18 траўня 2024, Субота, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ збіраецца закрыць расейскаму ЗПГ дарогу праз еўрапейскія парты

5
ЕЗ збіраецца закрыць расейскаму ЗПГ дарогу праз еўрапейскія парты

Дэталі.

Упершыню пасля таго, як рэжым Уладзіміра Пуціна развязаў вайну ва Украіне, Еўразвяз мае намер увесці санкцыі супраць расейскага газу. У 14-ы пакет санкцыяў плануецца ўключыць забарону на перавалку расейскага ЗПГ у еўрапейскіх партах і захады супраць трох прадпрыемстваў «Наватэка».

Праект прапановаў Еўракамісіі можа быць абнародаваны ўжо ў гэтую пятніцу, паведамляе Politico са спасылкай на трох дыпламатаў ЕЗ.

Значная частка паставак, перш за ўсё з праекту «Наватэка» «Ямал ЗПГ», праходзіць праз еўрапейскія парты, а потым накіроўваецца ў іншыя краіны. Так, летась, паводле звестак Цэнтра даследавання энэргетыкі і чыстага паветра (CREA), ЕЗ атрымаў з Расеі 20,2 млрд кубаметраў ЗПГ. З іх у партах блока было перагружана 6 млрд, з якіх 4,4 млрд кубаметраў (22%) скіраваліся ў краіны за межамі ЕЗ, а 1,6 млрд (8%) – у іншыя краіны звязу.

Кошт пастаўленага ў ЕЗ расейскага ЗПГ (у тым ліку для перавалкі) склаў 8,2 млрд еўраў, паводле ацэнкі CREA. Такім чынам, страты Расеі ад забароны на выкарыстанне партоў краінаў ЕЗ для перагрузкі газу ў нееўрапейскія краіны складуць 1,8 млрд еўраў, а ва ўсе краіны, уключаючы дзяржавы блока, – 2,5 млрд еўраў.

Аднак эмбарга прымусіць «Наватэк» радыкальна мяняць бізнэс-мадэль, бо «Ямал ЗПГ» карыстаецца еўрапейскімі партамі, каб перагружаць газ з ледакольных ЗПГ-танкераў на звычайныя – і выпраўляць потым у іншыя краіны. «Калі яны не змогуць перагружаць газ у Еўропе, ім давядзецца выпраўляць ледакольныя танкеры па больш доўгіх маршрутах, гэта значыць колькасць адправак скароціцца, бо караблі не змогуць вяртацца так хутка, як цяпер», – кажа Лора Пэйдж, газавая экспертка Kpler.

Маршруты транспартавання ЗПГ з Арктыкі стануць значна даўжэйшымі і даражэйшымі, а аб'ёмы экспарту скароцяцца, дадае Уладзімір Слівяк, сустаршыня экалагічнай групы «Экаабарона!»: «15 ледакольных ЗПГ-танкераў класу Arc7 былі пабудаваныя спецыяльна для экспарту ЗПГ з Ямала... Са снежня да чэрвеня [тэрмінал] абслугоўваецца выключна гэтымі танкерамі. Хоць з ліпеня да лістапада яго абслугоўваюць іншыя караблі, ільвіная частка нават у гэты перыяд перавозіцца танкерамі Arc7».

Петрас Кацінас, аналітык у энэргетыцы CREA, называе забарону на выкарыстанне партоў «добрым першым крокам», але недастатковым для таго, каб сур'ёзна ўдарыць па прыбытках Крамля, які вядзе вайну ва Украіне. А вось магчымыя санкцыі ЕЗ супраць праекту «Арктык ЗПГ 2», ягоных тэрміналаў у Мурманску і Усць-Лузе Кацінас называе бессэнсоўнымі, таму што яны не звязаныя з пастаўкамі ў Еўропу.

Хоць імпарт трубаправоднага газу з Расеі ўпаў больш як на 80 адсоткаў, ЕЗ павялічыў набыццё звадкаванага на 40 адсоткаў летась у параўнанні з даваенным 2021-м. У гэтым годзе, паводле звестак S&P Global на 9 красавіка, імпарт ЗПГ дасягнуў 4,89 млн тонаў (6,85 млрд кубаметраў): гэта больш за 16% ад сукупных паставак ЗПГ, у той час як за першыя чатыры месяцы 2023 г. дзель расейскага газу склала 12,74 адсоткаў. Асноўныя пакупнікі – краіны з буйнымі магутнасцямі для прыёму і рэгазіфікацыі ЗПГ: Гішпанія, Францыя і Бельгія. Дзель Расеі ў іх сукупным імпарце ЗПГ склала сёлета 32%, 49% і 27% адпаведна.

У залежнасці ад таго, як Еўракамісія ў сваім дакуменце аб забароне вызначыць тэрмін «перавалка», у Еўропе санкцыі мацней за ўсё могуць паўплываць на гішпанскую кампанію Naturgy, французскую Elengy і бельгійскую Fluxys, у якіх ёсць доўгатэрміновыя кантракты, звязаныя з пастаўкай і перагрузкай ЗПГ з Ямала, сказаў Politico Кацінас. Паводле ягоных словаў, пакуль не зразумела, як Еўракамісія сфармулюе забарону і ці дазволіць кампаніям у аднабаковым парадку скасаваць кантракты, не асцерагаючыся пазоваў і штрафаў.

Калі мэта санкцый – скараціць патэнцыял фінансавання вайны, то ў выпадку з ЗПГ мэта гэтая не вельмі дасягаецца, мяркуе эксперт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін. Пастаўкі ЗПГ на еўрапейскі рынак прыносяць у федэральны бюджэт мала прыбытку: міжнародны кансорцыум, які працуе на «Ямал ЗПГ», пастановай ураду вызвалены ад выплаты падатку на здабычу карысных выкапняў, вывазной мыты, падатку на імпарт абсталявання і іншых збораў (за выключэннем нязначнай часткі падатку на прыбытак). Праўда, «Наватэк» плаціць у бюджэт падаткі з прыбытку, але не канкрэтна з гэтага праекту, а ў цэлым – як вялікая карпарацыя, паказвае Круціхін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках