5 траўня 2024, Нядзеля, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Экасістэме Дняпра прычыненыя значныя страты

8
Экспэрт: Экасістэме Дняпра прычыненыя значныя страты
Фота: gosinspekciya.gov.by

Мор рыбы ў Дняпры прыйшоў з Расеі, а цяпер загінулую рыбу зносіць цячэннем на Магілёўшчыну.

Жыхары ўсходняй часткі Беларусі ўстурбаваныя - па Дняпры ў Дубровенскім і Аршанскім раёнах плыве мёртвая рыба. Мор прыйшоў з Расеі - асяродак загубы выявілі ў Смаленскай вобласці. Цяпер загінулую рыбу зносіць цячэннем на Магілёўшчыну.

Мёртвую рыбу на паверхні вады першымі заўважылі жыхары Дубровенскага раёна. Гэта адбылося на мінулым тыдні. Людзі патэлефанавалі на тэлефон даверу. Інспектары Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету абследавалі адцінак ракі ад мяжы з Расеяй да Дуброўна і прыйшлі да высновы: загінулую рыбу прынесла цячэннем з суседняй краіны.

- Цяпер рыбу ўжо зносіць у Магілёўскую вобласць. На тэрыторыі Віцебшчыны яна яшчэ плыве, але ўжо не так масава, як было тыдзень таму. Можна сказаць, засталіся адзінкавыя асобіны, і тое - рэдка, - паведаміў tut.by намеснік начальніка Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Алег Бахцін.

Паводле ягоных слоў, 9 жніўня беларускія спецыялісты прыродааховы сустрэліся з расейскімі калегамі.

- Яны патлумачылі, што першы мор рыбы ўбачылі ў раёне горада Сафонава Смаленскай вобласці. Пасля моцных дажджоў Днепр падняўся прыкладна на 5,5 метра і на 8 км вакол затапіў лугі. Вада на іх прагрэлася да +35 градусаў. Гэта выклікала гніенне травы. Потым ўзровень вады стаў паніжацца і гніль трапіла ў рэчышча ракі. У вадзе знізіўся ўзровень кіслароду. І рыбе проста няма чым дыхаць. Адбыўся яе мор, - растлумачыў Алег Бахцін. - Усплёск сітуацыі прыпаў на 25 ліпеня. Да нас, у Беларусь, мёртвую рыбу прынесла дзесьці 7 жніўня.

Спецыялісты Аршанскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю ўзялі пробы ў розных месцах Дняпра. Узровень кіслароду ў іх быў ніжэйшы за норму.

- На мяжы з Расеяй ўтрыманне растворанага кіслароду ў вадзе склала 2,2 міліграма на літр - пры норме 6 міліграмаў. Каля адной з вёсак, якая знаходзіцца кіламетраў за 15 уніз па плыні, гэты паказчык быў 3,2, у Дуброўна - 4,4 міліграма. А ў Оршы ўзровень кіслароду ўжо быў нармальным, - адзначыў суразмоўца.

На думку спецыялістаў, масавы мор рыбы ў Расеі адаб'ецца на экасістэме Дняпра, ёй прычыненыя значныя страты.

- Не выключана, што дзесьці і ў Беларусі рыба загіне, пойдзе па дне, потым ўсплыве. Такая сітуацыя была ў 1985 годзе, калі пад горадам Дарагабуж, які знаходзіцца за 89 км ад Смаленска, уверх па цячэнні ракі, адбыўся скід шкодных рэчываў. І рыбы ў Дняпры не было гадоў 15-20, - распавёў Алег Бахцін.

Адзначым, што побач з горадам Дарагабуж знаходзіцца завод вытворчасці мінеральных угнаенняў.

Газета «Віцьбічы» са спасылкай на намесніка загадчыка Аршанскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю Дзмітрыя Калмычэўскага паведамляе, што ў пробах вады ў некалькі разоў таксама перавышае норму ўтрыманне азоту аманійнага, фосфару фасфатнага. Гэта можа гаварыць пра працэсы раскладання арганічных рэчываў або траплянні ў ваду мінеральных угнаенняў. Але на гэты конт канчатковых высноў таксама яшчэ няма.

Паводле папярэдняй ацэнкі, на тэрыторыі Расеі загінула не адна тона рыбы.

Загінулую рыбу і малявак, якія хапаюць паветра, 4 жнiўня зняў на відэа рыбак, які знаходзіўся ля Сакольяй Гары пад Смаленскам. Аматар рыбнай лоўлі эмацыйна каментуе сваю здымку: «Па Дняпры плывуць трупікі буйной рыбы. Плывуць... плывуць... плывуць... А дробязь не можа надыхацца - плавае на версе. Я ў шоку! Адкуль тут будзе якая рыба вадзіцца? Недзе, мабыць, вышэй Смаленска, яе нечым патруцілі, а можа, аглушылі? Але гэта вялікі колькасць, мабыць, нейкай атруты».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, агучанай на канале «Расія 1», эколагі ў суседняй краіне выявілі факты гібелі рыбы на рэках Гжаць і Касня - у Гагарынскім і Вяземскім раёнах, а таксама на Дняпры ў Сафонаўскім, Дарогабужскім і Кардымаўскім раёнах Смаленскай вобласці. Прычыну называюць усё тую ж - мор праз нястачу кіслароду. Выснову, які пачулі тэлегледачы ў суседняй краіне: «гібель рыбы не з'яўляецца масавай і крытычна небяспечнай для біярэсурсаў, загінула 10, максімум 15% лакальных папуляцый».

Паводле факту гібелі рыбы ў Смаленскай вобласці распачалі адміністрацыйную справу, праводзіцца расследаванне. Скідаў шкодных рэчываў ад прадпрыемстваў пакуль не выявілі, паведамляе тэлеканал «Расія 1».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках