19 траўня 2024, Нядзеля, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі бізнэс не хоча плаціць «адчэпнае»

26
Беларускі бізнэс не хоча плаціць «адчэпнае»

Бізнэсоўцы не хочуць мець спецыяльны ўклад у банку.

У бізнэс-асяроддзі працягваецца дыскусія з нагоды праекта дэкрэта «Аб забеспячальным дэпазіце».

Бізнэсоўцы, апытаныя карэспандэнтам tut.by, скептычна настроеныя ў дачыненні да гэтай ініцыятывы.

Нагадаем, праект дэкрэта «Аб забеспячальным дэпазіце» прадугледжвае, што прадпрымальнікі могуць размясціць у Беларусбанку дэпазіт не менш чым на 50 тысяч рублёў і на падставе гэтага змогуць быць вызваленыя ад адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці ў выпадку ўчынення асобных тыпаў эканамічных злачынстваў. У выпадку, калі грошай на дэпазіце недастаткова, крымінальная справа ў дачыненні да прадпрымальніка распачынаецца, але крымінальны працэс «праходзіць паводле больш мяккай працэдуры», падкрэсліваюць распрацоўнікі дэкрэта.

Нормы для карупцыі

Экспэрты Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў мяркуюць, што праект дэкрэта «Аб забеспячальным дэпазіце» у гэтай рэдакцыі трэба адхіліць. «Прапанаваны праект не адпавядае заяўленым у яго прэамбуле мэтам, а таксама будзе супярэчыць нормам Канстытуцыі. У выпадку прыняцця гэтага праекта дэкрэта спатрэбіцца ўнясенне значных змен у дзейнае заканадаўства, а менавіта ў КК, КПК, КоАП і ПВКоАП. Мяркуем, што змяняць Крымінальны кодэкс трэба не дэкрэтам, а старанна прапрацаваным праектам закона «Аб унясенні змен у КК і КПК», гаворыцца ў лісце саюза на адрас Мінэканомікі.

Гэты праект, у якім змяшаліся юрыдычныя і фізічныя асобы, нясе «высокую ступень рызыкі ў частцы карупцыягеннасці, бо ўлічвае наяўнасць суб'ектыўнага меркавання кантралёра». Але пры гэтым «не пазначаная адказнасць службовых асоб органа крымінальнага пераследу або органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, у выпадку прызнання судом пастановы нядзейнай».

«Прыняцце гэтага праекта фактычна будзе заахвочваць да ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў», уважаюць аўтары ліста.

Нагода для палёту фантазіі праваахоўнікаў

Калі бізнэсовец стварае такі дэпазіт, ён тым самым прызнае сябе патэнцыйным злачынцам, гэта значыць, не ўпэўнены ў законнасці сваёй дзейнасці і яго варта дадаткова праверыць, адзначаюць экспэрты. Беларускі IT-прадпрымальнік мяркуе, што дэкрэт у такім выглядзе «нічога не вызначае для бізнэсу, але дапамагае следчаму знайсці «салодкае» і зняць дэпазіт». «Няясна, што такое шкода ў гэтай катэгорыі спраў і як наогул факт шкоды даводзіцца, калі суда няма - адпаведна, на практыцы дазнавальнік можа што хочаш прызнаць за шкоду і патрабаваць аплаты. Методыкі разліку шкоды няма - яна вызначаецца следчым прыблізна, адпаведна, заўсёды можна «налічыць» больш, чым на дэпазіце. А паводле гэтага дэкрэту гэта значыць, што чалавека можна затрымаць», - выказаў меркаванне суразмоўца на ўмовах ананімнасці.

Два бізнэсоўцы з топ-200 «Ежедневніка» ў гутарцы з карэспандэнтам tut.by таксама сказалі, што не будуць ствараць забеспячальнага дэпазіту. Адзін з іх не мерыцца «даваць нават падставы [праваахоўным органам] для палёту фантазіі». «Гэта дзіцячае лапатанне нейкае. Спытаў [ва ўплывовых людзей], хто распрацоўваў [праект дэкрэта], ніхто не ведае. Думаю, гэта няўдалы гібрыд, створаны на падставе жадання адных [бізнэсоўцаў] не сядзець у турме, а другіх [праваахоўнікаў] далей «даіць» бізнэс», - сказаў другі суразмоўца.

Для прадпрымальніка Аляксея з Мінска 50 тысяч рублёў - «гэта сур'ёзная сума, каб яе замарожваць». «Гэта відавочна ініцыятыва вялікага бізнэсу, які, здаецца, далёкі ад праблем ІП. Калі ў цябе даходы вымяраюцца мільёнамі даляраў, то пакладзі няшчасныя 25 тысяч і рабі, што хочаш. Давайце шчыра: усе гучныя гісторыі - там было да чаго прычапіцца. Бізнэс кажа, што не будзе класці? Першыя спробы праваахоўнікаў - і адразу ж пабягуць у Беларусбанк», - сказаў ён.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках