7 траўня 2024, aўторак, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры - уладам: Замест павышэння пенсіённага ўзросту скараціце міліцыю

29
Пенсіянеры - уладам: Замест павышэння пенсіённага ўзросту скараціце міліцыю
Фота: БелТА

Да такой высновы прыйшлі пенсіянеры, параўнаўшы статыстычныя звесткі ў розных краінах.

Улада ставіць беларусаў перад выбарам: павысіць пенсійны ўзрост або знізіць сумы пенсіі, пры гэтым пытанне скарачэння неапраўданых дзяржаўных выдаткаў нават не разглядаецца.

Грамадскае аб'яднанне беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» супаставіла пенсійны ўзрост у розных краінах, працягласць жыцця, сярэднюю суму пенсій і колькасць супрацоўнікаў міліцыі, прыйшоўшы да высновы - перш чым павышаць пенсійны ўзрост, неабходна скараціць у краіне колькасць міліцыі.

Улада прызналася, што ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва паўсталі сур'ёзныя праблемы з напаўняльнасцю і, на яе думку, у краіны ёсць толькі два выйсця - павысіць пенсійны ўзрост, альбо панізіць і без таго жабрацкую суму пенсіі.

Другі варыянт апынуўся непрымальны ў прынцыпе нават для ўлады, таму наша «сацыяльна-арыентаваная» дзяржава прапанавала тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту - 60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын; 60 гадоў для жанчын і 63 для мужчын; 58 для жанчын і 63 для мужчын.

Iншых мераў выратавання пенсійнай сістэмы нашай краіны дзяржава не прапануе, нягледзячы на тое, што гэтая пастанова для значнай часткі нашага насельніцтва з'яўляецца фатальнай.

Так, улічваючы, што сярэдняя працягласць жыцця мужчын у нашай краіне складае 64 гады (а ў сельскай мясцовасці яшчэ ніжэй), то ім прапануецца пажыць на пенсіі ўсяго адзін год (у самых лепшых «сцэнарах»).

Гэтую сумную статыстыку, як і многае іншае, абыходзяць бокам дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Так, напрыклад, дзяржаўнае агенцтва БелТА прыводзіць інфармацыю выключна аб пенсійным узросце, «забываючы» пра іншыя аспекты пенсійнай сістэмы.

Каб дапоўніць гэты прабел, аб'яднанне «Наша пакаленне» наважыла дадаць свае «графы»:

Паказчык «колькасці» супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва быў узяты зыходзячы з таго, што, па-першае, яны нясуць вялікую нагрузку на бюджэт, бо нічога не вырабляюць, атрымліваючы заробак з «народных грошай», а па-другое - гэтая катэгорыя насельніцтва выходзіць на пенсію значна раней за звычайных грамадзян. Як бачым, гэты паказчык мае значэнне.

Безумоўна, для лепшага аналізу неабходна прывесці іншыя звесткі - такія, як наяўнасць ільгот або магчымасць пакідаць пенсію ў спадчыну, але ў гэтым выпадку наша краіна будзе выглядаць зусім ужо ніякавата. Беларусь таксама не можа пахваліцца працягласцю жыцця (асабліва ў мужчын) сярод іншых краін, за выключэннем Украіны і Расеі.

Таксама прапануецца звярнуць увагу на тое, што сярэднія пенсіі ў развітых краінах не ўлічваюць «дадатковыя» бонусы ў выглядзе страхавых «полісаў» і недзяржаўнага пенсійнага забеспячэння.

Дзяржаўнай прапагандай распаўсюджваецца інфармацыя адносна «планаваных» павышэнняў пенсіённага ўзросту ў іншых краінах. Так, напрыклад, сёння ў Польшчы абмяркоўваецца пытанне не павышэння, а паніжэння гэтай планкі.

Акрамя таго, чамусьці замоўчваецца сама працэдура абмеркавання гэтага пытання. Так, напрыклад, пенсійная рэформа ў Славакіі абмяркоўвалася цягам сямі гадоў абсалютна з усімі зацікаўленымі бакамі - профільнымі грамадскімі арганізацыямі, прафсаюзамі, палітычнымі фракцыямі.

Ва ўсёй гэтай гісторыі з павышэннем узросту для нас ёсць адна відавочная рэч - гэтая праблема паўстала не ўчора, ёй ужо шмат гадоў і незалежныя экспэрты і аналітыкі даўно папярэджвалі аб тым, што пенсійнай сістэме неабходныя сур'ёзныя рэформы.

Абсалютна ніхто не перашкаджаў, напрыклад, спрасціць формулу разліку пенсіі і, тым самым, зрабіць пенсійны фонд больш празрыстым і адкрытым, а значыць прывабным для адлічэнняў; ніхто не перашкаджаў улады стымуляваць пажылых людзей працаваць на пенсіі (калі б сёння палова пенсіянераў працавала, павышэнне пенсійнага ўзросту не было б такім балючым); ніхто не перашкаджаў развіваць страхавы рынак у гэтым кірунку, што таксама змякчыла б гэткую непапулярную меру ў пенсійнай рэформе.

Але беларускай уладзе трэба ўсё і адразу і, пажадана, за кошт насельніцтва. У выніку нам прапануюць толькі два варыянты - павысіць узрост ці панізіць суму пенсіі, але нават не разглядаюць пытанне скарачэння дзяржаўных выдаткаў.

Ніхто не кажа аб скарачэнні раздзьмутага чыноўніцкага апарату і МУС; аб спыненні датацый дзяржаўным СМІ і праўладным грамадзкім аб'яднанням; аб памяншэнні заробкаў чыноўнікам.

Сёння абсалютна відавочна, калі насельніцтва нічога не зробіць, а ўлады падвысяць пенсійны ўзрост, не робячы ніякіх рэформаў, праз некалькі гадоў пад красамоўнае маўчанне нам не толькі яшчэ раз падвысяць пенсійны ўзрост, але і прымусяць сваякоў аплачваць штраф, калі працаўнік не дажыў да гэтага самага ўзросту.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках