Чаму замежнікі не інвестуюць у беларускую эканоміку?
3- 27.05.2016, 12:33
- 7,253
Лукашэнка як быццам спецыяльна робіць усё, каб інвестары баяліся ўвайсці на беларускі рынак.
Да 2020 года ўрад хоча прыцягнуць у краіну да 16 мільярдаў даляраў прамых замежных інвестыцый. Чатыры асноўныя перашкоды, пераадолеўшы якія Беларусь стане больш прывабнай для замежнага капіталу, назвалі міжнародныя экспэрты, піша «Заўтра тваёй краіны».
Даследчык Універсітэта Дуйсбургу-Эсэн (Нямеччына) Яўген Ложынскі распавёў падчас дыскусіі Ліберальнага клуба «Што адбываецца з постсавецкай прасторай чвэрць стагоддзя пасля развалу СССР?», што ў Нямеччыне пра Беларусь ведаюць вельмі мала, значна менш, чым пра іншыя краіны постсавецкай прасторы. Гэта звязана з зачыненасцю краіны ў цэлым.
Стаўка на малы бізнэс
ЕЗ імкнецца падтрымліваць развіццё малога і сярэдняга бізнэсу. Тэндэнцыі сусветнай эканомікі такія, што акцэнт робіцца менавіта на невялікія прадпрыемствы, больш гнуткія, мабільныя і здольныя мяняцца пад уплывам эканамічных зменаў.
- А ў Беларусі блізу 70% - маштабныя дзяржаўныя прадпрыемствы. У іх складана інвеставаць не толькі таму, што яны становяцца ўсё больш стратнымі, але і праз іх непразрыстасці іх дзейнасці, - тлумачыць Яўген Лажынскі.
Залежнасць ад Расеі
З боку еўрапейскіх інвестараў дагэтуль ёсць асцярогі з нагоды таго, што эканоміка Беларусі моцна залежыць ад Расеі.
Летась прамыя замежныя інвестыцыі ў эканоміку склалі больш за 60%. Але асноўным інвестарам заставалася Расея (43%). Большасць сфер эканомікі схільныя ўплыву з усходу, уважае Яўген Лажынскі. Гэта стварае нестабільную сітуацыю і становіцца прычынай для боязі іншых замежных інвестараў.
Барацьба з карупцыяй
Гэта асноўная задача для таго, каб краіна стала больш прывабнай для гульцоў еўрапейскага рынку. Прыклад Грузіі паказаў, што перамагчы карупцыю рэальна і можна дасягнуць вынікаў у досыць кароткі тэрмін.
Палітычная воля
Галоўны пункт у дыверсіфікацыі эканомікі ў цэлым і ў прыцягненні інвестараў - гэта палітычная воля, мяркуе магістр палітычных навук, выканаўчы дырэктар арганізацыі «Каўказскі дом» (Грузія) Георгій Канашвілі.
Мінімізацыя ціску на бізнэс з боку ўладаў дазволіць бізнэсу самастойна знаходзіць паспяховыя напрамкі і весці рынак наперад. Празмерны кантроль не дае бізнэсу разгарнуцца, развівае страхі.