1 траўня 2024, Серада, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусы з-за мяжы змогуць многае прынесці ў краіну»

17
«Беларусы з-за мяжы змогуць многае прынесці ў краіну»

Разумныя і адукаваныя патрыёты гатовыя вярнуцца дадому адкуль хочаце, калі радзіме спатрэбіцца іх дапамога.

Павел Ткачык - паводле першай адукацыі і ў душы інжынер-будаўнік, які прафесійна знайшоў сябе ў маркетынгу. Цяпер жыве ў Ліхтэнштэйне і ад беларускага грамадзянства адмаўляцца не збіраецца. Расповед беларускага патрыёта з Ліхтэнштэйну апублікаваў onliner.by:

«З таго часу, як я з'ехаў з Беларусі, лёс заносіць мяне ўжо ў трэцюю краіну на больш-менш сталае месца жыхарства. Смешна ўспомніць, колькі разоў я тлумачыў людзям, што за дзяржава Беларусь, што знаходзіцца яна не ў Афрыцы або Лацінскай Амерыцы, што мы незалежная краіна, - як жа часта я адчуваў сябе «паслом Беларусі ў свеце»! Я хачу расказаць, што такое жыць за межамі нашай краіны і чаму для таго, каб быць беларусам, неабавязкова жыць у Беларусі.

Як гэта - быць эмігрантам? Словы «пераезд», «эміграцыя» звязаны ў нашых галовах з драматызмам і цяжкімі выпрабаваннямі: мыць прыбіральні, гадамі не бачыць родных - але затое жыць на культурным Захадзе. Мой жа досвед іншы: Захаду не існуе, пакутаваць пры пераездзе ці не - асабісты выбар кожнага, а свет ужо даўно не той, якім быў у сярэдзіне XX стагоддзя.

Еўропа, дзе я жыў больш за ўсё і пра якую магу гаварыць упэўнена, - гэта незвычайна разнастайная частка свету. Розніца ў плане менталітэту паміж гішпанцам, брытанцам і немцам не меншая, чым паміж кожным з іх і беларусам. Чаму ж іх мы ўважаем за Захад, а сябе - не? Чаму ж яны думаюць, што абсалютна нармальным пераязджаць паміж краінамі колькі захочацца - і гэта выклікае толькі станоўчую рэакцыю ў іх сваякоў і знаёмых? Асабліва запомнілася нядаўняя размова з калегам-швэдкай. Я ўсё дапытваўся: навошта ёй з выдатнай адукацыяй у галіне машынабудавання, амбіцыямі і веданнем некалькіх замежных моў пераязджаць у Швайцарыю, а не рабіць кар'еру дома? Адказ мяне ўразіў: «У Швэцыі чаму-небудзь цікаваму можна навучыцца толькі працуючы ў Volvo, а працаваць у аўтамабілебудаванні мне ніколі не хацелася».

Шматлікія праблемы, якія асацыююцца з эміграцыяй, існуюць, хутчэй, толькі ў нашых галовах. Нашая адукацыя высока цэніцца, лоўкосты і мэсэнджары дазваляюць трымаць сувязь з сябрамі і сям'ёй, а калі б ты i не выязджаў, замежны акцэнт не замінае ні ў прафесійнай, ні ў асабістай камунікацыі з мясцовымі (прынамсі, калі ты сам не думаеш, што гэта праблема, і не замыкаешся ў стасунках толькі з прадстаўнікамі тваёй дыяспары).

Разумныя, адукаваныя людзі - асноўны рэсурс любога постіндустрыяльнага грамадства, і яны цэняцца ўсюды. Многія беларусы, якія з'ехалі за мяжу, надзвычай паспяховыя там, але мы пра іх не чуем. Віцэ-прэзідэнты інвестыцыйных банкаў, загадчыкі кафедрамі ў вядучых універсітэтах свету - чаму ў Беларусі пра іх не ведаюць?

Мне здаецца, адбываецца гэта таму, што большасць беларусаў успрымаюць, эмігранта, як адрэзаную лусту, а то і як здрадніка. Чамусьці ў нас думаецца, што калі з'ехаў, то назаўжды, што ў такім выпадку ты перастаеш быць беларусам. У гэтага феномена ёсць як чыста псіхалагічны аспект (людзі менш зацікаўленыя сітуацыяй у Беларусі), так і абсалютна практычны (Беларусь мала таго што аслабляе свой кантакт з бізнэсам і грамадскай сферай іншых краін, дык яшчэ і закрывае для сябе магчымасць перавабіць гатовага спецыяліста, які гатовы быў бы працаваць нават за меншыя грошы, чым ягоны рэальны кошт на міжнародным рынку працы).

Гэтым мы шакавальна адрозніваемся, скажам, ад кітайцаў або, чаго ўжо далёка хадзіць, ад палякаў з іх «Палоніяй» (слова, якім яны называюць дыяспару палякаў за мяжой). Чорт вазьмі, у тэксце іх гімна ёсць словы пра тое, як яны гатовыя вярнуцца дадому адкуль хочаш, калі радзіме спатрэбіцца іх дапамога! Нешта падказвае мне, што дыяспара адыгрывае вялікую ролю ў развіцці бізнэсу ў Польшчы і сур'ёзна дапамагла польскаму эканамічнаму цуду.

І тут ужо нам усім варта падумаць: хочам мы быць адкрытай і багатай эканомікай ці імкнуцца да ідэалаў Паўночнай Карэі? Упэўнены, што ў першым выпадку беларусы з-за мяжы змогуць многае прынесці ў краіну».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках