Мікалай Аўтуховіч стварае прафзвяз прадпрымальнікаў
8- 28.06.2016, 16:25
- 13,727
Былы палітвязень хоча стварыць прафзвяз, які «па-сапраўднаму мог бы абараняць правы індывідуальных прадпрымальнікаў».
Мікалай Аўтуховіч пацвердзіў «Радыё Свабода», што пакінуў працу ў ваўкавыскай фірме таксі, якую ён сам і стварыў.
Ён патлумачыў: шматлікія праверкі і рэпрэсіі, якія апошнім часам наваліліся на фірму, звязаныя з ягоным прозвішчам. Таму і сышоў.
Цяпер Мікалай Аўтуховіч вялікую частку часу знаходзіцца ў Менску і займаецца стварэннем агульнабеларускага прафзвязу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасць»:
«Нам трэба набраць 500 заснавальнікаў. Цяпер я займаюся арганізацыйнай працай. Працэс няпросты, бо многія баяцца ўступаць: маўляў, калі вы набераце патрэбную колькасць, тады і я далучуся».
І ўсё ж Аўтуховіч перакананы, што неабходная колькасць заснавальнікаў знойдзецца. Са словаў актывіста, цяпер у Беларусі няма прафзвязу, які б па-сапраўднаму абараняў правы індывідуальных прадпрымальнікаў, а такая падтрымка патрэбная сёння, як ніколі раней:
«Цяпер прадпрымальнікі чакаюць 1 ліпеня, бо на рынках павінны пачацца праверкі і пачнуць адбіраць тавар. Людзі ў падвешаным стане, і не ведаюць чаго чакаць. Яны наогул баяцца, што ў іх могуць забраць тое, што ёсць. Таму паралельна са стварэннем прафзвязу мы збіраем подпісы за скасаванне ўказу №222».
Пакуль, са словаў Аўтуховіча, уся іх справа трымаецца на энтузіязме, але інакш стварыць прафзвяз не атрымаецца.