19 траўня 2024, Нядзеля, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Менска ў Варшаву пачнуць курсаваць два цягнікі з перасадкай у Берасці

20
З Менска ў Варшаву пачнуць курсаваць два цягнікі з перасадкай у Берасці

На гэтым маршруце выкарыстаюць абсалютна новы для Беларусі падыход.

У снежні Беларуская чыгунка супольна з АТ «ПКП Інтэрсіці» адкрывае новы кірунак «Менск-Берасце-Варшава», які звяжа сталіцы дзвюх краін. Сам цягнік не будзе мяняць колавыя пары з шырокіх на вузейшыя, як гэта цяпер робяць цягнікі, якія рухаюцца з усходу на захад. На гэтым маршруце выкарыстаюць абсалютна новы для Беларусі падыход: у Берасці пасажыры перасядуць з аднаго цягніка ў іншы, піша «Вечерний Брест».

Маршрутам «Менск - Берасце - Варшава» штодня будуць курсаваць два цягнікі: адзін - беларускага фармавання (5-вагонны электраматорны хуткасны цягнік, названы ў народзе «страла»), другі - польскі (цягнік лакаматыўнай цягі з сядзячымі месцамі першага і другога класаў). Абодва яны з дзвюх канчатковых станцый практычна адначасова прыбудуць на чыгуначны вакзал Берасця.

Супольна з АТ «ПКП Інтэрсіці» распрацаваны расклад новых цягнікоў №128/127 «Берасце-Варшава-Берасце» і №728/727 «Берасце-Менск-Берасце». З беларускай сталіцы цягнік №727 «Менск-Берасце» адправіцца а 10.57 і прыбудзе ў горад над Бугам а 14.31. А далей пасажыры, якія рухаюцца ў бок Польшчы, павінны ў Берасці перасесці ў цягнік польскага фармавання №127 «Берасце-Варшава», які знаходзіцца на гэтай жа платформе. У бок Польшчы ён адправіцца а 15.51 і даімчыць да канчатковай станцыі «Варшава-Цэнтральная» а 17.29 (паводле польскага часу). З польскай сталіцы цягнік №128 «Варшава-Берасце» стартуе а 8.44 (паводле польскага часу) і прыбывае на станцыю «Берасце-Цэнтральнае» а 14.39 (беларускі час). І зноў пасажырам, якія накіроўваюцца ў сталіцу Беларусі, неабходна перасесці ў іншы цягнік - №728 «Берасце-Менск». Ён адпраўляецца а 15.15 і а 18.49 - у Менску.

Скарыстацца паслугамі цягніка «Менск-Варшава» змогуць пасажыры, якім неабходна дабрацца не толькі да канчатковых станцый або Берасця, але і да іншых населеных пунктаў. Цягнік спыняецца ў такіх гарадах, як Баранавічы, Івацэвічы, Бяроза, Тэрэспаль, Бяла Падляска, Седльцэ і інш.

Мытны і пашпартны кантроль пасажыраў будзе праходзіць у Парку Буг станцыі «Берасце-Цэнтральнае» як пры руху ў бок Варшавы, так і пры руху ў бок Менска. Кошт праезду ў цягніку «Менск-Варшава» складзе 18 еўраў. У Беларусі квіткі купляюцца ў беларускай валюце, таму не варта здзіўляцца нязначным змяненням коштаў. Яны будуць фармавацца паводле курсу Нацыянальнага банка, які дзейнічае на дзень афармлення квітка. Для дзяцей прадугледжаная скідка на праезд - 50% ад паўнавартаснага кошту.

- Пасажырам маршруту «Менск-Варшава» трэба мець на ўвазе, што пры набыцці квіткоў у Беларусі касір выдае два квіткі: адзін - на маршрут ад Менска да Берасця паводле дзейнага тарыфу Рэспублікі Беларусь, другога - ад Берасця да неабходнай станцыі на тэрыторыі Польшчы паводле дзейнага тарыфу. У той жа час пры набыцці квіткоў у Польшчы на гэты маршрут пасажырам выдадуць адзін квіток. Гэта абумоўлена рознай сістэмай рэалізацыі праязных дакументаў у розных краінах. Але кошт што ў адным, што ў іншым выпадку аднолькавы, - растлумачыў намеснік начальніка службы, начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Канстанцін Баяр.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках