Расея стварае ў Сірыі вайсковую базу на бестэрміновай аснове
8- 29.07.2016, 16:54
- 10,418
Дагэтуль Масква заяўляла, што прысутнасць Вайскова-паветраных сілаў РФ у Сірыі носіць часовых характар і скончыцца пасля антытэрарыстычнай аперацыі.
Расея стварае ў Сірыі вайсковую базу на бестэрміновай аснове. Кіраўнік расейскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў загадаў падаць прэзідэнту Расеі адпаведнае пагадненне паміж Расейскай Федэрацыяй і Сірыяй, паведамляе «Польскае Радыё».
Дагэтуль Масква заяўляла, што прысутнасць Вайскова-паветраных сілаў РФ у Сірыі носіць часовых характар і скончыцца пасля антытэрарыстычнай аперацыі.
Расея ўжо мае сталую вайсковую базу ў Сірыі. У порце Тартус размешчаныя вайсковыя караблі Расейскай Федэрацыі, якія дзейнічаюць у Міжземным моры. Гэта адзіны міжземнаморскі порт, даступны для расійскага флоту. Летась у Маскве было падпісанае пагадненне з Сірыяй аб стварэнні аэрапорта Хмеймім, у якім размяшчаюцца расейскія самалёты, што ўдзельнічаюць у бамбаванні пазіцый джыхадзістаў «Ісламскай дзяржавы».
На адной з прэс-канферэнцый прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін запэўніў, што яму не патрэбна сталая база ў Сірыі. Аднак, як гаворыцца на афіцыйным сайце расейскага ўрада, Савет міністраў РФ падпісаў бестэрміновую дамову аб размяшчэнні авіягрупы Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Сірыі.