Надзвычайнае здарэнне ў Асіповічах: ва ўсім горадзе знікла халодная і гарачая вада
4- 19.08.2016, 12:31
- 5,541
Камунальнікі не бяруцца абяцаць, калі вада з'явіцца зноў.
Сёння раніцай у горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласці здарылася аварыя, праз што ўвесь горад застаўся без халоднай і гарачай вады. Раённы цэнтр і цяпер застаецца без водазабеспячэння, паведамляе onliner.by. Калі вада зноў з'явіцца, прадбачыць складана.
У Асіповіцкім УКП ЖКГ паведамілі, што вада павінна з'явіцца ва ўсім горадзе цягам двух гадзін, аднак у водаканале гэтую інфармацыю не пацвердзілі.
- Сёння раніцай нашы супрацоўнікі выявілі, што галоўны каналізацыйны калектар забіты будаўнічым смеццем. Каб прачысціць каналізацыю, мы адключылі ваду, працы вядуцца ўжо шэсць гадзін. Як хутка з'явіцца вада, я сказаць не магу: як толькі работы будуць скончаны, адразу пусцім і халодную, і гарачую. Вада ёсць на першых паверхах дамоў, бо засланка засоўваецца не цалкам. У выпадку крайняй неабходнасці людзі могуць звярнуцца да суседзяў з ніжніх паверхаў, - патлумачыў намеснік дырэктара ДУКПП «Водаканал» Сяргей Зубарык.
Горад Асіповічы размешчаны на левым беразе ракі Сіняя (правы прыток Свіслачы), за тры кіламетры ад аўтастрады Менск - Бабруйск. Насельніцтва горада складае крыху больш за 30 тысяч чалавек.