Штайнмаер: Я спадзяюся, што да канца ліпеня ва Украіне будзе прагрэс
4- 28.05.2016, 15:27
- 5,068
Нямеччына гатова абмяркоўваць паслабленне санкцый супраць РФ, бо іх задача - спыніць расейска-ўкраінскую вайну.
Міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер дапускае магчымасць «крок за крокам» аслабіць санкцыі ЕЗ супраць Расеі, калі будзе прагрэс у развязанні канфлікту на ўсходзе Украіны. Пра гэта ён сказаў у Таліне, паведамляе AFP.
«Я спадзяюся, што да канца ліпеня будзе прагрэс і тады мы паглядзім, ці можам мы аслабіць санкцыі крок за крокам, або застанёмся з тымі ж мерамі, якія ёсць цяпер», - сказаў міністр.
Штайнмаер адзначыў, што захаванне санкцый - гэта не мэта, але спосаб развязаць канфлікт на ўсходзе Украіны.
Раней Штайнмаер сказаў, што ўнутры Еўрапейскага звязу расце колькасць праціўнікаў падаўжэння санкцый супраць Расеі. Паводле яго слоў, у параўнанні з мінулым годам у ЕЗ будзе больш складана прыйсці да адзінай пазіцыі што да санкцыяў супраць РФ.
Краіны Вялікай сямёркі заявілі, што працягласць дзеяння санкцый супраць РФ залежыць ад таго, як Расея выконвае менскія пагадненні і паважае суверэнітэт Украіны.