3 траўня 2024, Пятніца, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жаўнер тэрміновай службы ў вучэбнай часці ў Печах: Цяпер вялікая шуміха тут праз трагедыю

40
Жаўнер тэрміновай службы ў вучэбнай часці ў Печах: Цяпер вялікая шуміха тут праз трагедыю
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Ва ўсіх жаўнераў тэрміновай службы адабралі мабільныя сродкі сувязі.

«Еўрарадыё» паводле сведчанняў жаўнераў аднаўляе падзеі, якія прывялі да смерці 21-гадовага хлопца тэрміновай службы ў Печах. Жаўнеры, службоўцы ў частцы №43064, дзе сёлета 3 кастрычніка знойдзены павешаным Аляксандр Коржыч, баяцца гаварыць з журналістамі. Камунікуюць урыўкамі - калі не бачыць ніхто з начальства - і на ўмовах строгай ананімнасці.

«Цяпер вялікая шуміха тут праз здарэнне. Ва ўсіх адабралі мабільныя сродкі [сувязі]. Ведаю, што пацвердзіўся факт, што з [банкаўскай] карткі [Коржыча] здымаліся грошы з розных месцаў. У сталовай адзін сяржант сказаў, што таго прапаршчыка звольнілі, які карыстаўся той картай», - кажа адна з такіх ананімных крыніц.

Яшчэ ўлетку жаўнер тэрміновай службы Аляксандр Коржыч прасіў сяброў, якія засталіся на «грамадзянцы», прасачыць, хто здымае грошы з ягонай банкаўскай карткі, якая патрапіла ў рукі старэйшых па службе. «Я тады зрабіў скрыншоты з інтэрнэт-банкінгу, - распавядае Ілля Казубоўскі, найлепшы сябар Коржыча. - Там бачныя пакупкі ў кавярні «Воін» [на тэрыторыі 72-га вучэбнага цэнтра. - Заўвага.] І «Зорка», і два запар зняцці з банкамата па 10 рублёў».

Яшчэ адна крыніца ў роце, дзе служыў Коржыч, распавядае, што да сяржантаў, якія, як мяркуецца, адабралі ў хлопца смартфон, былі ўжытыя дысцыплінарныя санкцыі: «Той чалавек, які карыстаўся мабільным тэлефонам жаўнера, што скончыў жыццё самагубствам, адразу ж паехаў на гаўптвахту пасля сяржанцкай нарады».

Гаворка ідзе пра сяржанта Б. «Паехаў [на гаўптвахту] ён праз тое, што карыстаўся гэтым смартфонам. Але, як я чуў, асноўная прычына была ў тым, што ў гэтай роце прадаваліся мабільныя прылады. Як гэта рабілася: жаўнер плаціў ад 30 рублёў за тое, каб карыстацца сваім мабільным тэлефонам да канца навучання. Другі сяржант - С. - быццам бы таксама ў гэтым задзейнічаны, але я не ведаю, пацвердзілася гэта ці не», - прадаўжае крыніца.

Раней мама Аляксандра Коржыча распавядала, што яе сын за 30 рублёў прадаў свой смартфон каму-небудзь з іншых службоўцаў у частцы. Аб гэтым ёй сказаў адзін з малодшых афіцэраў: маўляў, Саша «востра меў патрэбу ў грашах». Пры гэтым, паводле падлікаў сваякоў і сяброў Коржыча, на месяц яны пераводзілі на ягоную банкаўскую картку блізу 500 рублёў.

Нагадаем, 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, закліканы на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію катэгарычна не вераць.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемастасункаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыненняў падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы).

Дарэчы, гэта другая трагедыя за год у Печах - 31 сакавіка ў пятлі знайшлі яшчэ аднаго хлопца - Арцёма Басцюка. Як стала вядома сёння, следчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую паводле факта смерці Басцюка.

Гомельскія праваабаронцы стварылі петыцыю на сайце zvarot.by з патрабаваннем стараннага расследавання гібелі Аляксандра Коржыча і за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках