2 траўня 2024, Чацвер, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: У Ташкенце дапыталі Гульнару Карымаву

4
СМІ: У Ташкенце дапыталі Гульнару Карымаву
Гульнара Карымава

Старэйшую дачку былога кіраўніка Узбекістана знайшлі жывой і ў добрым здароўі.

Прадстаўнік швэйцарскай пракуратуры ўзяў удзел 9-10 снежня ў допыце ў Ташкенце Гульнары Карымавай - дачкі былога прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава - у сувязі з расследаваннем у альпійскай рэспубліцы справы аб карупцыі і адмыванні грошай. Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю, апублікаваным у газеце Neue Zürcher Zeitung, Грэгуар Манжа, швэйцарскі адвакат Карымавай, які таксама прысутнічаў на допыце, пішуць vesti.ru.

У выданні патлумачылі, што пра старэйшую дачку Іслама Карымава нічога невядома з 2014 года, а восенню мінулага года нават з'явіліся чуткі пра яе смерць.

«Я сустрэўся з Гульнарай Карымавай у снежні ў Ташкенце ўпершыню пасля атрымання свайго цяперашняга мандата», - распавёў Манжа, адзначыўшы, што «яна знаходзіцца ў даволі добрым стане здароўя». Карымава была дапытаная ў прысутнасці двух пракурорскіх работнікаў і двух адвакатаў з Узбекістана, прадоўжыў ён. «Я не мог задаваць пытанні і некалькі разоў узбекскія пракуроры прасілі, каб я быў адхілены ад допыту», - падкрэсліў Манжа.

Паводле ягоных слоў, Карымава «паводзіла вельмі ваяўніча» і адмовілася пацвердзіць свае папярэднія заявы.

У дачыненні да расследавання ў Швэйцарыі справы яна заявіла, што «не будзе ніяк яе каментаваць датуль, пакуль не азнаёміцца з яе зместам».

Як паведаміў Манжа, яго падабаронная была арыштаваная 18 лютага 2014 года, што стала следствам «складанай палітычнай і сямейнай сітуацыі». Пры гэтым ва Узбекістане, сцвярджаў ён, супраць яе не вядзецца якой-небудзь працэдуры расследавання, і «яна ніколі не бачыла дакументаў аб якім-небудзь працэсе».

Адвакат выказаў занепакоенасць умовамі ўтрымання Карымавай, выказаўшы меркаванне, што яны не адпавядаюць міжнародным нормам, што тычацца правоў чалавека: яна утрымліваецца ў «маленькай прыбудове да яе былога дома ў цэнтры Ташкента». Пры гэтым яна «не мае права камунікаваць з вонкавым светам, няхай гэта будуць яе дзеці або адвакаты». Манжа мае намер звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі з просьбай аб абароне правоў Карымавай.

Пракуратура Швэйцарыі ў 2012 годзе заблакавала актывы на «сотні мільёнаў франкаў» у сувязі з расследаваннем справы аб адмыванні грошай, якія належаць Узбекістану. Пры гэтым, як сцвярджала швэйцарская прэса, у гэтай справе былі задзейнічаныя набліжаныя да кіраўніцтва краіны людзі.

Гульнара Карымава з 1995 года працавала ў МЗС сваёй краіны, і была на розных этапах кар'еры дарадцай-пасланніцай пасольства Узбекістана ў Расеі, дарадцай сталага прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Ёрку, намесніцай кіраўніка МЗС, сталай прадстаўніцай пры аддзяленні ААН у Жэневе і паслом у Гішпаніі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках