7 траўня 2024, aўторак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За колькі прадаюць свае маёнткі новыя беларускія «феадалы»?

22
За колькі прадаюць свае маёнткі новыя беларускія «феадалы»?

На рынку нерухомасці з'явіліся раскошныя маёнткі і «радавыя гнёзды».

Цесныя гарадскія кватэры — гэта месца, дзе людзі прывыклі вячэраць і начаваць перад працоўнымі буднямі. Уласны кут у ячэістай бетоннай скрынцы і градка на пяці сотках зямлі не задавальняюць тэрытарыяльную патрэбу чалавека. І, хоць часы родавых гнёздаў даўно сышлі ў мінулае, мець такое гняздо, а не гняздзечка — мара многіх з нас. Realt.by высветліў, колькі каштуе звярнуць гэтую мару ў рэальнасць.

За $350 тысяч на продаж выстаўленая старадаўняя рэканструяваная сядзіба ў Прылуках (10 км ад Менска). У распараджэнні ўласніка — 64,4 соткі зямлі проста на беразе ракі Пціч. 37 з іх аформлены ў пажыццёва-спадчыннае валоданне для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, а 25 сотак замацаваныя за юрыдычнай асобай. Будынак сядзібы таксама ўважаецца як вытворчы, яго гатоўнасць складае 80%. Калі дом будзе здадзены ў эксплуатацыю, яго можна будзе перааформіць у жылы, а пляц — ва ўласнасць.

Уласнік Аляксандр Мікалаевіч распавёў, як стаў уладальнікам старадаўняй сядзібы, колькі выдаткаваў на яе рэканструкцыю і чаму наважыў прадаць.

— Я купіў гэтую сядзібу ў 1991 годзе. З 1988 г яна была ў мяне ў арэндзе. Да 2015 года я трымаў у ёй майстэрню ў вытворчасці металаканструкцый. Спачатку справы ішлі добра, потым горш, у сотні разоў павялічыўся падатак на зямлю, мне стала нявыгадна ўтрымліваць гэта прадпрыемства, я закрыў яго і перарабіў пад жылы дом.

Мяркуючы з пашпарта, будынак пабудаваны ў 1870 годзе, але статус гісторыка-культурнай каштоўнасці яму не прысвоены. Кажуць, што ён належаў графу Чапскаму. З 1924 да 1971 года ў ім знаходзілася прылукская сярэдняя школа.

— Калі я атрымаў будынак у арэнду, ён знаходзіўся ў аварыйным стане. Драўляныя перакрыцці згнілі, сцены, часткова цагляныя, часткова драўляныя, таксама давялося разбіраць. Захаваўся толькі склеп і сцены першага паверха. Усё астатняе — новае, надбудаванае.

— За сядзібу я заплаціў усяго 7 тысяч савецкіх рублёў, зарабляючы за месяц блізу 5 тысяч. А вось рэканструкцыя вельмі дарагая, доўгая і карпатлівая. Паводле маіх ацэнак, з улікам транспарту і працы яна абышлася пад $300 тысяч.

— Я вывез адтуль больш за сто МАЗаў бітай цэглы. Пабудаваць новы будынак з нуля абышлося б значна танней. Але мне хацелася захаваць гэтыя элементы даўніны, прыгожы склеп арачнага тыпу. Тым больш, такое ўнікальнае месца: блізка да Менска, вялікі пляц проста на беразе Пцічы, прыгожы лес.

— Чаму цяпер, калі справа амаль даведзеная да канца, вы прынялі пастанову прадаць сядзібу?

— Я будаваў яе з разлікам на тое, што мы будзем там жыць вялікай сям'ёй, разам з дзвюма дочкамі і іх сем'ямі. Хацелася пабудаваць радавое гняздо. Але жыццё пайшло паводле іншага сцэнару: малодшая дачка з'ехала за мяжу, у яе там свой дом і свая сям'я. Старэйшая жыве ў Менску, у яе таксама ўсё ёсць. Абедзве яны — «дзеці асфальту», нават шашлык не ўмеюць пасмажыць, і прыязджаюць у Прылукі як на лецішча, пагуляць. Цяпер дачка, якая жыве за мяжой, кліча мяне да сябе, і я не супраць да яе прыехаць. А радавое гняздо ў нашай сям'і выявілася нікому не патрэбным.

У склад сядзібы ўваходзяць 2 будынкі. Закансэрваваны жылы дом — цяпер у ім гатовыя тры ўзроўню на 748 «квадратаў». Паводле праекту ёсць яшчэ чацвёрты, мансардны паверх, разам з якім агульная плошча жылога дома складзе 1060 кв. м. Другі будынак — складскі, яго плошча — 256 кв. м. Некалькі пакояў у доме гатовыя для пражывання.

За тыя ж $350 тысяч на продаж выстаўленая сядзіба ля Астрашыцкага Гарадка (за 25 км ад Менска). На дзялянцы 62 соткі размешчаны катэдж, лазня, гараж, альтанка і гаспадарчыя пабудовы. Усё гэта будавалася ў 2014 годзе і цалкам гатовае да эксплуатацыі. Дамы са зрубу аздобленыя высакародным дрэвам, інтэр'ер выкананы ў вясковым стылі. Агульная плошча — 147 кв. м. Газ, каналізацыя і цэнтральны водаправод уведзеныя ў дом, але ёсць і руская печ, якая дапаўняе інтэр'ер сельскім каларытам. Дзялянка мяжуе з лесам.

За $1,15 млн на продаж выстаўлены вялікі дом у ангельскім стылі, размешчаны ў а/г Ждановічах (3,5 км ад Менска). Агульная плошча дома — 502 кв. м, на зямельным надзеле 11 сотак высаджаны ангельскі газон. Вышыня столяў — 4-6 метраў. Катэдж гатовы толькі звонку, выдаткі на інтэр'ер лягуць на плечы новага ўласніка.

За тыя ж $1, 5 млн на продаж выстаўлены шыкоўны маёнтак (інакш не назавеш) у вёсцы Суле, у 54 км ад Менска. На пляцы амаль у цэлы гектар размешчаны дом са зрубам на 280 кв. м з вялікай верандай (130 кв. м), аўтаномным ацяпленнем, каналізацыяй і свідравінай. Унутры — інтэр'ер у вясковым стылі. Кафляныя печы і мэблю распісвалі вядомыя беларускія мастачкі. Акрамя дома, на пляцы ёсць футбольнае поле, дзве лазні, гасцявы дом, гараж, пчальнік, птушнік, казлятнік, вальер для сабак, а таксама сажалка з рыбай, не кажучы пра альтанкі і іншыя элементаў ландшафтнага дызайну, да якіх адчуваюць слабасць ахвотныя набыць катэдж у Менскай вобласці. Дзялянка аточаная лесам.

Нарэшце, за $1,2 млн на продаж выстаўленая сядзіба «Новае гарадзішча», размешчаная побач з Лагойскам. У адрозненне ад астатніх аб'ектаў нашага агляду, будавалася яна не для вялікай сям'і, а для бізнэсу. У распараджэнні ўласніка — 3 га зямлі, два гасцявыя дамы (агульная плошча — 250 кв. м), лазня з басейнам і мансардай, дзве летнія кухні, барбекю, сажалка з рыбай, фантан і рэстарацыя. У сядзібе могуць з камфортам размясціцца 25 чалавек.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках