Жыхар горада Ліды: «19 гадоў працы ў міліцыі не залічылі ў мой стаж»
42- 3.05.2016, 9:43
- 13,435
Былому міліцыянту прапанавалі жабрацкую пенсію 800 тысяч рублёў.
Івану Мікалаевічу Снітко 61 год. Летась мужчына наважыў афармляць пенсію. Але высветлілася, што на паўнавартасную працоўную пенсію ён прэтэндаваць не можа. Службу ў органах МУС яму не залічылі ў страхавы працоўны стаж, які як раз і ўплывае на суму пенсіі.
- На службу ў органы МУС я пайшоў з 1973 года, як раз з войска прыйшоў і стаў працаваць там, - распавёў Onliner.by Іван Мікалаевіч. - Служыў участковым, інспектарам і нават следчым. Ліквідоўваў аварыю на ЧАЭС, быў на спецаперацыях ў Баку. Нас жа туды таксама прымушалі ездзіць. Там дзень за тры ішоў. Да 1992 года працаваў. Потым сышоў, у мяне бацька і мама былі інваліды, прыйшлося іх даглядаць.
Далей былі розныя заробкі, дзесьці па дакументах, дзесьці не. З 2007 года лідчанін уладкаваўся на сталую працу: стаў ахоўнікам.
- У выніку ў мяне атрымалася 30 з паловай гадоў працоўнага стажу. Гэта значыць на пенсію ад дзяржавы я фактычна права маю, - тлумачыць мужчына. - Але, калі стаў збіраць дакументы і афармляцца, высветлілася, што гэтыя мае 19 з чымсьці гадоў у страхавы стаж не ўваходзяць.
У выніку атрымалася, што ў Івана Мікалаевіча страхавы стаж апынуўся блізу 10 гадоў, а гэта менш, чым трэба. Паводле закона для беларусаў, якія афармлялі пенсію ў 2015 годзе, мінімальны страхавы стаж павінен быў быць не менш за 15 гадоў.
- А гэта значыць, што мне свеціць толькі сацыяльная пенсія па ўзросце. Не звычайная 2,8 мільёна, а 800 тысяч у месяц, - кажа Іван Мікалаевіч. - Калі я даведаўся, што ў стаж для налічэння пенсіі не ўваходзяць гэтыя 19 гадоў, то быў у шоку. Я не разумею, як і на падставе чаго мой вось гэты стаж не ўключылі ў страхавы? Атрымліваецца, я адпрацаваць адпрацаваў, дзяржаве доўг аддаў, а ў выніку мне нічога не свеціць? Пенсія такая, як у тых п'яніц, хто зусім па году-два адпрацаваў за жыццё... Вядома, гэта крыўдна і несправядліва.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны сітуацыю Івана Мікалаевіча ведаюць. Але кажуць, што такі закон.
- Умовы прызначэння працоўнай пенсіі ў агульнай пенсійнай сістэме адзіныя для ўсіх грамадзян: і для грамадзянскіх асоб, і для былых вайскоўцаў, - патлумачыла Onliner.by намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Ларыса Яшкова. - Што тычыцца страхавога стажу, то яго ўтвараюць перыяды працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у пенсійны фонд. Адпаведна, у гэты стаж не могуць уключацца перыяды іншай дзейнасці, калі ўзносы не выплачваліся: час вайсковай службы, службы ў органах унутраных спраў, МНС і іншых сілавых устаноў, догляду за дзіцем, атрымання дапамогі ў беспрацоўі, навучання і г.д. (Заўважым , што пры наяўнасці патрабаванага страхавога стажу і права на працоўную пенсію, названыя перыяды дзейнасці «не знікаюць»: яны ўключаюцца ў агульны стаж).
Патрабаванне аб мінімальным перыядзе страхавога стажу для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце (не менш за 5 гадоў) з'явілася ў заканадаўстве яшчэ ў 2006 годзе і абгрунтавана тым, што менавіта з паступленняў страхавых узносаў забяспечваецца выплата бягучых працоўных пенсій.
Згодна з дзеючым заканадаўствам ў 2016 годзе патрабаваны страхавы стаж складае 15 гадоў 6 месяцаў, а пачынаючы з 1 студзеня 2017 года ён будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў да 20 гадоў да 2025 года. Гэта значыць для тых, хто будзе выходзіць на пенсію ў 2018 годзе, - гэта будзе 16 гадоў 6 месяцаў, у 2019 годзе - 17 гадоў і гэтак далей.
На жаль, у Івана Мікалаевіча дакументальна пацверджаны страхавы стаж складае без малога 10 гадоў. І закон не дазваляе прызначыць яму працоўную пенсію. Разам з тым па дасягненні 65 гадоў ён набудзе права на сацыяльную пенсію.
Нагадаем, у гэтым годзе ў Беларусі прынялі пастанову аб павелічэнні пенсійнага ўзросту да 63 гадоў у мужчын і 58 гадоў у жанчын. Павышаць яго будуць паэтапна: пачынаючы з 2017 года кожны каляндарны год на 6 месяцаў.