7 траўня 2024, aўторак, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускага трэнера ў Расеі абавязалі выплаціць няўстойку з адсоткамі

4
Беларускага трэнера ў Расеі абавязалі выплаціць няўстойку з адсоткамі
Вадзім Скрыпчанка

Палата Расейскага футбольнага звяза абавязала Вадзіма Скрыпчанку выплаціць няўстойку Екацерынбургскаму клубу «Урал».

З гэта клуба беларускі трэнер нечакана сышоў 1 лістапада 2016 года, неўзабаве пасля скандальнага матча супраць грозненскага «Церака», у якім журналісты і адмыслоўцы ўгледзелі прыкметы дамоўленага матча, паведамляе sport.tut.by.

Скрыпчанка патлумачыў сыход з пасады галоўнага трэнера праблемамі са здароўем і неабходнасцю лекавання. Кіраўніцтва ФК «Урал» было настроенае на прадаўжэнне супрацоўніцтва, аднак змушанае было прыняць гэтую адстаўку і не стала патрабаваць ад настаўніка кампенсацыі памерам трохмесячнай зарплаты.

Аднак ужо праз некалькі дзён беларус узначаліў іншы клуб – самарскія «Крылы Саветаў», якія з'яўляюцца канкурэнтам уральцаў у барацьбе за захаванне прапіскі ў прэм'ер-лізе.

Пасля гэтага прэзідэнт «Урала» Рыгор Іваноў абвінаваціў Скрыпчанку ў здрадзе і правядзенні перамоваў за спінай у кіраўніцтва і заявіў, што больш ніколі не падасць беларусу рукі. А потым «Урал» звярнуўся ў палату РФС для развязання спрэчак, каб спагнаць са Скрыпчанкі кампенсацыю.

На пасяджэнні палаты для развязання спрэчак РФС 20 студзеня была прынятая пастанова задаволіць заяву «Урала» ў дачыненні да Вадзіма Скрыпчанкі наконт выплаты кампенсацыі за датэрміновае скасаванне працоўнай дамовы ў поўным аб'ёме. Беларускага трэнера абавязалі выплаціць Уральскаму клубу не толькі кампенсацыю за датэрміновае скасаванне працоўнай дамовы без паважных прычынаў, але яшчэ і адсоткі за затрымку выплаты, тэрмін якой скончыўся 9 студзеня.

У той самы час сустрэчныя патрабаванні Вадзіма Скрыпчанкі ў дачыненні да ФК «Урал» наконт выплаты запазычанасці паводле працоўнай дамовы ў адпаведнасці з пп. «г» п. 2 і пп. «а» ч. 1 арт. 44 Рэгламенту РФС для развязання спрэчак пакінутыя без разгляду, паведамляе афіцыйны сайт РФС.

Вадзім Скрыпчанка прыйшоў у трэнерскі штаб «Урала» летам 2015 года, дзе дапамагаў Віктару Ганчарэнку, які ў канцы жніўня нечакана пакінуў клуб напярэдадні матча ўсё з тым жа «Церакам». Журналісты тады выказалі здагадку, што Ганчарэнка не захацеў удзельнічаць у здачы матча ў кошт пазыкі за перамогу на фінішы папярэдняга сезону, якая зберагла «Урал» ад прамога вылету з прэм'ер-лігі вясной 2015 года.

Скрыпчанка ж застаўся ў Екацерынбургу, хоць спачатку таксама хацеў сысці ўслед за Ганчарэнкам, а 3 верасня быў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера. Пасля перамог над «Уфой» і «Краснадарам» Вадзім Скрыпчанка стаў галоўным трэнерам каманды. Пад ягоным кіраўніцтвам «Урал» заняў 8-е месца паводле вынікаў мінулага сезону, паўтарыўшы найлепшы вынік каманды за ўсю гісторыю выступленняў у мацнейшым дывізіёне.

Што да новай каманды Вадзіма Скрыпчанкі, то з ягоным прыходам «Крылы Саветаў», якія знаходзіліся на апошнім месцы ў турнірнай табліцы, атрымалі 2 перамогі (над «Том’ю» – 3 : 0 і «Спартаком» – 4 : 0), двойчы згулялі ўнічыю (з «Уралам» – 2 : 2 і «Краснадарам» – 1 : 1) і аднойчы саступілі (піцерскаму «Зеніту» – 1 : 3).

Набраўшы 15 балаў за 17 матчаў, «Крылы Саветаў» падняліся на 12-е месца сярод 16 камандаў і пакінулі небяспечную зону – дзве горшыя каманды наўпрост пакінуць элітны дывізіён, а 13-я і 14-я будуць змагацца за прапіску ў прэм'ер-лізе ў пераходных матчах. Чэмпіянат Расеі адновіцца вясной 2017 года.

20 студзеня стала вядома таксама наконт выкліку Вадзіма Скрыпчанкі на допыт у паліцыю. Падставай для выкліку на допыт стаў усё той самы матч 12-га тура расейскай прэм'ер-лігі «Урал» – «Церак», названы парталам Sports.ru «самым ганебным матчам восені». Пазней гэтым матчам зацікавілася еўрапейская арганізацыя барацьбы з дамоўленымі матчамі.

41-гадоваму беларускаму спецыялісту давядзецца расказаць праваахоўнікам усе дэталі і абставіны, якія спадарожнічалі правядзенню матча «Урал» – «Церак».

Нагадаем, што ў кастрычніку 2016 года ў Екацерынбургу «Церак» атрымаў валявую перамогу над «Уралам» – 4 : 1. Пры гэтым цягам матча пры ліку 1 : 1 каэфіцыент на перамогу гасцей у некаторых букмекерскіх канторах складаў 1,40 пры перадматчавым 2,20. Каэфіцыент на перамогу ў гэты час быў больш за 21,00.

Эксперты выказалі здагадку, што параза «Урала» – вяртанне пазыкі за вясновую перамогу 2015 года, якая дапамагла екацерынбургцам не вылецець з прэм'ер-лігі.

Неўзабаве пасля скандальнай гульні з «Церакам» Скрыпчанка і пакінуў «Урал».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках