Крэдыт МВФ будзе «праедзены» або сыдзе на аплату запазычанасцяў
14- 22.06.2016, 8:58
- 15,993
Беларускія ўлады не маюць намеру праводзіць рэформы.
Выйсці на канкрэтнае абмеркаванне праграмы з Міжнародным валютным фондам - такое заданне ставіць афіцыйны Менск паводле вынікаў візіту місіі фонду ў Беларусь, які стартаваў учора.
Са слоў міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, большасць перадумоў для праграмы, пад якую ўлады хочуць атрымаць крэдыт на $3 млрд, яны ўжо выконваюць. Таму за малым справа. Наколькі неабходны новы крэдыт МВФ Беларусі, і што перашкаджае яго атрыманню, паведамляе «Белсат».
МВФ хоча, каб паэтапны пераход на поўную кампенсацыю тарыфаў ЖКГ насельніцтвам адбываўся хутчэй, таму да канца года камунальныя паслугі могуць крыху падаражэць. Гэта - адна з асноўных супярэчнасцяў, якія заставаліся паміж МВФ і афіцыйным Менскам, заявіў міністр эканомікі.
Праўда, гэты ж служачы яшчэ летась заяўляў, што згода з міжнародным крэдыторам дасягнутая па ўсіх значным пунктах, але потым перамовы чарговы раз нечакана праваліліся.
«На першы погляд, быццам бы, на ўсіх узроўнях эканамічнай улады ўсе разумеюць неабходнасць рэформаў, і ўсе іх падтрымліваюць. Але, рэгулярна, у самы нязручны момант выступае кіраўнік дзяржавы з заявай, што ніякія рэформы нам не патрэбныя», - звяртае ўвагу Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».
Са слоў самога Лукашэнкі, яго супраціў выклікаюць тыя патрабаванні МВФ, якія накіраваны на зніжэнне дабрабыту насельніцтва. Ён кажа, што разумее неабходнасць гэтых крокаў, але бароніць для Беларусі права рабіць гэта паэтапна, а не адным махам.
«Я нідзе ім не сказаў «не». Ні па тарыфах, ні па ўзросце, ні па заробках. Але з бухты барахты рабіць гэта нельга», - упэўнены Лукашэнка.
З моманту гэтага выказвання ўлады панізілі заробкі, а тарыфы ЖКГ і пенсійны ўзрост павысілі без усялякай праграмы з МВФ, а недахопу бюджэтных сродкаў. Між тым, праграмы дагэтуль няма. Кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Піцер Долман напярэдадні патлумачыў, што недастатковымі яны ўважаюць як раз тыя меры ўрада, якія, наадварот, павінны прывесці да павелічэння дабрабыту насельніцтва.
«Мы заклікаем правесці глыбокія рэформы для стабілізацыі эканомікі і забеспячэння эканамічнага росту і росту дабрабыту ў сярэднетэрміновай перспектыве», - тлумачыць кіраўнік місіі МВФ для Беларусі.
На думку старэйшага аналітыка «Альпары», непрыняцце кіраўніка краіны, перш за ўсё, выклікаюць тыя патрабаванні фонду, якія датычацца рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, прыватызацыі і іншых мер у адыходзе дзяржавы ад ручнога кіравання эканомікай.
Крэдыт МВФ неабходны ўладам для выплат замежных запазычанасцяў, якія, толькі ў дзяржаўным сектары, складаюць блізу $3 млрд у год. Траціна з гэтай сумы плануецца выплаціць з даходаў ад экспартных нафтавых мыт. Яшчэ траціна - за кошт цяперашніх рат з 2-мільярднага крэдыту, атрыманага ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Яшчэ траціна - за кошт крэдыту МВФ. У выпадку яго неатрымання, золатавалютныя рэзервы нашай краіны сёлета могуць скараціцца на чвэрць.
Палітычныя аглядальнікі выказваюць меркаванне, быццам Лукашэнка спадзяецца, што складаная геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне прымусіць краіны Захаду паўплываць на МВФ так, каб ён выдаў крэдыт з палітычных прычынаў - не пад рэформы, а на праяданне. Ці апраўдаюцца такія надзеі гэтым разам - магчыма, стане ясна 30 чэрвеня, калі дзейная місія МВФ скончыць сваю працу ў Беларусі.