Дашкевіч на волі і збірае подпісы за нацыянальны сцяг
25- 24.09.2016, 16:15
- 14,021
Актывісты «Маладога фронту» выйшлі на волю.
Актывістаў Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага, якія мерыліся сёння ўдзельнічаць у зборы подпісаў на менскім праспекце Незалежнасці за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці, на некалькі гадзін затрымала міліцыя.
Змітра Дашкевіча трымалі ў Першамайскім РУУС Менска, а Сяргея Пальчэўскага ў Цэнтральным, паведаміла жонка Змітра Наста Дашкевіч.
Праз некалькі гадзін актывістаў вызвалілі. Дашкевіч ужо збірае подпісы за бел-чырвона-белы сцяг.
24 верасня з 11 раніцы на менскім праспекце Незалежнасці праходзіў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці.
Акцыю праводзяць актывісты «Маладога фронту» і аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Адзін з арганізатараў збору подпісаў Зміцер Дашкевіч на акцыю не з'явіўся. Таксама актывісты не дачакаліся Сяргея Пальчэўскага, які меў прывезці зборшчыкам подпісаў спецыяльную расцяжку, якая б інфармавала пра акцыю.
Пальчэўскі, паводле звестак «Маладога фронту», быў затрыманы на ўваходзе ў метро. Іншых зборшчыкаў подпісаў міліцыянты не затрымлівалі і не перашкаджалі ім падчас акцыі.
Першая тысяча подпісаў пад зваротам, як паведамілі ініцыятары акцыі, ужо ёсць. Але збор подпісаў будзе доўжыцца месяц.
Збор подпісаў будзе праходзіць сёння да 20.00.