць вулічны пратэст у палітычны парадак дня Беларусі. Масавымі акцыі могуць стаць тады, калі ў людзей з'явяцца надзеі. Пакуль альбо выходзяць ідэалісты (за ідэю), альбо пэўныя сацыяльныя групы, якія спрабуюць развязаць свае праблемы. Галоўнае - вулічны пратэст уваходзіць у масавую свядомасць як нешта натуральнае. Але час яшчэ не прыйшоў, у нас яшчэ ёсць куды падаць. Мы напярэдадні драматычных падзей, так як сацыяльная напружанасць будзе расці.

«Разгон і арышты яны ўжо не могуць сабе дазволіць - улада паказвае пэўную слабасць»

- Надзея з'яўляецца ў людзей, калі яны бачаць, што ўлада пачала хістацца. Пакуль улада, як здаецца, стаіць жалезабетонна. Ці не так?

- Ужо няма такога адчування. Памятаеце, пасля так званых выбараў, калі яны вымушаныя былі «трываць», - Лукашэнка заявіў: усё, «дэмакратыя» скончылася. Але грамадскасць сказала - не. Безумоўна, ёсць гэтыя штрафы, вось мне чарговая паперка прыйшла на штраф, у суд. Але разгонаў і арыштаў яны ўжо не могуць сабе дазволіць - улада паказвае пэўную слабасць.

- Вы цяпер знайшлі агульную мову з Анатолем Шумчанкам, разам з ім падалі заяўку на правядзенне шэсця. І гэта для многіх было даволі дзіўна, бо Шумчанка звычайна цураецца апазіцыйных палітыкаў. Чым вам атрымалася яго прыцягнуць?

- Я з Анатолем знаёмы вельмі даўно. І ў сваіх стасунках з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ніколі не засведчыў сябе як чалавек, які хоча ад іх нешта атрымаць. Акрамя таго, саміх прадпрымальнікаў падманулі: паабяцалі ім развязаць іх праблемы, але наўзамен каб яны адклікалі заяўку. І пасля гэтага яны звярнуліся да, мабыць, галоўнага апанента ўлады.

І я не магу застацца ў баку, калі стаіць пытанне пра лёс соцень тысяч людзей, якім трэба карміць свае сем'і. Гэта таксама праблема для мільёнаў людзей, якія хочуць купляць якаснае і таннае, а ўлада заганяе іх купляць дарагое і дрэннае.

- Вось вы зараз сказалі пра сябе - «мабыць, галоўнага апанента ўлады». Наколькі гэтую ацэнку падзяляюць іншыя апазіцыйныя лідары? Наколькі сёння ёсць паразуменне з вамі на асабістым узроўні ў іншых дэмакратычных палітыкаў?

- Гэта не мая асабістая ацэнка. Гэта ацэнка Лукашэнкі яшчэ ў 2011 годзе. Ён прыехаў у Шклоў, меў там сустрэчы з кіраўніцтвам калоніі і ставіў там задачы асабіста па мне. І тады сказаў - усіх выпушчу, але гэты вораг дзяржавы нумар 1 будзе сядзець. І я думаю, што гэтая ацэнка не памянялася, - гэта бачна паводле вынікаў.

5 гадоў у Беларусі не было ніводнага мітынгу. Жанчыны - дзякуй ім - выходзілі каля касцёла памаліцца. Але гэта ўсё. Гэта што такое? Калі казаць шчыра - чым займалася ўся апазіцыя?

Мужчынам уласцівыя амбіцыі і завышаныя ацэнкі - ад гэтага нікуды не падзецца, і вельмі часам цяжка дамовіцца. Таму я падтрымаў ідэю правядзення кангрэсу дэмакратычных сілаў. Я ні ў якай меры не хачу, каб гэты кангрэс выбіраў нейкага галоўнага апанента Лукашэнкі. Аб'яднанне неабходна, гэта відавочна ўсім, любому простаму чалавеку. Гэта першы крок, ён быў ва ўсіх краінах свету, дзе змагаліся з дыктатурай. Ён універсальны.

Я не разумею, чаму правацэнтрысцкі блок устараняецца на сёння ад аб'яднання.

- Калі вы ўжо пачалі казаць пра Кангрэс, - то ці можаце вы сумленна сказаць, што на сёння тарпедуе гэтую ідэю?

- У сутнасці мы дагэтуль не маем яснай пазіцыі БНФ. Яны запрасілі на сойм, выставілі свае патрабаванні, мы іх падтрымалі. Але цяпер я не бачу ніякай рэакцыі з таго боку.

Ну і правацэнтрысцкая кааліцыя. Там усё кажуць пра кансенсус, спасылаюцца адзін на аднаго - але ў асноўным паказваюць на Анатоля Лябедзьку, нібыта менавіта ён супраціўляецца ідэі кангрэса.

Кангрэс адбудзецца ў любым выпадку. Бо ў рэгіёнах падтрымка яго відавочная, людзі разумеюць неабходнасць яго правядзення.

- Пакуль улада вельмі актыўна сябе стрымлівае - відавочна, не таму, што яна раптам стала вегетарыянскай, а праз вонкавы фактар. Колькі яна яшчэ будзе трываць «разгул дэмакратыі»?

- Улада насамрэч стрымлівае сябе, але машына падаўлення, створаная ёй, нікуды не дзелася. Цяпер у іх там фрустрацыя, замест загада «фас» гучыць каманда «фу» - яны не разумеюць, у чым справа, яны сумеліся. Але яны нікуды не дзеліся, яны ёсць і гатовы да дзеяння.

Сапраўды, тут важны знешні фактар. Але не толькі грошы, але і неабходнасць палітычнай падтрымкі Еўропы перад тварам расейскай пагрозы, якая расце.

Наколькі доўга гэта будзе стрымліваць? Калі зразумеюць, што Еўропа гатовая саступаць далей - то гэта можа спыніцца. Калі гэтыя пратэсты выльюцца ў сапраўдную, рэальную пагрозу існаванню рэжыму, то рэжым паспрабуе ўжыць сілу. Я кажу «паспрабуе», бо працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, закранаюць і сілавыя структуры. Гэта такія ж нашы грамадзяне, якія плацяць за камунальныя паслугі, ходзяць у крамы.

Пакуль жа ўлады сябе стрымліваюць - для таго, каб на фоне расейскай пагрозы захоўваць нейкае паразуменне з Еўропай.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках