Алесь Макаеў: У Менску не працуе больш за палову прадпрымальнікаў
21- 6.04.2016, 16:10
- 29,733
У кожны момант ІП могуць аштрафаваць і канфіскаваць прыбытак і тавар.
Пра гэта сайту charter97.org заявіў лідар прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, каментуючы сённяшнюю сітуацыю з дробным бізнэсам у Беларусі:
- Сітуацыя ніяк не змянілася: калі прадпрымальнікі пачнуць працаваць, большасць з іх аўтаматычна «трапляе» на штрафы і канфіскацыю тавару і прыбытку за гандаль без сертыфікатаў.
Пасля нашай серыі мітынгаў у лютым улады ўпарта распаўсюджваюць чуткі пра тое, што першыя паўгода ў 2016-м прадпрымальнікі нібыта могуць не баяцца праверак. Яны спадзяюцца, што сітуацыя неяк «утрасецца».
Некаторыя ІП у Менску выйшлі працаваць, але далёка не ўсе. Напрыклад, на Ракаўскім рынку ў сакавіку з 160 месцаў працавалі толькі 70 ралетаў. Такая ж сітуацыя на астатніх рынках Менска: у сталіцы не працуюць больш за палову прадпрымальнікаў.
- Нядаўна ў Гомлі паводле 222-га ўказа у ІП канфіскавалі вопратку і абутак амаль на мільярд рублёў. Ці ёсць такія звесткі што да Менску?
- Такія выпадкі не заўсёды трапляюць у прэсу. Нядаўна кантралёры «прасавалі» менскую Камароўку. Але цяпер, пасля лютаўскіх мітынгаў, улады імкнуцца гэта рабіць цішком, каб не злаваць народ. Прызначаюць пакуль не вельмі вялікія штрафы. Пры гэтым кожны выпадак трэба правяраць - за што напраўду гэты штраф выпісалі.
Другі метад уладаў - яны як бы абвясцілі «мараторый» на праверкі. Але хто яго абвясціў і якая юрыдычная падаплёка - незразумела. Афіцыйнай заявы з гэтай нагоды не было. Выказваліся толькі «пажаданні». Але калі выказвалася, напрыклад, падатковая інспекцыя, то не выказваўся АБЭП і іншыя органы. А для прадпрымальніка гэта азначае адно: у кожны момант яго могуць аштрафаваць і канфіскаваць тавар.
- Якія планы ў лідараў прадпрымальнікаў у сувязі з тым, што ніводная з праблем ІП уладамі не развязаная?
- На Дні Волі 25 сакавіка мы агучылі ініцыятыву аб зборы 50 тысяч подпісаў для перадачы ў Канстытуцыйны суд заявы аб тым, што ўказ Лукашэнкі №222 супярэчыць 37-му артыкулу Канстытуцыі і павінен быць скасаваны. Наш зварот з юрыдычнага пункту гледжання ўжо ацаніў былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. І ў панядзелак на Чарнышэўскага, 3 у Менску «Камітэт выратавання прадпрымальніцтва» правядзе аб 11 гадзіне сход і а 12 гадзіне - прэс-канферэнцыю, прысвечаную гэтай ініцыятыве.
Гэта трэба было зрабіць яшчэ паўтара гады таму, але, як той казаў, «лепш позна»: на коне стаіць канфіскацыя даходу, канфіскацыя тавару і спусташэнне прадпрымальніцтва.