17 лютага – Марш абураных беларусаў
258- 20.01.2017, 17:43
- 83,352
Беларускі Нацыянальны Кангрэс праводзіць 17 лютага а 18:00 акцыю пратэсту супраць дэкрэта «аб дармаедах».
Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, якая паступіла ў рэдакцыю Charter97.org:
Цягам апошніх гадоў рэжым Лукашэнкі замест правядзення рэформаў спрабуе ўратаваць бюджэт з дапамогай новых пабораў. Без пераканаўчых абгрунтаванняў павышаецца плата за паслугі ЖКГ. Растуць падаткі для прадпрымальнікаў. Апошняй кропкай стала прыняцце Дэкрэта №3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства», які увёў новы збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.
Ужо некалькі месяцаў беларусы атрымліваюць лісты з патрабаваннем заплаціць падатак сумаю 360 рублёў. Больш за 400 тысяч грамадзянаў краіны несправядліва запісалі ў «дармаеды».
Антынародны і антыканстытуцыйны дэкрэт закрануў амаль кожную сям'ю. «Дармаедамі» ўлады лічаць хатніх гаспадыняў, якія даглядаюць дзяцей, былых студэнтаў, вайскоўцаў, іншых грамадзянаў, якія не могуць знайсці працу паводле спецыяльнасці, суайчыннікаў, якія вымушаны зарабляць грошы за мяжой, бо магчымасці працаваць на радзіме няма.
Дэкрэт фактычна ўводзіць новую форму прымусовай працы пад пагрозай пакарання. Ён не толькі супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь (Канвенцыя №105 «Аб скасаванні прымусовай працы»), але і маніпулюе тэрмінамі, скажае сапраўднае становішча і свядома падманвае грамадзян што да іх «няўдзелу» ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу
- выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія патрапілі пад дзеянне антынароднага дэкрэта №3, указа №137 ды іншых незаконных актаў і патрабуе ад уладаў неадкладнага іх скасавання. Замест таго, каб прыдумваць новыя паборы з уласнага народа, варта заняцца эканамічнымі рэформамі і стварэннем працоўных месцаў.
- падтрымлівае ініцыятыву беларускага прафсаюза РЭП пра збор подпісаў супраць Дэкрэта №3, які пачаўся 17 студзеня, і далучаецца да яе. Мы заклікаем іншыя арганізацыі і грамадзянаў краіны падтрымаць гэту кампанію.
- заклікае да правядзення 17 лютага, роўна праз месяц пасля пачатку збору подпісаў, Маршу абураных беларусаў. Акцыя пачнецца а 18:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.