18 красавiка 2024, Чацвер, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Беларусам трэба быць гатовымі абараняць адзін аднаго

3
Яўген Афнагель: Беларусам трэба быць гатовымі абараняць адзін аднаго
Яўген Афнагель

Пасля вясновых пратэстаў лідары і актывісты «Еўрапейскай Беларусі» прыцягнулі да сябе асаблівую ўвагу ўладаў.

Аб гэтым каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель заявіў Charter97.org, каментуючы сённяшні выклік ў Следчы камітэт Менску.

- Учора вы атрымалі позву, якая прадпісвае з'явіцца 29 траўня да 11 гадзін у Следчы камітэт Менску. Чаго менавіта хацелі ад вас у СК?

- Следчая Стрэчань Алеся Барысаўна дапытала мяне ў якасці сведкі ў крымінальнай справе паводле артыкула «Хуліганства» (артыкул 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Справа была заведзеная пасля закідвання невядомымі будынка БТ фарбай у чэрвені мінулага года.

У кабінеце следчага давялося даць падпіску пра неразгалошванне, але ў агульных рысах пра размову з ёй расказаць магу, бо пытанні, як ні дзіўна, тычыліся не толькі гэтай справы. Акрамя размовы ў рамках гэтай крымінальнай справы, было пару пытанняў з нагоды таго, чым я займаўся раней, дзе працаваў падчас знаходжання за мяжой. Было таксама зададзена некалькі пытанняў аб удзеле ў розных акцыях апазіцыі. У першую чаргу следчага цікавілі акцыі пратэстнай вясны 2017 года.

- З чым звязваеце такую «ўвагу» да сябе з боку Следчага камітэта?

- Вясна 2017 года стала незвычайнай з'явай у нашай краіне і выявілася поўнай нечаканасцю для беларускага рэжыму. Трэба разумець, што цяпер улады спрабуюць збіць пратэстныя настроі. Фабрыкуюць крымінальныя справы, выклікаюць на допыты актывістаў і гэтак далей.

Цягам гэтай вясны Беларускі Нацыянальны Кангрэс і «Еўрапейская Беларусь» прыцягнулі асаблівую ўвагу ўладаў.

Многія з маіх сяброў за гэты час правялі за кратамі ад 15 да 30 дзён. Дзяржаўныя СМІ абвінавацілі лідараў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнку ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».

12 траўня ў Следчы камітэт Берасця і Берасцейскай вобласці ў якасці сведак паводле справы аб «абразе Лукашэнкі» выклікалі нашых таварышаў, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнду і ягоную жонку Паліну Шарэнду-Панасюк. Андрэй Шарэнда звязаў такія дзеянні СК з ціскам уладаў на актывістаў і кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

І сённяшні выклік у Следчы камітэт я расцэньваю як яшчэ адно звяно ўсё таго ж ланцуга. Гэта яўная спроба запалохаць актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» і БНК і прымусіць іх адмовіцца ад актыўнай дзейнасці.

Адной з мэтаў гэтай кампаніі ўладаў з'яўляецца праверка нашай рэакцыі. Пасля кожнага свайго кроку яны глядзяць на рэакцыю грамадства, дзеянні праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці. Улады глядзяць, ці будуць прызнаныя палітвязнямі людзі, якія такімі з'яўляюцца. Улады глядзяць, ці будуць уведзеныя супраць іх санкцыі, ці будзе ціск Захаду, нейкія гучныя заявы.

І такія «кропкавыя ўдары» служаць тэстам як для беларускага грамадства, так і для Захаду: ці будуць беларусы абараняцца, падтрымліваць адзін аднаго.

Калі будуць адэкватныя дзеянні, салідарнасць унутры Беларусі і міжнародная, рэакцыя праваабаронцаў - усе гэтыя спробы рэжыму праваляцца.

Таму нам трэба быць гатовымі абараняць адзін аднаго, дамагацца вызвалення палітвязняў, якія ўжо знаходзяцца ў турмах. Праваабаронцам і краінам Захаду трэба зразумець, з кім яны маюць справу, заняць прынцыповую пазіцыю і жорстка рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі. Найлепшы адказ на рэпрэсіі - салідарнасць.

Нагадаем, што Яўген Афнагель браў актыўны ўдзел у падзеях пратэстнай вясны 2017 года. Актывіст быў арыштаваны перад акцыяй 25 сакавіка ў Дзень Волі, і адбыў пад арыштам 15 дзён. За ўдзел у акцыі 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску палітыка ўвечары 3 траўня выкралі з ягонага двара і таемна асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках