19 траўня 2024, Нядзеля, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы міністр эканомікі не верыць у тое, што ўсё наладжваецца

8
Былы міністр эканомікі не верыць у тое, што ўсё наладжваецца
ФОТА: MYFIN.BY

Хоць урад кажа, што ў беларускай эканоміцы нібыта прыкметныя стабілізацыя і паляпшэнне, сітуацыя зусім не такая.

Пра гэта заявіў вядомы беларускі эканаміст, міністр эканомікі ў 1995-1996 гг., Георгій Бадзей, выступаючы на семінары «Развіццё прыватнага сектара Рэспублікі Беларусь», арганізаваным цэнтрам BEROC, паведамляе myfin.by.

- Так, сапраўды, тэмп росту коштаў запаволіўся, і рубель стабілізаваўся апошнім часам. Але ёсць пытанне, наколькі гэта устойліва, наколькі гэтыя тэндэнцыі могуць працягвацца, - сказаў ён.

Са слоў Бадзея, аснова любой стабілізацыі, а тым больш развіцця, - гэта прадпрыемствы, як яны жывуць, як сябе адчуваюць.

- І калі паглядзець на гэтыя пазіцыі, то, на жаль, сітуацыя на ўзроўні прадпрыемстваў абсалютна не мяняецца - прынамсі, у лепшы бок, а толькі пагаршаецца, - канстатаваў ганаровы старшыня праўлення бізнэс-саюза імя Куняўскага.

Ён прывёў звесткі па дынаміцы стратных прадпрыемстваў. Іх колькасць расце і ў абсалютных лічбах, і ў адсотках ад агульнай колькасці.

- Так, сума страт стала меншай. Але відавочна, што стварыўшы агенцтва па ненадзейных актывах і скінуўшы туды ўсе запазычанасці, можна любую лічбу скарэктаваць, - растлумачыў эканаміст.

Выступоўца звярнуў увагу на тое, што сёння ў краіне прыкладна 20 адсоткаў стратных прадпрыемстваў.

- Але яшчэ блізу 45 адсоткаў маюць рэнтабельнасць ад 0 да 5 адсоткаў. Гэта значыць, у суме больш за палову або не рэнтабельныя, або маларэнтабельныя, - рэзюмаваў ён.

Бадзей мяркуе, што ў гэтым становішчы нельга вінаваціць толькі знешнія фактары.

- Вось графік продажаў нашых нехарчовых тавараў на ўнутраным рынку. Яны ўвесь час зніжаюцца. Мы губляем канкурэнтаздольнасць як на знешнім, так і на ўнутраным, - сказаў ён.

Ён таксама назваў паказальнымі лічбы па структуры асноўных сродкаў у форме ўласнасці. У 2015-м дзяржаўная складала 47 адсоткаў, а з доляй дзяржавы яшчэ 24.

- Цалкам неабгрунтавана наша канцэпцыя пунктавай прыватызацыі. Перадаць зусім стратныя вытворчасці? Так, гэта мы гатовыя зрабіць. Але прадпрымальнікі кажуць: навошта яны нам? Туды трэба ўкласці вялікія грошы, - патлумачыў выступоўца.

Бадзей паведаміў таксама, што колькасць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў 2015-м у параўнанні з 2014-м знізілася на 6 адсоткаў, а ІП - на 3,3 адсоткі.

- Ёсць адзін істотны момант. Наш бізнэс засяроджаны ў асноўным у буйных гарадах, а ў астатняй рэспубліцы фактычна 4-5 прадпрыемстваў на тысячу жыхароў, - падзяліўся інфармацыяй ён.

Эканаміст распавёў пра тое, што бізнэс-саюз, ганаровым кіраўніком якога ён з'яўляецца, пастаянна ўносіць ва ўрад розныя прапановы. Апошні буйны пакет быў у лістападзе 2015 года.

- Павінен сказаць, урад вельмі сур'ёзна паставіўся, усе міністэрствы разгледзелі, і мы атрымалі адказы. Палова прапаноў была прынятая, але па частцы атрыманыя адмовы, - распавёў эканаміст.

З яго слоў, адмовы гэтыя - па самым балючым пытанні, напрыклад, звязаным з аздараўленнем фінансавага стану суб'ектаў гаспадарання.

- Зараз прадпрыемства цягам 3 дзён павінны аплаціць падатак на дададзеную вартасць. Але выручку яны могуць атрымаць толькі пасля рэалізацыі тавару. А на гэта трэба 2, а то і 3 месяцы, - патлумачыў ён.

Каб выйсці са становішча, суб'екты гаспадарання бяруць дарагія крэдыты, што кладзецца на іх цяжкім цяжарам.

- Мы прапанавалі: давайце зробім падатковыя канікулы, дазволім выплачваць ПДВ пасля рэалізацыі прадукцыі, не пазней, дапусцім, 60 дзён. На жаль, падтрымкі не атрымалі, - панаракаў Бадзей.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках