У ліцейным цэху Менскага аўтазавода загінуў рабочы
1- 26.04.2016, 17:45
- 27,882
Трагедыя адбылася ўдзень 26 красавіка падчас рамонту печы.
Чытачы партала tut.by паведамілі аб гібелі рабочага на вытворчасці МАЗ у Менску. Паводле папярэдняй інфармацыі, інцыдэнт адбыўся ўдзень 26 красавіка ў ліцейным цэху падчас рамонту печы.
На месцы працуе следча-аператыўная група. Падрабязнасці ўдакладняюцца.
Нагадаем, гэта не першы трагічны выпадак у ліцейных цэхах беларускіх заводаў.
У студзені 2014 года на МТЗ падчас рамонту індукцыйнай печы загінуў 45-гадовы рабочы. Работы праводзіліся з выкарыстаннем лёгкаўзгаральнага складу - ён успыхнуў ад іскры печы. Мужчына памёр у рэанімацыі ад вельмі цяжкіх апёкаў.
Там жа, у цэху ў 2009 годзе загінула ад апёкаў расплаўленым металам кранаўшчыца. Трагедыя адбылася, калі па манарэйцы рухаўся падвесны вазок, які перавозіў расплаўлены метал. Апошні сышоў з рэйкі, зваліўся на падлогу цэха і перакуліўся. У выніку машыністка атрымала 100% апёкаў цела і праз некалькі гадзін памерла ў лякарні.