8 траўня 2024, Серада, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамога: Незалежны прафзвяз РЭП абараніў правы мантажніка з Берасця

1
Перамога: Незалежны прафзвяз РЭП абараніў правы мантажніка з Берасця

Юрыст Уладзімір Малей давёў у судзе, што слесара-мантажніка Паўла Мрочку незаконна пазбавілі прэміі.

Чалец прафзвязу РЭП, Павел Мрочка працуе ў КУПСП «Брэстжылбуд» мантажнікам санітарна-тэхнічных сістэм. У ліпені 2017 года начальнік абвінаваціў яго ў тым, што працаўнік сарваў гідраўлічныя выпрабаванні сістэмы ацяплення, за што пазбавіў прэміі на 10%, піша praca-by.info.

Павел Мрочка не пагадзіўся з гэтым, і справа дайшла да суда, дзе інтарэсы работніка прадстаўляў прававы інспектар працы прафзвязу РЭП Берасцейскай вобласці, юрыст Уладзімір Малей.

У той дзень, калі былі сарваныя гідраўлічныя выпрабаванні на новабудоўлі, Павел Мрочка і ягоны напарнік атрымалі заданне ад прараба падрыхтаваць аб'ект да здачы. Выпрабаванні сістэмы ацяплення праводзяцца такім чынам: у доме адчыняюцца ўсе краны, падаецца вада, і на кантрольным манометры фіксуюць, ці змяняецца ціск; правяраюць, ці герметычная сістэма.

Але пры падрыхтоўцы да здачы аб'екта Павел Мрочка і ягоны напарнік выявілі, што адна з кватэр дома зачыненая на ключ; гэта значыць, адкрыць краны там ніяк не магчыма. Кватэра гэтая была ў распараджэнні цесляроў, якія захоўвалі там асабістыя рэчы. Мантажнікі заняліся пошукам ключа, на што пайшоў і іх абедзенны час, але пошукі не ўвянчаліся поспехам. Тады Павел Мрочка далажыў прарабу, што сістэма да выпрабаванняў гатовая, за выключэннем адной кватэры, у якую ён не мае доступу. Прараб на гэта адказаў «Шукайце ключ».

У выніку работнікі прадаўжалі пошукі ключа. Ён усё ж быў знойдзены, але за гэты час паспеў прыехаць і з'ехаць прыёмшчык - спецыяліст з «Брэстэнэрга», які адмовіўся прымаць дом.

Начальнік участка паведаміў мантажнікам, што праз іх нядобрасумленнае стаўленне да працы не прынятая апрасоўка сістэмы ацяплення. Але Павел Мрочка палічыў гэта несправядлівым і звярнуўся па дапамогу ў свой прафзвяз РЭП.

Урэгуляваць праблему з наймальнікам не атрымалася, і Юрыст Уладзімір Малей напісаў пазоў у суд, у якім сцвярджаў, што мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм не адказвае за адчыненне кватэр у здаваным доме:

- Возьмем адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік: Няма там такога ў абавязках слесара! Чаму за няздачу аб'екта адказваць павінен слесар-мантажнік, а не ягоны начальнік, які не арганізаваў працу? - распавядае Уладзімір Малей.

- На першае судовае паседжанне мы выклікалі ўсіх: і начальніка ўчастка, і прараба, і майстра, і сведак: усе былі. Я спадзяюся, што пасля гэтага судовага паседжання яны будуць працаваць лепш: гэта значыць, кожны выконваць свае абавязкі. Бо кантралёры павінны правяраць гатоўнасць і якасць работы! Суддзя ўлічыў усе нашы аргументы.

Пазоўныя патрабаванні суд, які прайшоў 9 кастрычніка, задаволіў цалкам: дысцыплінарнае спагнанне, накладзенае на Паўла Мрочку, павінна быць скасаванае, а з адказчыка - «Брэстжылбуду» - будзе спагнаная нявыплачаная сума прэміяльных даплат сумай 12,97 рублёў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках