Статкевіч і Някляеў агітуюць рэгіёны за Беларускі нацыянальны кангрэс
24- 30.04.2016, 17:05
- 16,212
Жыхары Глыбокага сустрэліся з апазіцыйнымі палітыкамі Мікалаем Статкевічам і Уладзімірам Някляевым.
Палітыкі прыехалі, каб распавесці пра запланаваны Беларускі нацыянальны кангрэс. Размова таксама ішла аб выбарах у «палату прадстаўнікоў», якія павінны прайсці 11-га верасня, і фармаванні адзінага спісу кандыдатаў ад апазіцыі, паведамляе «Радыё Рацыя».
Як тлумачыць старшыня аргкамітэта для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, мэта Кангрэсу - кансалідацыя дэмакратычных сіл краіны дзеля пабудовы свабоднай, незалежнай і заможнай Беларусі.
Някляеў і Статкевіч у размовах з мясцовымі актывістамі пераконваюць іх Кангрэс у сваіх арганізацыях на сваім узроўні, каб стымуляваць кіраўніцтва партыі да аб'яднання.
«Без аб'яднання ў нас не можа быць перамогі», - адзначыў Статкевіч.
Прысутныя на сустрэчы аднагалосна прагаласавалі за падтрымку правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Напрыканцы Уладзімір Някляеў падпісаў свае кнігі аматарам ягонай творчасці і прадэкламаваў вершы.
Нагадаем, аргкамітэт падаў заяўку ў Менгарвыканкам на арэнду памяшкання для правядзення 15 траўня беларускага нацыянальнага кангрэсу.
У аргкамітэт кангрэса ўваходзяць такія вядомыя грамадскія дзеячы, як Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.