На Валадарцы прывялі ў выкананне смяротны прысуд Сяргею Іванаву
17- 6.05.2016, 12:09
- 16,439
Жыхар Рэчыцы быў прысуджаны да расстрэлу за забойства.
Прысуджаны да пакарання смерцю Сяргей Хмялеўскі падчас выступу ў Вярхоўным судзе 6 траўня паведаміў, што ў «спецкарыдоры» СІЗА №1 на Валадарцы знаходзіўся некаторы час у адной камеры з іншым смяротнікам, паведамляе ПЦ Вясна.
Потым сукамерніка кудысьці адвялі і цяпер ён знаходзіцца там адзін. Жыхар Мачулішчаў Хмялеўскі заявіў пры разглядзе сваёй скаргі ў Вярхоўным судзе, што суседа па камеры маглі расстраляць.
Стала вядома, што ў адной камеры з Хмялеўскім знаходзіўся Сяргей Іваноў. У ноч з 17 на 18 красавіка яго вывелі з камеры, а Хмялеўскаму загадалі сабраць асабістыя рэчы сукамерніка. Больш Іванова Хмялеўскі не бачыў.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда ўдакладніў інфармацыю ў сваякоў Іванова. На жаль, яна цалкам пацвердзілася. На мінулым тыдні яны атрымалі паведамленне пра смерць сына.
На жаль, таямніца прывядзення ў выкананне прысуду дагэтуль ахоўваецца вельмі моцна і часам няпроста даведацца абставіны і дату расстрэлу.
Нагадаем, што на Валадарцы цяпер утрымліваюцца асуджаныя да вышэйшай меры пакарання акрамя Хмялеўскага яшчэ 2 чалавекі: Генадзь Якавіцкі і Іван Кулеш.