8 траўня 2024, Серада, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі сталі дзядамі, то не прыгняталі маладых»

14
«Калі сталі дзядамі, то не прыгняталі маладых»

Вядомыя беларусы распавялі аб службе ў войску.

Пасля публічнага допісу лідара "Дай Дарогу!" Юрыя Стыльскага аб ягоным досведзе службы ў беларускай войску, "Еўрарадыё" запыталася іншых беларускіх знакамітых асоб аб “дзедаўшчыне”.

Юрый Стыльскі, навабранец сярэдзіны 90-х. Служыў у Мар'інай Горцы ў выведным батальёне.

"Ведаеце, што такое сушыць кракадзіла або падумаць ля бетоннага муру? А лася? Бачылі, як людзі плачуць ад дзятла? Не? Я бачыў! А перавод з “духа” ў “чайнікі”? Калі лепш маліцца, каб бляхай дзягі не патрапілі па яйках, бо лупяць так, што на азадку застаюцца зоркі! А “фанеру” да агляду? У мяне яна была сіняя. Уся! З жоўтымі разводамі і выгнутай унутр гузікам, гэта я пра сваю грудную клетку. І не ў аднаго мяне...

Ведаеце, за што? За тое, што няма з сабой цыгарэт, а трэба частаваць. Нават калі не курыш, абавязаны купіць і насіць пры сабе. Яшчэ таму, што на пытанне "Колькі?" забыўся колькасць дзён, якія засталіся да загаду аб дэмабілізацыі, за тое, што няма змогі больш адціскацца, за тое, што не ўсміхаешся, не сказаў "Дзякуй" за правільнае выхаванне! А збіць калегу, бо паб'юць цябе, чулі такое?

А даказаў начальству — гамон! Наогул заціснем, паводле статуту жыцьмеш, зацягнуты і зашпілены да дэмабілізацыі хадзіцьмеш і размаўляць з табой будзе ганебна і забаронена, а хто будзе размаўляць, такім жа стане. І ніхто ніколі вам не прызнаецца, як мардаваўся, загартоўваўся, так бы мовіць, вучыўся жыццю і вайсковай справе... А маладняк потым я пальцам не крануў, яны на мяне маліліся".

Максім Жбанкоў, трапіў у войска ў сярэдзіне 70-х. Нёс службу пад Рыгай і ў Савецку Калінінградскай вобласці ў будаўнічых войсках.

"Уночы старэйшыя, часам у стане алкагольнага ап'янення, маглі ўспароць на трывозе, загадаць шыць каўнерык. Маглі паставіць у шэраг і праз аднаго біць у пысу, у жывот або куды-небудзь яшчэ. Не скажу, што гэта было штодзень, але такія начныя трывогі былі звычайнымі, нікога не здзіўлялі.

Ёсць войска ўдзень і войска ўночы. Поначы войска само сабой, там жывуць паводле сваіх законаў, дзе працуе не мараль, а статус. Гэта падобна да крымінальнага асяродку, дзе кіруе моц, нахабства і агрэсія.

Узровень экстрыму звязаны з прынцыпамі існавання войска паводле набору. Людзей адрываюць ад звычайнага асяроддзя, яны трапляюць у анамальную сітуацыю, дзе яны зусім чужыя і залежныя. І пачынаецца вельмі моцная хваля дэпрэсіі. З гэтым ніхто нічога не робіць, бо мяркуецца, што гэта нармальна.

У мяне, калі стаў "дзедам", былі іншыя прыярытэты. Хлопцы з майго набору ў выправе ў Коўне куплялі гарэлку і напіваліся, маёй задачай было, каб ніхто з іх нікуды не сышоў і не трапіў у нейкі экстрым".

Аляксандр Сапега, навабранец пачатку 80-х. Служыў у аркестры ракетных войскаў у Пскоўскай вобласці і ў ансамблі песні і танца ў Смаленску.

"Адзін "дзядуля" дэмабілізаваўся. Ён быў з заходняй Украіны, там папулярныя вяселлі пад духавы аркестр. І ён наважыў папоўніць рэпертуар свайго вясковага гурту нотамі твораў, якія мы гралі. Прымусіў нас перапісваць усе партыі. А наш зямляк, хлопец з Бабруйска, добры барытаніст, заўважыў памылкі ў нотах і кажа: "Што за боўдзіла гэта пісаў?! Не буду правіць". "Дзядулю" тут жа даказалі, і пачалося. Наш набор быў невялікі, толькі чатыры чалавекі, але вельмі згуртаваны. Пачалі адбівацца. І добра бараніліся, пакуль я не атрымаў табурэтам па галаве, і я самлеў. А маглі забіць... У такіх бойках і забівалі. Хлопец з суседняй роты падчас такой жа бойкі ўпаў, выцяўся патыліцай аб металічны ложак і памёр.

Я, калі стаў "дзядулем", паводзіў сябе культурна і інтэлігентна. Часам падганяў маладых, бо кожнаму чалавеку, які трапляе ў экстраардынарную сітуацыю, з цывільнага жыцця ў вайсковае, трэба дапамагчы. Я быў настаўнікам, ну, ці добрым паліцыянтам... У аркестры наогул было не да "дзедаўшчыны". Мы рэпетавалі, ездзілі па частках з канцэртамі. У вольны час гралі джаз. Я падпрацоўваў яшчэ ў мясцовай рэстарацыі на заменах".

Ігар Варашкевіч, праходзіў службу ў Менску ў канцы 70-х.

"У нашай роце і нашай батарэі гэтага не было. А ў суседняй "дзедаўшчына" была, і сяржанта, які здзекаваўся з жаўнераў, пасадзілі. Я, калі быў "дзедам", нікога ніколі не чапаў. Я ж пацыфіст, мірны чалавек".

Яўген Калмыкоў, нёс службу ў сярэдзіне 80-х у Маскве ў дывізіі асобнага прызначэння, полк займаўся аховай ЦК КПСС

"У нас быў этнічны дабор, не было, напрыклад, каўказцаў. Але элементы “дзедаўшчыны” былі, і на гэтым была пабудаванае унутранае жыццё кожнай роты ў Савецкім Саюзе. Праз паўгода службы наш звяз паслалі на тылавую базу цягаць бочкі з салёнымі памідорамі. Я атрымаў заданне ад сяржанта. А потым падышоў “дзед” і сказаў, каб я рабіў штосьці наадварот. Я адказаў, што не буду выконваць ягоныя загады, бо ведаю, што трэба падпарадкоўвацца старшаму рангам. У выніку ў нас завязалася бойка, і нечакана бок “дзеда” ўзяў сяржант, які мне даваў наказ. Яны мяне ўдваіх пабілі, а я на ўсё жыццё запомніў гэты эпізод.

Войска — выдатная школа жыцця. І я мяркую, што маладзёну варта прайсці такую школу, гэта пэўная ініцыяцыя, калі юнак становіцца мужчынам... Так выйшла, што мой набор быў досыць пасіўным што да “дзедаўшчыны”. Былі індывіды, якія не хацелі, каб гуляць у гэтую гульню. Праз год службы кожны знайшоў нішу, дзе можна было індывідуальна сябе выяўляць. Я пайшоў рамантаваць ліфты ў сталовую частку, мой сябар знайшоў сабе цёплае месца ў клубе, быў там мастаком. Іншы пайшоў у свінарнік і выдатна пачуваўся сярод гэтых свінак. А калі мы сталі “дзядамі”, то не прыгняталі маладых. Мы перапынілі ланцужок, нас выклікалі малодшыя... і ўспалі. Маўляў, вы не падтрымліваеце парадак, у нас бязладдзе. Мы прапанавалі ім заняць наша месца".

Піт Паўлаў, служыў у элітных войсках ПДВ у Літве і Адэскай вобласці ў другой палове 80-х.

"Я быў у сяржанцкім навучальным цэнтры. Муштра, страшная і моцная, была быццам паводле закону. Бо маладых курсантаў сяржанты павінны вучыць, і статутны прынцып не парушаецца.

З гэтымі рэчамі фізічна немагчыма змагацца, бо ўся сістэма выбудаваная вакол іх. Мой звяз быў найлепшым ва ўсім СССР, я атрымаў за гэта медаль. У маім звязе была спрыяльная атмасфэра, хоць праблема “дзедаўшчыны” не была цалкам развязаная. Але я сам даваў прыклад.

Быўшы “мэгадэмбелем”, сам запраўляў ложак, сам чысціў боты, падшываў каўнерык. Усё, што чалавек мае зрабіць сам, я рабіў сам. Ніколі не абцяжарваў маладых, якім і так цяжка, якія і так у стрэсе. Сачыў за тым, каб мае старэйшыя службоўцы прыбіралі за сабой самі. Але гэта не была свядомая пастанова: а пазмагаюся я з “дзедаўшчынай”. Мне было непрыемна, што нейкія ідыёты здзекуюцца з нармальных хлопцаў праз тое, што яны маладзейшыя на паўгода.

Калі я мог на гэта ўплываць, уплываў аўтарытэтам, і даваў поўху, калі трэба было. Гэта не была паспяховая барацьба, але ў мяне было трохі лепш, чым усюды".

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках