7 траўня 2024, aўторак, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікаў рагачоўскага завода адпраўляюць у адпачынак за свой кошт

11
Работнікаў рагачоўскага завода адпраўляюць у адпачынак за свой кошт
ФОТА: «ГОМЕЛЬСКАЯ ПРАЎДА»

Прадаваць прадукцыю завода «Дыяпраектар» літаральна няма каму.

Ігар Зайцаў, чалец прафзвязу РЭП, працуе на рагачоўскім заводзе «Дыяпраектар». Ён распавёў praca-by.info, што нядаўна начальства абвясціла работнікам аб неабходнасці ўзяць ад 5 да 10 дзён водпуску без захавання заробку:

- Кіраўніцтва патлумачыла, што працы няма, загружанасць - дзесьці на 70%. Таму трэба адгуляць «за свой рахунак» каму пяць, каму дзесяць дзён у лістападзе і снежні. Раней «адпачывалі» па два-тры дні на месяц, а цяпер - вось так. Выбар такі: ці скарачаць штат на 150-200 чалавек, ці пераходзіць на няпоўны працоўны тыдзень, - патлумачыў Ігар Зайцаў.

Становішча спраў завода Ігар Зайцаў ацэньвае як не надта добрае:

- У добрыя часы на заводзе працавала блізу шасці тысяч. Але працы няма, людзі паступова сыходзяць; і цяпер засталося блізу тысячы. Меркаванне рабочых такое: начальства нічога не робіць. Свае грошы атрымлівае, а заказаў не шукае. Нам так і абвясціла: «Шукайце заказы самі».

Становішча спраў на заводзе «Дыяпраектар» пракаментаваў лідар прафзвязу РЭП у Гомельскай вобласці Віктар Казлоў:

- Агонія «Дыяпраектара» доўжыцца гадоў дзесяць, калі не болей. Гэтае прадпрыемства абароннага прызначэння; рабіла прыцэлы начнога бачання, танкавыя прыцэлы і іншую вайсковую оптыку, і не толькі для Савецкага саюза: пастаўкі былі ў розныя краіны. А тое, што цяпер людзей пераводзяць на няпоўны працоўны тыдзень, гэта заканамерна, бо ў Расеі і свае такія заводы ёсць, і не адзін. А для беларускага войска таго, што выпускае «Дыяпраектар» - стае вышэй за дах. Прадаваць прадукцыю літаральна няма каму. Тое, што пачалося ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, прадаўжаецца і цяпер, у другой палове дваццатых гадоў дваццаць першага стагоддзя: павольнае банкруцтва прадпрыемства. Месца «Дыяпраектара» - на сметніку гісторыі. І людзі, якія там працуюць, павінны гэта разумець.

Даведачна: ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» працуе з 1970 года, будаваўся Міністэрствам абароннай прамысловасці СССР. Каталог прадукцыі змяшчае наступныя катэгорыі тавараў: прыборы спецыяльнага прызначэння, прыцэлы і прыборы аптычныя, аўтасэрвіснае абсталяванне, камутацыйнае абсталяванне, антывандальныя свяцільні.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках