6 траўня 2024, панядзелак, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лісты Міністэрства аховы здароўя: якія лекі пасля надзвычайнага здарэння ў Маладзечне трапілі пад часовую забарону

23
Лісты Міністэрства аховы здароўя: якія лекі пасля надзвычайнага здарэння ў Маладзечне трапілі пад часовую забарону
ФОТА З САЙТА FOCUS.UA

Міністэрства аховы здароўя разаслала ліст установам аховы здароўя і аптэкам пасля смерці 31-гадовай жыхаркі Маладзечанскага раёна.

Да высвятлення прычынаў, чаму ў жанчыны пасля ін'екцыі ў медпункце развілася «цяжкая непажаданая рэакцыя», прыпыненыя продаж і ўжыванне двух лекавых сродкаў пэўных партый.

Ліст «Аб прыпыненні рэалізацыі і медыцынскага прымянення лекавых сродкаў» ад 20 студзеня падпісаны намеснікам міністра аховы здароўя Вячаславам Шылам, піша tut.by.

У ім гаворыцца, што захады зробленыя ў сувязі з «адзінкавым выпадкам цяжкай непажаданай рэакцыі» ў пацыенткі пры адначасовым ужыванні наступных лекавых сродкаў:

– «Цэфтрыяксон» (парашок для падрыхтоўкі раствору для ін'екцый 1 г у флаконах, серыя 210215)

– а таксама «лідакаіну гідрахларыд» (раствор для ін'екцый 10 мг / мл у ампулах 5 мл, серыя 650910).

Абодва прэпараты вырабляюцца на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў. На падставе апавяшчэнняў вытворцы з 17 студзеня прыпыненая рэалізацыя і медыцынскае прымяненне ўказаных сродкаў гэтых партый.

«Пастанова пра магчымасці далейшай рэалізацыі і прымянення... будзе прынятая пасля высвятлення прычыны развіцця ў пацыенткі цяжкой непажаданай рэакцыі», – паведамляецца ў лісце Міністэрства аховы здароўя.

Анафілактычны шок – алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу, стан рэзка падвышанай адчувальнасці арганізма, які развіваецца пры паўторным увядзенні алергену. Адно з найбольш небяспечных ускладненняў лекавай алергіі, якое сканчаецца прыкладна ў 10 – 20% выпадкаў смяротна. Хуткасць узнікнення анафілактычнага шоку – ад некалькіх секундаў ці хвілінаў да 5 гадзінаў ад пачатку кантакту з алергенам, прыводзіць звесткі медыкаў Вікіпедыя.

Раней на ўмовах ананімнасці адзін з лекараў паведаміў, што нібыта алергічныя рэакцыі ўзнікаюць часцей, калі ўводзіць антыбіётык з мясцовых анестэтыкаў:

«Маё суб'ектыўнае меркаванне, што, разводзячы прэпарат на мясцовым анестэтыку, вы ў арганізм уводзіце два прэпараты, а не адзін. І антыбіётыкі, і мясцовыя анестэтыкі знаходзяцца ў топе прэпаратаў, на якія часцей за ўсё ёсць алергічныя рэакцыі. Медык, які будзе дапамогаць, нават ведаць не будзе, на які з двух прэпаратаў у вас алергія, таму што гэта адбылося пры аднамомантавым увядзенні двух прэпаратаў. Два прэпараты ў адным шпрыцы могуць неяк паміж сабой узаемадзейнічаць. Але ўводзіць антыбіётык без анестэтыку балюча».

Акрамя таго, Міністэрства аховы здароўя разаслала ліст «Аб аптымізацыі выкарыстання антыбактэрыйных лекавых сродкаў на амбулаторным этапе аказання меддапамогі» ад 19 студзеня за подпісам першага намесніка міністра Дзмітрыя Піневіча.

20 студзеня СМІ ўжо коратка паведамлялі пра гэты дакумент, цяпер ён даступны цалкам. Гэта рэкамендацыі ў прапанове дапамогі пацыентам на амбулаторным этапе ў выпадку выкарыстання антыбактэрыйных лекавых сродкаў – каб папярэдзіць развіццё «патэнцыйных папераджальных непажаданых рэакцый». А менавіта:

– абмежаваць прымяненне ін'екцыйных бэта-лактамных антыбактэрыйных сродкаў (пеніцылінаў, у тым ліку паўсінтэтычных, цэфаласпарынаў) на дашпітальным этапе дапамогі;

– на амбулаторным этапе праводзіць сістэмную антыбактэрыйную тэрапію пераважна пераральнымі (у форме таблетак) антыбактэрыйнымі сродкамі;

– пры наяўнасці паказанняў для правядзення парэнтэральнай сістэмнай тэрапіі (праз ін'екцыі) у абавязковым парадку шпіталізаваць пацыентаў;

– выключыць сродак «Цэфтрыяксон» з укладак для хуткай меддапамогі (аптэчак), якiя фармiруюцца на падставе загаду Міністэрства аховы здароўя № 1030 ад 30.09.2010 «Аб зацвярджэнні клінічнага пратакола хуткай меддапамогі...» (алгарытмы «пнеўманія», «высокапатагенны грып», «менінгеальная інфекцыя» – і замяніць гэты сродак на цэфаласпарын 3-га пакалення «Цэфатаксім» (разавая доза для неадкладнай дапамогі – 2 г для дарослых, 50 мг / кг для дзяцей і падлеткаў);

– пры магчымасці шпіталізацыі пацыентаў з падазрэннем на цяжкія формы пазашпітальнай пнеўманіі, грыпу – цягам 2 гадзінаў з моманту высвятлення дыягназу на амбулаторным этапе азначаны лекавы сродак «Цэфтрыяксон» не ўводзіцца;

– забяспечыць своечасовую шпіталізацыю пацыентаў з сярэднецяжкой і цяжкой пазашпітальнай бактэрыяльнай і віруснабактэрыяльнай пнеўманіямі ў аддзялення пульманалагічнага (тэрапеўтычнага) профілю;

– забяспечыць правядзенне навучальных семінараў наконт прафілактыкі, дыягностыкі і неадкладнай дапамогі пацыентам з востра развітымі алергічнымі рэакцыямі на ўвядзенне сістэмных антыбактэрыйных і іншых лекавых сродкаў – з наступным прыняццем заліку і ацэнкай ведаў медсупрацоўніка ў гэтым пытанні не радзей за 1 раз на 3 месяцы;

– паведамляць пра ўсе выпадкі цяжкіх алергічных рэакцый у пацыентаў у Цэнтр экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя, як гэта вызначана парадкам;

– забяспечыць кантроль за выкананнем правілаў адпускання лекавых сродкаў з аптэк як на рэцэпты лекараў, так і без рэцэптаў.

Нагадаем, 16 студзеня 31-гадовая жыхарка вёскі Цюрлі Маладзечанскага раёна прыйшла ў фельчарска-акушэрскі пункт (ФАП) з падазрэннем на вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю. Паводле інфармацыі следчых, медыкі прапанавалі пацыентцы таблетку, але яна настаяла на ін'екцыі прэпарату – і неўзабаве пасля гэтага загінула. Паводле словаў родных, жанчына ўзяла з сабой ампулу з антыбіётыкам, на які, верагодна, у яе развіўся анафілактычны шок. Дакладная прычына смерці пакуль не вядомая.

Паводле факта смерці жанчыны следчыя праводзяць праверку. Прызначаная экспертыза лекавых сродкаў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках