28 траўня 2024, aўторак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя распаўсюджаныя прозвішчы ў Беларусі: шукайце сваё

74
Самыя распаўсюджаныя прозвішчы ў Беларусі: шукайце сваё
ФОТА З САЙТА KP.BY

Па прозвішчы можна вызначыць, што перад вамі - карэнны беларус.

Чэшскі лінгвіст Якуб Марыян склаў рэйтынг самых распаўсюджаных прозвішчаў Еўропы - і моцна здзівіў беларусаў. Мяркуючы з ягоных звестак, у нашай краіне больш за ўсё Івановых. Аб паходжанні прозвішчаў і тым, якія з іх можна назваць спрадвечна беларускімі, «Комсомольская правда в Беларуси» паразмаўляла з Галінай Семяньковай, кандыдаткай філалагічных навук, дацэнткай кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя Машэрава.

- Дапускаю, што прозвішча Іваноў можа быць адным з самых распаўсюджаных у Беларусі: яно вельмі часта сустракаецца на тэрыторыі краіны, - кажа Галіна Семянькова. - Але большасць беларускіх прозвішчаў утвораныя ўсё ж не ад імёнаў, а ад мянушак: Пазьняк, Траццяк, Бяляк, Чарныш. Напрыклад, прозвішча Гарбузаў ўтворана ад мянушкі Гарбуз, якім называлі чалавека з круглявымі формамі ці вялікай галавой. Прозвішчы Марозаў, Туманаў утвораныя ад мянушак Мароз, Туман, якія маглі атрымаць людзі, народжаныя ў моцны мароз ці туман.

«Дрэнныя» прозвішчы павінны былі падманваць злых духаў

Цікава, што ў часы паганства мянушкі часта выконвалі прафілактычную функцыю: бацькі называлі сваё дзіцяці Няміл (г.зн. нямілы), Нянаш (г.зн. чужы), Някрас (г.зн. непрыгожы), Касы, каб падмануць злых духаў, пераканаўшы іх, што перад імі дрэнны чалавек (а такія злым духам не цікавыя). З гэтай жа мэтай бацькі давалі дзецям «жывёльныя» мянушкі: Вавёрка, Воўк. Дарэчы, Волкаў - самае распаўсюджанае прозвішча на Віцебшчыне. Тлумачэнне варта шукаць у старажытнасці: паганскае імя Воўк павінна было аберагаць дзіця і зрабіць яго моцным, здаровым і цягавітым.

Называючы дачку Бярозай, бацькі жадалі ёй быць такой жа стройнай, бялявай і прыгожай, называючы сынам Дубам, хацелі, каб ён рос моцным і стойкім. Цікава, што ў старажытнасці людзі імкнуліся хаваць свае імёны ад ворагаў: яны думалі, што аднаго ведання імя дастаткова, каб нашкодзіць чалавеку. Таму імёны ворагаў часам нават пісалі ў сябе на пятках, каб нашкодзіць носьбіту імя.

У прозвішчах зашыфраваныя імёны продкаў і назвы вёсак, дзе яны жылі

Значная частка прозвішчаў беларусаў утвораная ад імёнаў: Андрэеў, Ціханаў, Сяргееў. Але не заўсёды можна вызначыць паходжанне прозвішча: напрыклад, прозвішча Аляхно ўтворана ад формы імя Аляксей, прозвішча Пілат - ад імя Філарэт, прозвішчы Грынь, Грынько, Грыдзюшка - ад формаў імя Рыгор.

Мноства прозвішчаў утворана ад назваў вёсак або гарадоў: Асіноўскі - вёска Асінаўка, Бабінскі - Бабінка, Масальскі - Масальск. Часам прозвішчы даюць агульную характарыстыку першага носьбіта роду: Загорскі - якi жыў, нарадзіўся за гарой, Заборскі - жыў за борам.

На другім месцы паводле папулярнасці ў Беларусі - прозвішчы на - скі/-цкі: Азёрскі, Залескі. Яны больш за ўсё распаўсюджаныя ў Гарадзенскай, Менскай і заходняй частцы Віцебскай вобласці - большасць такіх прозвішчаў утвораныя ад геаграфічных назваў. Самые папулярныя ў Беларусі - прозвішчы на -оў/ -/ёў, -ін/-ын: Свярдлоў, Васільеў, Ванін, Дубін ды інш. Ёсць меркаванне, што гэта спрадвечна расейскія прозвішчы, але напраўду яны ўтвараліся і на нашай тэрыторыі. Да прыкладу, для адрознення двух Іваноў аднаго з іх звалі «Іван Пятроў сын», «Іван Сямёнаў сын». З часам слова «сын» згубілася, а Пятроў і Сямёнаў сталі прозвішчамі.

Сустракаюцца і спрадвечна беларускія прозвішчы, утвораныя ад дыялектных слоў: расшыфроўка некаторых з іх пад сілу толькі спецыялістам: напрыклад, прозвішча Галганаў утворана ад слова «галган» - што на дыялекце азначае бесталковага чалавека. Сукрысты азначае «кучаравы», Скрабатун - чалавек, які пры хадзе не падымае ногі, скрабе нагамі. З прозвішча нават можна здагадацца, што перад вамі карэнны беларус: суфіксы -анак/-енак уважаюцца за тыпова беларускія: Ігнацёнак, Дзенісёнак, Герасімёнак. Агулам к краіне такія прозвішчы сустракаюцца рэдка, у асноўным - у паўночнай часткі Менскай вобласці і паўночна-заходняй частцы Віцебскай вобласці. Прозвішчы на -еня/-эня накшталт Федасеня, Ляўчэня, Крупеня, Герасіменя таксама ўласцівыя толькі беларусам. Прозвішчы, у якіх нельга вылучыць утваральны суфікс (-аў/-еў, -авіч/-евіч, -ук /юк ды інш.) Таксама вылучаюць карэннага беларуса: Багдан, Прышчэпа, Кругляк, Дубка, Харошка.

Першыя беларускія прозвішчы з’явіліся ў XIV стагоддзі ў князёў - гэта дазваляла захаваць сувязь з продкамі, што было вельмі важна для развязання маёмасных пытанняў. Прозвішчы князёў утвараліся ад назвы зямельных надзелаў (Слуцкія, Друцкія, Заслаўскія). Да пачатку XVIII стагоддзя прозвішчы мелі большасць памешчыкаў. Апошнімі прозвішчы атрымалі сяляне - у асноўным у сувязі са скасаваннем прыгоннага права. Для ўтварэння прозвішчаў выкарыстоўвалі вулічную мянушку, імя па бацьку альбо дзеду, прозвішча гаспадара.

Самае распаўсюджанае прозвішча ў свеце звязанае з дзеясловам «каваць». У розных народаў яно гучыць па-рознаму: Кавалёў, Каваленка, Коваль, Кузняцоў, Каваль, Сміт, Шміт.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках