3 траўня 2024, Пятніца, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты: Памяць аб Слуцкім збройным чыне цяпер асабліва актуальная

2
Актывісты: Памяць аб Слуцкім збройным чыне цяпер асабліва актуальная

У Слуцку прадаўжаюць патрабаваць ад уладаў усталявання помніка героям паўстання.

Спачатку грамадскія актывісты Слуцка ініцыявалі зварот у перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, а цяпер да праблемы ўвекавечання памяці Слуцкага збройнага чыну падключыліся і іншыя ініцыятыўныя людзі. З лістапада да студзеня актывісты руху «За свабоду» Аліна Нагорная і Алесь Лагвінец разам з актывістамі ініцыятыўнай групы «Дзеянне» збіраюць подпісы ў Слуцку за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну, піша «Новы Час».

Ініцыятарка збору подпісаў за ўсталяванне помніка Аліна Нагорная 25 студзеня накіравала зварот у Слуцкі райвыканкам з просьбай правесці «круглы стол», прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну. Таксама грамадская актывістка звярнулася ў Слуцкую раённую бібліятэку з просьбай у лютым даць бясплатна памяшканне для гэтага мерапрыемства, якое павінна складацца з прагляду фільма «40 дзён сялянскай рэспублікі», абмеркавання значэння гэтай падзеі ў гісторыі нашай краіны з улікам тых падзей, якія адбываюцца вакол нашай краіны цяпер.

Плануецца запрасіць на мерапрыемства кіраўніцтва райвыканкама, вядомых грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў.

Цяпер актывістка чакае адказу на свой зварот і разам з сябрамі ініцыятыўнай групы «Дзеянне», актывістамі «Руху за свабоду» і Аляксандрам Лагвінцом прадаўжае збіраць подпісы пад калектыўным зваротам для ўсталявання ў Слуцку помніка паўстанцам.

«Кіраўніцтву Слуцка будзе няпроста адмахнуцца ад гэтай тэмы, - выказала сваё меркаванне актывістка. - У наш час, калі слова «незалежнасць» набыло новае гучанне, менавіта Слуцкі збройны чын з'яўляецца найбольш пераканаўчай падзеяй на шляху барацьбы за незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі і важкім аргументам у абарону суверэнітэту нашай краіны».

Да таго ж праз 3 гады будзе адзначацца 100-годдзе гэтай гістарычнай падзеі, а ў Слуцку дагэтуль пра яе няма ніводнага памятнага знака.

Таксама Аліна Нагорная праінфармавала, што 27 студзеня сябры ініцыятыўнай групы «Дзеянне» арганізуюць прагляд кінафільма «40 дзён сялянскай рэспублікі» і сустрэчу з гісторыкам Нінай Стужынскай у Менску і запрашаюць зацікаўленых грамадзян паўдзельнічаць у імпрэзе. Яна адбудзецца ў офісе «Арт-сядзібы» (пр-т Незалежнасці, 58, офіс 430) з 18 да 20 гадзін.

Алесь Лагвінец, які разам з Нагорнай актыўна ўдзельнічае ў зборы подпісаў за ўсталяванне помніка Слуцкім паўстанцам, паведаміў, што ў самім Слуцку ўжо сабраныя блізу 1000 подпісаў за помнік, таксама ствараецца грамадскі камітэт з вядомых беларусаў, каб разам паспрыяць станоўчай пастанове ўладаў.

«Культурная і палітычная спадчына гэтай велічнай акцыі - моцны гістарычны і ідэалагічны падмурак сучаснай незалежнай Беларусі. Сёння, у варунках сур'ёзных вонкавых выклікаў, гісторыя Слуцкага збройнага чыну - важкі аргумент на карысць суверэнітэту і дзяржаўнай традыцыі нашай краіны. Даўно настаў час для перагляду нашай гістарычнай спадчыны, удзячных і справядлівых ацэнак мінулага. Вельмі спадзяемся, што ўлады нарэшце гэта зразумеюць і пойдуць насустрач патрыятычнай прапанове грамадзян», - падкрэсліў Алесь Лагвінец.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках