Бэрлін рыхтуецца адбіваць хакерскія атакі перад выбарамі
- 9.01.2017, 21:25
- 12,549
Улады ФРГ сур'ёзна ставяцца да магчымых кібератак з Расеі перад выбарамі ў бундэстаг.
У Бэрліне выклікае неспакой пагроза хакерскіх нападаў падчас перадвыбарчай кампаніі ў Нямеччыне, падобныя да тых, якім зазналі ЗША, паведамляе dw.com.
"Мы вельмі сур'ёзна ўспрымаем небяспеку кібератакі", - заявіў у панядзелак, 9 студзеня, афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфан Зайбэрт.
Паводле ягоных слоў, Бэрлін вывучае даклад амерыканскіх спецслужбаў, у якім сцвярджаецца, што расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін асабіста загадаў правесці кампанію кібератакі з мэтай паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. "Гэтая праверка яшчэ не скончаная", - адзначыў Зайбэрт.
У той жа час урад ФРГ усведамляе, магчымасць спроб Масквы паўплываць на грамадскае меркаванне якой-небудзь з суседніх краін. Таму ўлады Нямеччыны працуюць над паляпшэннем сродкаў барацьбы супраць такіх нападаў.
5 студзеня амерыканскія спецслужбы падалі дзейнаму прэзідэнту ЗША Бараку Абаму справаздачу аб кібератаках, зробленых у перыяд перадвыбарнай гонкі.
Паводле іх звестак, хакеры дзейнічалі пад кіраўніцтвам высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў. Абама, у сваю чаргу, папярэдзіў аб магчымым уварванні расейскіх хакераў у сістэмы тых еўрапейскіх краін, у якіх неўзабаве будуць выбары.
У Нямеччыне восенню 2017 года пройдуць выбары ў бундэстаг.