19 сакавiка 2024, aўторак, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Кабанчук: Не можа быць пры Лукашэнку эфектыўнага войска

30
Вадзім Кабанчук: Не можа быць пры Лукашэнку эфектыўнага войска
Вадзім Кабанчук

Войска — адлюстраванне як у люстэрку беларускай дзяржавы.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і арганізацыі «Край», а цяпер валанцёр ва Украіне, лаўрэат Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2016 год Вадзім Кабанчук, каментуючы гібель жаўнера Аляксандра Коржыча ў Печах.

- Сёння ўся Беларусь абмяркоўвае гібель жаўнера тэрміновай службы ў Печах. Дзякуючы незалежным СМІ, выкрываюцца новыя падрабязнасці рэалій беларускага войска. Раскажыце, ці маюць месца такія сітуацыі ва Узброеных Сілах Украіны? Ці можаце вы параўнаць беларускае і ўкраінскае войскі?

- Калі краіна знаходзіцца ў стане вайны, то такія выпадкі проста немагчымыя. Вайскоўцы ўзброеныя і такія здзекі цярпець не будуць. А па-другое, само ўкраінскае войска вельмі змянілася. Гэта не войска ўзору 2013-2014 гадоў, сёння большую частку вайскоўцаў складаюць добраахвотнікі. Людзі, якія свядома зрабілі выбар абараняць сваю Радзіму, не ў мірны час, а падчас ваеннага канфлікту, якасна адрозніваюцца ад прызыўнікоў. Вельмі адрозніваецца і афіцэрскі склад.

Вялікі ўплыў на гэтыя змены зрабіла сама ўкраінская дзяржава. Безумоўна, украінскае войска з'яўляецца правапераемнікам Савецкай Арміі, але Украіна развівалася іншым шляхам, не так, як Расея і Беларусь. Вялікі ўпор рабіўся на гісторыю і патрыятычнае выхаванне. Вось і атрымліваецца, што ўкраінскае войска адрозніваецца ад беларускага і расейскага, хоць узбраенне засталося савецкім. Але справа ў тым, што можна даць самае найлепшае ўзбраенне нематываванаму войску і яно проста разбяжыцца.

Мы бачылі такое падчас Другой Сусветнай вайны, калі Вермахт пачаў наступ на Савецкі Саюз. У першыя месяцы баёў разбягаліся цэлыя дывізіі. Адступленне спынялі спецыяльныя загараджальныя атрады і варварскія загады, такія як: «Аб захадах для ўмацавання дысцыпліны і парадку ў Чырвонай Арміі і забароне самавольнага адыходу з баявых пазіцый», або ў прастамоўі «Ні кроку назад!» Тых, што адыходзілі і трапілі ў палон, абвяшчалі «ворагамі народа», пачынаўся пераслед іх сем'яў. Гэтыя загараджальныя атрады праіснавалі да самага канца вайны. Ніводнае войска так не ваявала. Наш народ панёс такія страты, што дагэтуль улады баяцца называць рэальную колькасць ахвяр Другой Сусветнай вайны.

- Стала вядома, што дзяржаўныя СМІ называлі прапаршчыкаў з Печаў «марай камандзіра» і «бацькамі салдат». Як вы думаеце, ці ведаў вышэйшы афіцэрскі склад аб нестатутных дачыненнях у Печах. Хто напраўду павінен адказваць за гэта злачынства?

- Безумоўна, на ўзроўні старшыны роты, на ўзроўні камандзіра роты, батальённых камандзіраў — усё вядома. Можа, камандзір брыгады асабіста і не ведаў кожнага жаўнера, але выдатна сабе ўяўляў тое, што адбываецца ў ягоным падраздзяленні. Камандзіры сярэдняга звяна (лейтэнанты, капітаны), безумоўна, валодалі сітуацыяй. Бо ўсё гэта мае свае карані ў Савецкай Арміі, калі адказнасць камандзіры пераклалі на сяржантаў і прапаршчыкаў. Яны займаліся ўтрыманнем нематываванага войска ў «яжовых рукавіцах».

Давайце адкажам сабе на пытанне: «Што такое беларускае войска?» Гэта войска, у якім ніхто не хоча служыць. Большасць прызыўнікоў — тыя, хто не змог паступіць у ВНУ або не змог назбіраць грошай, каб адкупіцца ад войска. Вось і выходзіць, што гэта не самыя адукаваныя людзі. Не тыя людзі, якія адказваюць сучасным выклікам. Безумоўна, там шмат добрых, адукаваных і годных людзей, вартых камандзіраў і афіцэраў. Але сама сістэма — правапераемніца савецкай, з усімі вынікаючымі наступствамі, праблемамі, благімі загадамі камандзіраў, такімі як «снег кубікамі раўняць», чым, наколькі я ведаю, і займаліся ў Печах.

Вось і атрымліваецца, што камандзіры, спрабуюць з дапамогай дзедаўшчыны неяк трымаць пад кантролем гэтых людзей, якія часта ўвабралі ў сябе дваровыя і крымінальныя традыцыі і прынеслі іх з сабой у войска.

- Як вы думаеце, чаму беларусы так востра адрэагавалі на гэты выпадак, бо такія сітуацыі ўжо мелі месца.

- Таму што з гэтай сістэмай сутыкнуліся тысячы беларускіх сем'яў. Можа, у іншых месцах дзедаўшчына не такая жорсткая, як у Печах, але мае месца ў многіх вайсковых частках. Таму і ўзнікла такая рэакцыя. Ведаеце, гэта як пар, які збіраецца, а потым адбываецца выбух. Але ўсе павінны ўсвядоміць, што гэтую праблему не развяжа міністр абароны, ні камандзіры частак, ні камандзіры сярэдняга звяна.

Войска — гэта адлюстраванне як у люстэрку беларускай дзяржавы. Не можа быць у жабрацкай дзяржаве эфектыўнага войска, не можа быць эфектыўнага войска, калі яго збіраюць з-пад палкі. Самыя найлепшыя жаўнеры ў свеце — прафесійныя, калі людзі свядома робяць выбар, калі чалавек адчувае пакліканне абараняць Радзіму, а не праз крымінальная адказнасць за ўхіленне ад вайсковай службы, якая яму пагражае. «Эканамічная мадэль» беларускай дзяржавы не дазваляе стварыць баяздольнае войска. Можа ўлады не разумеюць, што ў сённяшніх рэаліях адыгрывае ролю прафесіяналізм і ўзбраенне, а не колькасны склад.

Нагадаем, што 3 кастрычніка 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, закліканы на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію катэгарычна не вераць.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемастасункаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыненняў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Дарэчы, гэта другая трагедыя за год у Барысаве — 31 сакавіка ў пятлі знайшлі яшчэ аднаго хлопца — Арцёма Басцюка. Следчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую паводле факта смерці Басцюка.

У сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы, таксама адхіленыя ад пасадаў пяць вайскоўцаў у Печах.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках