Дэкларацыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі
54- 14.05.2016, 8:41
- 21,013
Лідэры вядучых беларускіх дэмакратычных арганізацый падпісалі дакумент.
Прыводзім тэкст Дэкларацыі ў падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь:
Рэспубліка Беларусь - еўрапейская дзяржава, незалежнасць і суверэнітэт якой прызнаныя міжнароднай супольнасцю.
Рэспубліка Беларусь дэкларавала аднаўленне сваёй незалежнасці 27 ліпеня 1990 года і заканадаўча замацавала яе 25 жніўня 1991 года. Пасля спынення існавання СССР Беларусь стала паўнапраўнай незалежнай дзяржавай, здабыла дзяржаўны суверэнітэт.
Упершыню за многія гады незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі была аформленая ў адпаведнасці з усімі нормамі міжнароднага права і здабыла міжнароднае прызнанне.
Беларусы атрымалі магчымасць самім вызначаць свой лёс.
Рэспубліка Беларусь стала правапераемніцай не толькі і не столькі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіла ў склад СССР, колькі Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якая была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года.
БНР праіснавала ўсяго некалькі месяцаў як дэкларацыя намеру беларускага народа пабудаваць сваю незалежную дзяржаву. Гэтае імкненне беларусаў было здушанае бальшавікамі, якія стварылі савецкую дзяржаву, а фактычна - адраджалі Расейскую імперыю ў больш жорсткай, таталітарнай форме.
Створаная 1 студзеня 1919 года Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была створаная ўладай бальшавікоў у процівагу Беларускай Народнай Рэспубліцы, каб не дапусціць нацыянальнага адраджэння і ўсталяваць кантроль над тэрыторыяй бытавання беларусаў. Беларусы былі пазбаўленыя права бараніць свае нацыянальныя інтарэсы. Асабліва цынічна гэта прадэманстраваў Рыжскі трактат 1921 года, у выніку якога беларусаў пазбавілі большай часткі тэрыторый, а дэлегацыі Беларусі нават не дазволілі ўдзельнічаць у гэтых рабаўніцкіх перамовах.
Беларусь гвалтоўна апынулася ў складзе СССР, што можна класіфікаваць як акупацыю.
Вялікія заходнія дзяржавы, нейкі час не прызнаваўшы СССР, у канчатковым выніку прызналі яго цалкам, тым самым прызнаўшы акупацыю Беларусі, Украіны ды іншых "савецкіх рэспублік".
Пасля пакту Рыбэнтропа-Молатава 1939 года СССР аднавіў сваю экспансію, вынікам якой стала акупацыя дзяржаў Балтыі: Латвіі, Літвы, Эстоніі.
Заходнія дзяржавы, перш за ўсё ЗША, не прызналі гэтую акупацыю. Тагачасны намеснік дзяржсакратара ЗША Самнэр Уэлс 23 ліпеня 1940 года апублікаваў адпаведную афіцыйную заяву, што паклала пачатак працяглай палітыцы непрызнання савецкай акупацыі і анэксіі. Гэта дало людзям Эстоніі, Латвіі і Літвы сілы і веру ў працяг барацьбы за свабоду.
Незалежная Беларусь адбылася, але сёння ёй зноў пагражае небяспека. Крыніцай гэтай небяспекі з'яўляецца кіраўніцтва Расеі. Агрэсія Расеі супраць Украіны, анэксія Крыму і ваенныя дзеянні ў мэтах акупацыі ўсходніх абшараў Украіны дэманструюць наяўнасць у кіраўніцтва Расеі планаў захопу тэрыторый іншых дзяржаў вайсковымі метадамі і поўнае грэбаванне міжнародным правам.
Расея планамерна разбурае сістэму міжнароднага права, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны, парушае міжнародныя пагадненні і дамоўленасці, якія гарантуюць міжнародную бяспеку.
У выніку расейскай агрэсіі ва Украіне быў фактычна знішчаны Будапешцкі мемарандум, згодна з якім ядзерныя дзяржавы — Расея, ЗША і Вялікабрытанія - запэўнівалі, што будуць "устрымлівацца ад пагрозы сілай або яе выкарыстання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці Украіны, і што ніякія іх узбраенні ніколі не будуць выкарыстаныя супраць Украіны".
Такія ж запэўніванні гэтыя ядзерныя дзяржавы далі і Рэспубліцы Беларусь. Поўнае ігнараванне сваіх міжнародных абавязанняў Расеяй і адсутнасць якіх-небудзь дзеянняў у сувязі з Будапешцкім мемарандумам з боку іншых ядзерных дзяржаў, што падпісалі яго, стварыла небяспечны прэцэдэнт, які нясе пагрозу незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.
Міжнародна-прававое становішча Беларусі ў геапалітычнай сітуацыі ўскладняецца тым, што ў краіне не існуе легітымнай улады: ні заканадаўчай, ні выканаўчай, ні судовай. У 1996 годзе шляхам незаконнага рэферэндуму ўлада ў Беларусі была ўзурпаваная Аляксандрам Лукашэнкам. Падзел улад быў знішчаны, і ўся ўлада была сканцэнтраваная ў руках узурпатара.
Прысвоіўшы сабе ўсю ўладу ў Беларусі, Лукашэнка стварыў рэжым татальнага кантролю над грамадствам, які вылучаецца сталым і грубым парушэннем правоў чалавека. У эканоміцы рэжым Лукашэнкі вярнуў Беларусь у часы савецкай загадна-адміністрацыйнай сістэмы, якая не толькі замарудзіла развіццё краіны, але прычынілася да сістэматычных крызісаў.
Рэжым Лукашэнкі моцна прывязаў Беларусь да Расеі, не толькі эканамічна, але і палітычна, і ў вайсковым аспекце. На гэтым гістарычным адцінку, які характарызуецца агрэсіўна-экспансіянісцкімі паводзінамі расейскага кіраўніцтва, такая залежнасць ставіць пад пагрозу само існаванне Беларусі.
Пасля ўвядзення ў Рэспубліцы пасады прэзідэнта і абрання на яе Лукашэнкі ў Беларусі прайшло тры рэферэндумы, чатыры разы праводзіліся прэзідэнцкія выбары і чатыры разы - парламенцкія. Ніводныя з гэтых выбараў і рэферэндумаў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, перш за ўсё назіральнікамі ад АБСЕ, пастановы якой абавязаная паважаць Беларусь, як паўнапраўны яе чалец. Інстытут выбараў як спосаб народнага волевыяўлення ў Беларусі знішчаны. Узурпатар улады Лукашэнка не мае законнага права прадстаўляць народ Беларусі ў міжнародных стасунках. Рэжым Лукашэнкі дзейнічае толькі ва ўласных інтарэсах, у мэтах утрымання асабовай улады дыктатара. Для захавання ўлады Лукашэнка, не маючы на тое законнага права, уцягвае Беларусь у небяспечныя палітычныя, эканамічныя і вайсковыя пагадненні.
Для незалежнасці Рэспублікі Беларусь сёння існуе падвойная пагроза: агрэсіўная палітыка Расеі і незаконны рэжым Лукашэнкі.
У сітуацыі, якая склалася, дэмакратычная апазіцыя, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, незалежныя прафзвязы
- Канстатуючы адсутнасць у Рэспубліцы Беларусь законна абранай улады;
- Грунтуючыся на сваёй адказнасці за лёс Рэспублікі Беларусь;
- Грунтуючыся на тым, што ў рэгіёне, да якога належыць Беларусь, склалася напружаная сітуацыя ў выніку ўзброенай агрэсіі супраць незалежнай Украіны;
- Нагадваючы пра непахіснасць прынцыпаў міжнароднага права і міжнародных прынцыпаў абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў;
- Канстатуючы сістэматычныя і сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з боку кіроўнага рэжыму і нагадваючы ў сувязі з гэтым тэзісы Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека аб тым, што правы чалавека павінны ахоўвацца "ўладай закону з мэтай забеспячэння таго, каб чалавек не быў вымушаны ўжываць, у якасцi астатняга сродку, паўстанне супраць тыраніі і прыгнёту";
- Грунтуючыся на тэзісе Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека аб тым, што "воля народа павінна быць падмуркам улады ўрада; гэтая воля павiнна знаходзiць сваё выяўленне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах"
1. Пацвярджаюць непахіснасць тэзісаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 лiпеня 1990 года, сярод іншага, тэзісу аб "вяршэнстве народа ў вызначэнні свайго лёсу";
2. Пацвярджаюць міжнародныя абавязанні Рэспублікі Беларусь, сярод іх замацаваны ў Статуце ААН абавязак устрымлівацца ў міжнародных дачыненнях ад "пагрозы сілай або яе выкарыстання супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці кожнай дзяржавы";
3. Заяўляюць аб тым, што міжнародныя пагадненні дзяржавы павінны ўважацца за законныя і міжнародна прызнаныя толькі пасля іх падпісання і зацвярджэння легітымнымі органамі ўлады, якіх на гэты момант у Рэспубліцы Беларусь няма;
4. Заяўляюць пра тое, што ўдзел Беларусі ў геапалітычных звязах, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам, прычыніўся да імклівага збяднення насельніцтва;
5. Заяўляюць аб тым, што ніякія дзеянні або пастановы нелегітымнай улады, якія пагражаюць незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, не павінны разглядацца як законныя і прызнавацца міжнароднай супольнасцю;
6. Нагадваюць удзельнікам Будапешцкага мемарандуму 1994 года, перш за ўсё ЗША і Вялікабрытаніі, аб змешчаных у ім тэзісах аб абароне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;
7. Звяртаюць увагу міжнародных арганізацый - ААН, АБСЕ, Еўрапейскага Звязу, Рады Еўропы - на тое, што адсутнасць у народа Беларусі права на свабоднае волевыяўленне не дазваляе ставіцца да цяперашняга рэжыму як да паўнапраўнай ўлады, якая прадстаўляе дзяржаву ў міжнародных дачыненнях;
8. Сцвярджаюць, што Рэспубліка Беларусь стане паўнапраўным удзельнікам міжнародных стасункаў толькі пасля правядзення ў краіне свабодных выбараў;
9. Заклікаюць АБСЕ, Еўрапейскі Звяз рашуча патрабаваць выканання дзейным урадам Беларусі рэкамендацый Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ аб правядзенні выбараў.
Мікола Статкевіч – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)
Вячаслаў Сіўчык — Рух салідарнасці “Разам“
Вацлаў Арэшка – Беларускі Рух
Віталь Рымашэўскі ― Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
Андрэй Саннікаў — Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь“
Максім Вінярскі — Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь“
Анатоль Лябедзька ― Аб'яднаная грамадзянская партыя
Алена Яськова — Беларуская жаночая партыя “Надзея“
Генадзь Фядыніч — Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці
Зміцер Дашкевіч — Малаы Фронт
Станіслаў Шушкевіч ― Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, першы кіраўнік Незалежнай Рэспублікі Беларусь
Уладзімір Някляеў – Рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць”